Вы тут

Што выбірае моладзь: кантрафакт або арыгінал?


Беларускія хлопцы і дзяўчаты ўсё часцей аддаюць перавагу айчынным брэндам. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання «Маладзёжны брэнд — 2017», якое праводзіцца Асацыяцыяй абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» сумесна з Маладзёжнай лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў Цэнтральнага камітэта БРСМ.

Удзел у ім прыняло каля 70 інтэрв'юераў. Усяго было апытана больш як 1220 маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 32 гадоў з 30 гарадоў і іншых населеных пунктаў Беларусі.


Дрэнна, але танна...

Адной з мэт даследавання — высветліць стаўленне моладзі да нелегальнага гандлю і распаўсюджвання кантрафактнай прадукцыі. Маладзёжнае прадпрымальніцтва — вельмі важная частка бізнесу, аднак узровень ведаў і каштоўнасныя ўстаноўкі маладых людзей у сферы абароны інтэлектуальнай уласнасці ў Беларусі малавывучаныя. Яшчэ адна прычына — уцягнутасць моладзі ў працэсы, абумоўленыя геаграфічным становішчам Беларусі і шматвектарнасцю эканамічных і гандлёвых адносін. Гэта павышае рызыку пападання ў краіну кантрабанднай кантрафактнай прадукцыі, а таксама яе транзіту ў еўрапейскія краіны.

У ходзе даследавання ўдалося ўстанавіць, што моладзь мае ўяўленне пра кантрафактную прадукцыю і можа разважаць на гэтую тэму. Каля 60 % рэспандэнтаў заявілі, што яны не цікавяцца кантрафактнай прадукцыяй і месцамі яе набыцця мэтанакіравана. Пошукам падобнай інфармацыі займаецца толькі каля 10 % рэспандэнтаў з ліку ўсіх апытаных. Большасць тых, хто гэта робіць, выкарыстоўваюць для пошукаў інтэрнэт (98 %). Таксама папулярнымі з'яўляюцца такія крыніцы, як «тэлебачанне» (25 %) і «блізкія сацыяльныя сувязі (сваякі, сябры)» (27 %).

З прапанаваных для ацэнкі груп тавараў рэспандэнты найбольш актыўна падтрымліваюць арыгінальных вытворцаў прадуктаў, лекаў і біялагічна актыўных дабавак: моладзь гатовая пераплачваць значныя сумы (ад 10 да 20 %) за арыгінальныя тавары гэтых катэгорый. А найбольш лаяльна моладзь ставіцца да набыцця кантрафактных адзення і абутку.

Большасць удзельнікаў апытання (55 % у сукупнасці) у той ці іншай меры схільныя адмовіцца ад усвядомленай куплі кантрафактнай прадукцыі, у той час як 33 % гатовы свядома яе набываць. Асноўным матывам усвядомленага набыцця кантрафакту з'яўляецца грашовы фактар — больш нізкі кошт такой прадукцыі ў параўнанні з арыгіналам згадалі 91 % апытаных. 54 % спаслаліся на «прымальны ўзровень якасці» і 34 % — на даступнасць кантрафактнай прадукцыі для набыцця там, дзе яны пражываюць.

Сярод матываў усвядомленай адмовы ад набыцця кантрафактнай прадукцыі найбольш важным для рэспандэнтаў выступае яе нізкая якасць у параўнанні з арыгінальнай (72 %). Таксама на адмову ад набыцця кантрафакту ўплывае негатыўны вопыт яго набыцця ў мінулым (39 %). І толькі кожны пяты рэспандэнт (22 % з агульнай колькасці) заявіў пра прынцыповую ўстаноўку супраць набыцця і эксплуатацыі падробак.

Увогуле нелегальны гандаль выклікае ў рэспандэнтаў хутчэй негатыўную, чым пазітыўную ацэнку. Аднак пірацкая прадукцыя ацэньваецца ўдзельнікамі апытання больш пазітыўна, што можа расцэньвацца як нейтральнае стаўленне.

Нягледзячы на досыць крытычную ацэнку нелегальнага гандлю, большая частка рэспандэнтаў не гатовая сёння плаціць за ліцэнзійны кантэнт (68 %). Таксама моладзь не схільная расцэньваць нелегальны гандаль як від дзейнасці, які ў абавязковым парадку неабходна кантраляваць. Значная частка рэспандэнтаў (каля 75 %) карыстаецца бясплатнымі торэнтамі, прычым 33 % робяць гэта пастаянна. Ніякіх негатыўных эмоцый, звязаных з парушэннем аўтарскім правоў, у маладых людзей пры гэтым не ўзнікае. І яшчэ адна цікавая акалічнасць, выяўленая падчас даследавання: удзельнікі апытання прызналіся, што ў выпадку, калі яны даведаюцца аб продажы кантрафактнай прадукцыі, у спецыялізаваныя органы пра гэты факт хутчэй за ўсё не паведамяць (48 %), а 18 % удзельнікаў апытання адказалі адназначна — «не паведамяць».

