21 Верасень, пятніца

Вы тут

Бывай, Андрэй...


Памятаеце старажытную кітайскую мудрасць «Не дай вам бог жыць у часы перамен»? Але што зробіш, іх ні спыніць, ні адмяніць. («У наш час таксама былі сацыяльныя сеткі. Пішаш на сцяне ў пад'ездзе імя, а праз дзень — вось табе і статусы, і каментарыі...») Перамены былі і будуць заўсёды. Павольныя або імклівыя, прыемныя ці не вельмі. («Жыццё пачынаецца, калі на картку прыходзяць яны — грошы».) Цяпер — у век маланкавага развіцця тэхналогій і дзякуючы найперш інтэрнэту — мы даведваемся пра іх штодня і не адзін раз. З гэтай прычыны асабліва яскрава становіцца бачна, які наш соцыум шматпалярны. Назіраючы за ім, так і хочацца сказаць, перайначыўшы вядомую фразу з фільма «Брыльянтавая рука», што Зямля — свет кантрастаў.


...Нядаўнія моцныя маразы. Па заснежаным двары, высока ўзняўшы галаву, шпацыруе дзяўчына — без шапкі, у расшпіленым футэрку, у ботах-панчохах... Літаральна следам у кароткай куртачцы, легінсах і абутку з абцасамі-«капыткамі» дэфілюе яшчэ адна паненка. Трэцяя дэманструе кароткую спадніцу з танюткімі калготкамі... («Пакаленне, якое ходзіць зімой без шапак, вырасла. І нарадзіла пакаленне, якое зімой ходзіць у шапках... Але без шкарпэтак. І з падкасанымі джынсамі».) Здагадайцеся з першай спробы — якая краіна? Як той казаў, славянская жанчына нават на пляж можа прыйсці ў вячэрняй сукенцы і на шпільках. Добраахвотна.

А вось на Філіпінах зусім нядаўна кампаніям забаранілі прымушаць жанчын хадзіць на работу ў абутку з высокім абцасам, бо, на думку прафсаюзаў, гэта — сапраўдны сексізм, які не ўлічвае пакуты прадстаўніц прыгожага полу. Не больш за 2,5 сантыметра — такая зараз норма абцасаў і для філіпінак, і для іх работадаўцаў. Праўда, калі жанчына захоча хадзіць на шпільках сама — калі ласка. («— Не! — пагадзілася яна».)

Раней Вышэйшы суд Францыі адмяніў забарону на нашэнне мусульманскіх купальнікаў. Барацьбу з буркіні вялі тады больш за дзесяць муніцыпалітэтаў. Жанчынам у іх забаранялася з'яўляцца на пляжах, паколькі яны ўказвалі на канфесійную прыналежнасць і маглі стаць прычынай беспарадкаў. Апроч іншага, мясцовыя ўлады даводзілі, што буркіні не адпавядаюць... правілам прыстойнасці і не адпавядаюць нормам гігіены. («Ты, як бяляш з вакзала: гарачая, сакавітая і небяспечная».)

З гэтага года жанчынам у Саудаўскай Аравіі дазволена наведваць спартыўныя мерапрыемствы на трох арэнах краіны. Дарэчы, з чэрвеня кароль дазволіў дамам кіраваць аўтамабілем. Кампанія за правы доўжылася шмат гадоў, прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія адважваліся сесці за руль, часта арыштоўвалі. («Калі жонка сказала, што не брала, значыць, не аддасць».)

А вось мусульманкам у Індыі ў адным са штатаў забаранілі глядзець на голыя калені футбалістаў. Як заявіў адзін з уплывовых муфтыяў, гэта супярэчыць пастулатам ісламу. Актывісткі барацьбы за правы жанчын асудзілі дэкрэт, але... Больш за тое, у штаце выдалі рэлігійны ўказ, які забараняе мусульманкам, у прыватнасці, наведваць салоны прыгажосці. («— Любы, ты не бачыў мае купоны ў салярый? — Я іх украў і раздаў бледным».)

Напаўаголеныя ўдзельніцы каманды па амерыканскім футболе з Уладзівастока літаральна раз'юшылі сацыяльныя сеткі сваімі формамі. Чаго толькі яны не наслухаліся пра сваю вагу! Хоць нехта слушна даводзіў, што ў гэты від спорту з 50 кілаграмамі не бяруць. («Лёс мне, канешне, усміхаецца, але неяк здзекліва...») А вось 21-гадовая галандка падарожнічае па Аўстраліі і выкладвае свае фоты ў чым маці нарадзіла. Дзяўчыну вельмі расстроіў факт наяўнасці ў большасці дыскамфорту пры выглядзе аголенага цела незнаёмага чалавека, і такім чынам яна спрабуе даказаць, што яно можа быць не сексуальным. У яе 135 тысяч падпісчыкаў, большасць дзяўчыну хваліць. («— Сэрцу не загадаеш! — Вой, можна падумаць ты сваёй «пятай кропцы» камандзір!»)

У Парыжы закрываецца апошні эратычны кінатэатр, які многія наведвалі па 30—60 гадоў. Інтэрнэт, ведаеце... А ў фінаў новы эталон прыгажосці — летась «Міс Хельсінкі» стала 19-гадовая афрыканка (на здымку). На другім месцы — ураджэнка Філіпін. І толькі на трэцім — дзяўчына з тыповай скандынаўскай знешнасцю. («Вопытнаму жаніху ніякая нявеста не страшная».)

...А, дык пры чым тут Андрэй? Папулярным сярод славянскіх народаў імем забаранілі называць дзяцей у Ісландыі. Тлумачыцца ўсё клопатам пра чысціню мовы: канчатак імя не адпавядае яе правілам. Выключэнні магчымыя толькі тады, калі і бацька, і маці народжанага ў краіне дзіцяці не з'яўляюцца грамадзянамі Ісландыі. У той жа час у Лондане імя Мухамед ужо некалькі гадоў самае распаўсюджанае. Як і ў Бруселі. У Вене ў пачатку года яно перасунулася наперад на трэці радок у рэйтынгу папулярнасці.

...Спытаеце, што я пра ўсё гэта думаю? Тое, што сказаў у самым пачатку. «Псіхалагічная сталасць — гэта разуменне таго, як шмат рэчаў у свеце не маюць патрэбы ні ў тваіх каментарыях, ні ў тваім меркаванні...» А часам шкада...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!