23 Верасень, нядзеля

Вы тут

«Закахаўся Верчын Саўка ў спакусніцу-русалку...»


Што было, было, як паэт пісаў: я чую вакол мільён галасоў.

Такім чынам — яны. Для пачатку — мужчынскія, у піўной. За першым столікам: «Мне сёння 30, а адчуваю сябе — як у 18». — «Па-ранейшаму бадзёры і поўны амбіцый?» — «Не, па-ранейшаму без жытла, без сям'і, без грошай...»

За другім сталом: «Ну дзе б мне знайсці такую, каб я сказаў: «У ваду!», яна — у ваду, я сказаў: «У агонь!», яна — у агонь, сказаў: «У пасцель!», яна ўжо там. «І навошта яна табе ў пасцелі — мокрая ды абгарэлая?..»

І з-за трэцяга століка два дзяды вылазяць: «Бач, ад куфля піва ап'янеў, як ад пляшкі гарэлкі», — па дарозе ў прыбіральню скардзіцца адзін. «Так, браце, так: няма таго, што раньш было, — падтрымлівае яго другі. — Я во таксама... Некалі гэту цацку схаваць не мог, а зараз — знайсці».

Зрэшты, хопіць. Бо навошта нам нейкія абстрактныя размовы, калі ў пошце столькі канкрэтных — паміж русалкай і жанчынай.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

«Што мы ведаем пра першых, — сама ў сябе пытаецца спадарыня Галіна Пятроўская з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна і сама ж адказвае: — Ведаем, што ў мінулым жыцці яны былі звычайнымі дзяўчатамі, маладзіцамі, якім не пашчасціла ў каханні, з-за чаго і патапіліся — пайшлі ў лепшы свет. Але ж, як высвятляецца, не канчаткова, бо час ад часу вяртаюцца. І аб чым тады размаўляюць — жанчына міфічная з жанчынай зямной? Ды вядома ж, пра сваё, жаночае!» На думку спадарыні Галіны, русалка зараз скардзіцца:

— Я ў мароз без паліто —

Слёзы капаюць:

Не кахае аніхто —

Толькі лапаюць.

Што праўда, тое праўда: яшчэ і добрай прыкметай лічыцца пагладзіць, патрымаць тую ж русалку...

Самі ведаеце, за што. Хоць формы там і не вельмі: чараўніца нават тлумачэнне прыдумала, у тым ліку — для жанчыны:

— Не глядзі на мяне,

Што я худаватая:

У рэчцы сала не даюць —

Я не вінаватая.

На беразе з гэтым прадуктам, як выглядае, прасцей? А таму, паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў, жанчына з роварам зараз прамаўляе:

Не злавіць табе, наяда,

Хлопца маладзенькага.

Я ж —

другога целаскладу —

Еду ад міленькага.

Чаму па снезе на ровары і чаму прыпынілася, ведаюць, па-першае, спадарыня Наталля Шкут з вёскі Прудок, што на Светлагоршчыне:

Глянь — сустрэліся дзве

 «лэдзі»...

Але ж, мусіць, «хворыя»:

Адна ў снег

на «лісапедзе»,

А другая — голая,

па-другое — спадар Іван Сіманёнак з Пастаў:

Ля скульптуры над вадой

Любка тармазнула,

Між наядай і сабой

Еднасць душ адчула.

Прыліла да сэрца кроў,

Успаміны — хваляй:

— Ну й круціла ж

я любоў!..

Як цяпер... педалі!

Трэба разумець, бурная была маладосць, мае жанчына што ўспомніць! (Каля адной такой унучак зранку круціўся, усё казаў: «Маліся і кайся! Маліся і кайся!» Бабуля, бедная, усе грахі свае ўспомніла, перад абразамі ўкленчыла, таблетак напілася. Толькі потым дазналася, што дзіця хацела мультфільм паглядзець — «Малы і Карлсан».)

Героі яго, як вы помніце, любілі адзін аднаго, хацелі бачыцца. Русалка (можна яшчэ раз глянуць на здымак), на думку спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска, — таксама:

— Ты каго ж чакаеш

На халодным пні:

Зранку выглядаеш

Удалечыні...

Калі ты «забіла» —

Не дала нырца,

Значыць, палюбіла

Хлопца-малайца.