Самае смачненькае

Падчас сацыялагічнага даследавання маладым людзям было прапанавана таксама вызначыць самыя папулярныя брэнды ў групе харчовых і прамысловых тавараў. Так, у катэгорыі «Мяса і мясная прадукцыя» было прапанавана 25 вытворцаў. Выбар моладзі — мяса і мясная прадукцыя «Пятруха». У катэгорыі «Рыба і морапрадукты» перамагла прадукцыя «Санта Брэмар». У катэгорыі «Малочная прадукцыя» — «Савушкин продукт».

Замарожаныя прадукты і паўфабрыкаты, як высветлілася, з'яўляюцца адной з самых незапатрабаваных сярод моладзі асноўных груп харчовых тавараў. Кожны чацвёрты з апытаных адзначыў, што не набывае замарожаныя прадукты і паўфабрыкаты, прычым яны ў большасці рэспандэнтаў асацыююцца выключна з пельменямі. Большая частка апытаных прагаласавала за пельмені «Бабушка Аня», а на другім месцы па папулярнасці аказалася прадукцыя Ваўкавыскага мясакамбіната.

У катэгорыі «Марожанае» было прадстаўлена 32 віды прадукцыі сем вытворцаў. Даследчыкі канстатуюць, што спажыванне марожанага знаходзіцца на вельмі высокім узроўні (яго набываюць практычна 95 % рэспандэнтаў). Самым папулярным марожаным сярод першых, названых рэспандэнтамі, з'яўляецца Sоlеttо ад вытворцы «Санта Брэмар» (27 %). На другім месцы ідзе марожанае «28 капеек» (15 %). Таксама ў тройку лідараў уваходзіць марожанае «Топ» ад «Санта Брэмар».

Сярод усіх асноўных катэгорый харчовых тавараў група шакаладу, цукерак і іншых прысмакаў была прадстаўлена ў згаданым даследаванні найбольш шырока — яна ахоплівае 45 найменняў вытворцаў. З апытаных рэспандэнтаў каля 94 % набываюць тавары гэтай катэгорыі.

Самым папулярным шакаладам з'яўляецца Аlреn Gоld (49 %). Прадукт гэтай маркі таксама з'яўляецца абсалютным лідарам па куплі за апошнія паўгода сярод усіх рэспандэнтаў.

На другім і трэцім месцы па частаце згадвання і набыцця стаяць шакалад і цукеркі ад беларускіх вытворцаў «Спартак» і «Камунарка». Амаль кожны трэці рэспандэнт у першую чаргу сярод усіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў называў прадукцыю «Слодыча» (31 %). На другім месцы таксама беларускі вытворца кандытарскіх вырабаў «Спартак» (19 %).

На гаджэтах не эканомяць

У катэгорыі «Адзенне» лідарам у моладзі з'яўляюцца тавары маркі «ТВОЁ». На другім месцы ідуць MаrkFоrmеllе і «Світанак». Таксама ў спісе тавараў, якія выбіраюць хлопцы і дзяўчаты, прысутнічаюць і іншыя айчынныя брэнды: «Контэ Спа», «Мілавіца», «Элема», «Эліз», «Калінка», «Камінтэрн», «Палессе», «Алеся»...

У катэгорыі «Абутак» на першай пазіцыі аказалася прадукцыя Mаrkо. Другое і трэцяе месца адпаведна займае абутак Ахіs і «Белвест». У катэгорыі «Спартыўны абутак» выбар моладзі — брэнд Аdіdаs. За ім ідуць Nіkе і «Белкельме».

У катэгорыі «Галантарэя» большасць рэспандэнтаў прагаласавалі за беларускую «Галантэю». На другім і трэцім месцах — фірмы Ахіs і Mаttіоlі.

Сярод вытворцаў касметыкі асноўнай па папулярнасці з'яўляецца Nіvеа. Другое і трэцяе месца адпаведна займаюць касметычныя сродкі Gіlеttе і «Беліта-Вітэкс».

У катэгорыі «Мабільныя тэлефоны і гаджэты» па-за канкурэнцыяй аказалася прадукцыя Sаmsung. На другім і трэцім месцах размясціліся Аррlе і Nоkіа.

Увогуле, як адзначае намеснік старшыні Асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» Валянціна ДЫНІЧ, моладзь не імкнецца купляць танныя рэчы. Натуральна, што на іх пакупніцкія паводзіны ўплывае мода на пэўныя тавары, рэклама, звычкі, а вось зніжкі не заўсёды ўплываюць. Ёсць прадпрыемствы, прадукцыю якіх яна ўстойліва выбірае. У іх рэгулярна з'яўляюцца навінкі, якімі яны прыцягваюць і ўтрымліваць увагу маладых людзей. Што датычыцца гаджэтаў, то тут гаворка дакладна не ідзе аб таннай прадукцыі — пакаленне NЕXT выбірае максімальна прасунутыя, стыльныя рэчы...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?