Вы тут

Непарадныя партрэты гарадоў


Падарожжа — адзін з самых захапляльных відаў адпачынку. Прыемна адкрываць новыя гарады, мястэчкі, цікава вывучаць розныя культуры і пазнаваць іх традыцыі. Мастакі з Брэста Таццяна і Валерый Патворавы, без перабольшання, жывуць падарожжамі. Кожны год яны плануюць шмат маршрутаў па розных напрамках, а пасля ўражанні пераносяць на палатно. Нядаўна ў галерэі «Арт Хаос» творцы прэзентавалі мастацкі праект «Ад Піцера да Марсэля», па якім можна скласці своеасаблівую мапу прыгожых месцаў.


Таццяна Патворава «Лютаўскі снег», 2018 г.

З дапамогай свайго праекта мастакі запрашаюць гледачоў адкрыць разнастайнасць свету, адчуць яго цеплыню, прыгажосць. Абодва творцы канцэнтруюць увагу на ўнікальнасці наведаных мясцін. Яны пазбягаюць стэрэатыпаў і падкрэсліваюць, што ў кожнай краіне можна знайсці шмат незвычайных і цікавых куткоў, адметнасць якіх раскрыецца толькі падчас асабістага знаёмства.

— Мы пастараліся паказаць асноўныя тэмы і пытанні, з якімі сутыкаемся падчас кожнага выезду, — расказвае Таццяна Патворава. — Аб’ядналі работы ў шэсць серый. Не задумваемся, ці будзем паўтарацца. Шмат ездзім, шукаем цікавыя ракурсы, стараемся прадстаўляць не парадны партрэт горада, а яго асаблівасці, нашы адчуванні. Мне цікава факусавацца на маленькіх вулачках, а не на цэнтральных праспектах. Галоўнае — перадаць атмасферу. Калі гэта Піцер, то паказаць снег, які яму так пасуе. Не бывае такога, каб творчая паездка прайшла безэмацыянальна. У нас шмат энергіі, якой хочацца падзяліцца.

Мастацкія серыі прысвечаны гарадам розных краін. Але ж і пра радзіму творцы не забываюць. Сярод пейзажаў — краявіды Брэста, Гродна, маленькіх вёсачак. Напрыклад, серыя Таццяны Патворавай «Лета ў Ліпава» прысвечана цёплым летнім дням. Мастачка такім чынам кліча цяпло. Год таму творца набыла лецішча ў вёсцы пад Кобрынам, цяпер там збіраюцца розныя мастакі для натхнення.

Увогуле, пейзажы беларускіх мясцін побач з краявідамі Сэн-Трапэ ніколькі не губляюцца, выглядаюць годна. Ёсць адчуванне пэўнай моцы і ў грацыёзнасці прыроды, і ў яе колеравых спалучэннях.

— Мы імкнуліся найбольш шырока прадставіць сваю творчасць, хацелася паказаць родную беларускую прыроду і ў той жа час перадаць адметнасць еўрапейскіх гарадоў, прадэманстраваць глыбіню Расіі, — дзеліцца Валерый Патвораў. — Мы з Таццянай з тых мастакоў, якія не любяць сядзець на адным месцы. Шмат падарожнічаем і ўсюды знаходзім унікальныя рысы розных краін, гарадоў, месцаў. Не хочацца спыняцца на адной тэме, адной мясцовасці. Цікава было ахапіць шмат гарадскіх аспектаў у адной прасторы. Напрыклад, для мяне горад Гродна такі ж яркі і сонечны, як Сэн-Трапэ. Паверце, іх нескладана было аб’яднаць па духу ў адну экспазіцыю. Брэст — такі ж чароўны і светлы, як Марсэль. Нашы беларускія гарады — гэта каштоўнасці, праз якія можна прадэманстраваць сваю культуру, расказаць пра яе іншым народам. Мы павінны пазіцыянаваць сваю краіну і сябе праз сяброўства і падкрэсліваць сваю самабытнасць.

Выстаўка творцаў нагадвае вялікі альбом падарожнікаў, дзе кожная работа заснаваная на асабістай гісторыі і любові да справы.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».