Магло такое быць? Ну, вядома ж! Сумненні (у спадара Віктара Сабалеўскага з Узды) хіба наконт апошняга:

Затрымалася русалка

Ля зімовай снежнай

гладзі:

Не адзін мужчына палкі

Яе позіркамі гладзіў.

Угаворваў: заставайся,

Хутка скончыцца зіма.

Ды няма дзяўчыне шчасця:

Снег ляжыць, мужчын —

няма.

Адкуль (ад спадарыні Валянціны Гудачковай):

Сітуацыя на здымку

Просіцца ў прыпеўку —

Ні заводу кавалераў,

Дык сумуюць дзеўкі.

Ці ўсё ж... высвятляюць адносіны?

З-за чаго? Здагадак у пошце шмат. Спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў піша:

Акунаўся ў пельцы дзед:

Што маржуе — не сакрэт.

Але жонка неяк ціха

Асядлала «лісапед»

І за мужам —

след у след...

— Хай таго бадае ліха:

Побач — плавае...

«маржыха».

Пра яе ж і спадарыня Любоў Чыгрынава:

Закахаўся

Верчын Саўка

У спакусніцу-русалку.

І наяве, і ў сне

Толькі і думак — пра яе!

Ну а Верцы што рабіць?

Як сям'ю абараніць?

Прыдушыла бы

з размаху...

Шкода гэту расамаху!

Прычым шкода з самых розных прычын: сужэнцы Астроўскія з Мінска дыялог падслухалі:

— Ты, Русалка, раскажы,

Ад чаго нашы мужы

Ля цябе ўсё рыбу вудзяць?

Можа, вабяць

твае грудзі?

— Не, у іх палаюць вочы,

Калі бачаць стан дзявочы...

Пахудзееш,

станеш стройнай —

Вось тады й

жыві спакойна.

Лёгка сказаць, а вось пахудзець... Роза Львоўна спрабавала — з сябе нешта строіць, але будматэрыялы былі ўжо не тыя.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Іншая справа — русалка... Каля яе «затармазіла» не толькі жанчына з роварам, але і спадар Аляксандр Матошка з Расонаў:

Белы снег, зіма наўкола,

Пень і...

здань купальская!

Прыпыніла цётка колы:

«Гэта ж ці не ў казцы я?

Добры майстар

шчыраваў

У дэталях не халтурыў —

Плён? Вачэй не адарваць —

Ад русалчынай фігуры!

Пра вочы — усё праўда: спыніць іх, як лічыць спадар Аляксандр, ёсць на чым. Але...

Вусны, грудзі,

стан дзявочы —

Хочацца спаткання!

Зверху ўніз сігаюць вочы:

Хвост?!

Расчараванне!..

А яно, дарэчы, і без хваста можа быць. Расказвалі, жонка адна раней звычайнага з працы вярнулася. Бачыць — дома, у ванне, голая дзеўка. «Хто гэта?» — пытаецца ў мужа. «Ды русалка... Сёння на рыбалцы злавіў», — тлумачыць той. «А чаму без хваста?» — «Вось і я гляджу: без хваста... Значыць, нешта ж з ёю не так?..»

І сапраўды (мае рацыю спадар Віктар Сабалеўскі) — трэба разабрацца:

На падлёдную рыбалку

Да Пятра прынесла

Клаву,

І ўбачыла... русалку.

— Вось нягоднік!

Абняславіў!

Кляўся: рыба не бярэцца,

Паплавок без клёву чахне.

Адчувала маё сэрца,

Што тут іншай

«рыбай» пахне.

Што сказаць гэтай кабеце, чым суцешыць? Хіба радкамі спадарыні Любові Чыгрынавай:

Паглядзіце, як сядзіць

Цаца ганаровая...

А сукенка хоць

блішчыць,

Ды зусім хрэновая.

Карацей, дзвюм жанчынам (на думку спадара Валерыя Гаўрыша) абы сустрэцца: яны знойдуць, за што вокам зачапіцца, за што — языкамі, чаму пазайздросціць, за што пасварыцца, аб чым падумаць і, вядома ж, пагаварыць:

Як сустрэнуцца дзве

бабы —

Усім сваім дзяліцца рады:

— Мой басяк

(каб ён так жыў!)

Зноў зарплату ўсю прапіў!

— Мой не лепшы вадзянік:

Сам з зарплатай недзе знік.

І наогул, як скардзіцца першая, тая, што з роварам: «У дзяцінстве цікавей было: хацелася стаць русалкай, злётаць у космас, завесці сабаку... А зараз усяго і жаданняў, што выспацца, пад'есці і дацягнуць да зарплаты».

Жанчыны, як вядома, трацяць грошы з розумам. У выніку — ні грошай, ні розуму. Таму і варта было б трымацца мужоў, берагчы іх:

Выява русалкі —

усім напамін:

З вадой не жартуй,

а то... бульк і амін.

Папярэджваюць аб гэтым спадарыня Соф'я Кусянкова, што жыве на Дняпры, на Рагачоўшчыне, ды спадар Мікалай Старых з Гомеля, з берагоў Сожа. Адтуль, дарэчы, цэлы аповед:

Русалка хлапца

аднаго пакахала,

Яму на кручок

акунёчкаў чапляла...

Прыйшоў на прадвесні

ён рыбы здабыць,

Не думаў за гэта...

жыццём заплаціць.

Русалка ад гора

тады звар'яцела:

Навекі ля берага

каменем села.

І тым павучае жанок,

 мацярок:

— Сваіх не пускайце

на тонкі лядок!

Трагічная гісторыя, але ж павучальная, бо гінуць людзі з-за гэтай рыбы! Здавалася б, дарослыя, разумныя, цвярозыя, а ўсё туды ж...

Зрэшты, не будзем аб сумным, будзем аб вясёлым. І нават з... калькулятарам у руках: «Летась выйшла восем выпускаў «Хто каго?» — падлічыў шаноўны спадар Старых. — У рубрыцы друкаваліся радкі 30 удзельнікаў (сужэнцаў Астроўскіх я лічыў за адну каманду), амаль палова з іх — дэбютанты. Найчасцей і найбліжэй да перамогі (на думку вялікага чытацкага журы) былі спадарыні Любоў Чыгрынава і Валянціна Гудачкова (па шэсць разоў), спадар Валерый Гаўрыш і сужэнцы Астроўскія — па пяць... Што да саміх пераможцаў, то сярод іх спадарыні Алена Бажок, Валянціна Гудачкова, Алена Войцік, Соф'я Кусянкова, Вера Жук, спадары Анатоль Гарачоў, Мікалай Старых і Віктар Сабалеўскі...»

Вас яшчэ не стаміла гэта бухгалтэрыя? Тады яшчэ трохі лічбаў — пра колькасць перамог за... усе гады існавання конкурсу на самы лепшы подпіс да здымка. «Лідар ранейшы, — як вызначыў спадар Старых, — Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны з дзесяццю перамогамі, на пяткі яму наступае спадарыня Любоў Чыгрынава (з дзевяццю). Крыху адстаюць сужэнцы Астроўскія і Валерый Гаўрыш (па сем). Шэсць — у спадарыні Раісы Васільевай...

Карацей, перафразуючы крылатае «как же надо любить человека, чтобы взять и приехать к нему!», скажам: «Як жа трэба любіць гэты конкурс, каб не проста з пачатку стагоддзя (!) з любоўю сачыць за ім ды пастаянна ўдзельнічаць, але і... весці бухгалтэрыю! Здымаем капялюш, як той казаў, чарговы раз падводзім вынікі.

Такім чынам, найлепшыя радкі пра, скажам так, пераносчыкаў карцін (гл. «Звязда», 7 лютага), на думку вялікага чытацкага журы, склалі спадарыні Іна Алісевіч з Уздзеншчыны, Любоў Чыгрынава з Мінска, спадары Віктар Сабалеўскі з Узды, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мікалай Старых з Гомеля, Мікола Кісель з Мінска ды Іван Сіманёнак з Пастаў. Вось з гэтым, апошнім меркаваннем, папярэдне павагаўшыся ды паспрачаўшыся, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае.

Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцу газету (на другі квартал 2018 года) накіроўваецца ў Паставы.

Вы хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Тады варыянтаў два: афармляйце падпіску альбо ўважліва глядзіце на ніжні здымак, прыдумвайце подпіс (можна — некалькі, але не больш за восем радкоў) і дасылайце ў рэдакцыю. Шанц на перамогу мае кожны. Спрабуйце!

Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж заўсёдныя шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору. Хоць, як высвятляецца, прымаюць іх не ўсе: спадарыня Я., напрыклад, усё роўна пакрыўдзілася, паведаміла, што болей пісаць не будзе. Чым, вядома ж, засмуціла... І ці толькі нас?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.