Вы тут

​Удзельнікам «Талента краіны» быў вучань Смалявіцкай школы мастацтваў


Удзельнікам другога сезона рэспубліканскага тэлеконкурсу «Талент краіны» быў дзесяцігадовы вучань шостага класа Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў па класе саксафона Мікіта Сокал.


«Талент краіны» — праект тэлеканала АНТ, які ўжо другі год запар дапамагае раскрыць творчы патэнцыял  хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат з усёй нашай краіны, звярнуць увагу на развіццё таленавітай моладзі. Да ўдзелу ў ім запрашаліся толькі тыя спевакі, музыканты, танцоры і прадстаўнікі арыгінальнага жанру, у якіх за плячыма ўжо ёсць вопыт паспяховых публічных выступленняў. Сярод іх — лаўрэаты нацыянальных і міжнародных конкурсаў. Менавіта да такіх і адносіцца Мікіта Сокал. У юнага музыканта — дыплом І ступені адкрытага фестывалю-конкурсу духавых і ўдарных інструментаў «Таленты юных сэрцаў» (Смалявічы-2016), дыплом ІІ ступені І Рэспубліканскага адкрытага фестывалю-конкурсу «Свята саксафона» (Маладзечна-2017), дыплом ІІІ ступені ІХ абласнога адкрытага конкурсу «Крынічка» (Баранавічы-2016).

Дарэчы, здольнасць да творчасці хлопчыку перадалася ў спадчыну ад сям'і матулі, Вольгі Георгіеўны. Дзядуля Мікіты, Георгій Леанідавіч, і дзядзька, Аляксей Георгіевіч, — таксама музыканты-духавікі. Дзядуля хоць і мае прафесію, далёкую ад творчасці, але ж з задавальненнем шмат гадоў іграе ў складзе самадзейнага народнага духавога аркестра Смалявіцкага Дома культуры. А дзядзька з'яўляецца прафесійным музыкантам — працуе ў аркестры Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС. Матуля ж Мікіты — прафесійны мастак. Шматлікім жыхарам горада не трэба прадстаўляць Вольгу Георгіеўну — некаторыя самі ў яе вучыліся маляваць, іншыя водзяць дзетак з такой жа мэтай.

...З амаль тысячы прэтэндэнтаў на ўдзел у тэлеспаборніцтве было адабрана толькі каля паўсотні юных беларусаў, якія змагаліся за ганаровае званне «Талент краіны» ў дзвюх узроставых катэгорыях: ад пяці да дзесяці і ад адзінаццаці да пятнаццаці гадоў. Юны жыхар Смалявіч вытрымаў гэты строгі адбор, паўдзельнічаў у чвэрцьфінале, але ж у паўфінал... не прайшоў.

— Мікіта, зразумела, як і ўсе іншыя ўдзельнікі, марыў перамагчы... Таму, канешне, спачатку знерваваўся, — кажа маці Мікіты Вольга Георгіеўна. — Але ж потым паразважаў і супакоіўся. Ён быў задаволены тым, што прымаў удзел у гэтым праекце разам з вельмі таленавітымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, быў з імі на роўных, пасябраваў са многімі! Пасля ён хварэў за сваіх новых сяброў і радаваўся іх перамогам. Ды і мы ўсе — бацькі, бабулі, дзядулі — не ўспрымаем гэты факт як паражэнне. Адно тое, што Мікіта вытрымаў такі адбор і меў магчымасць выступаць перад усёй краінай на галоўнай сцэне Беларусі, сцэне Палаца Рэспублікі, — выдатна. Мы ганарымся ім. А перамогі? У яго яшчэ ўсё наперадзе!

Паліна ПРАКАПЕНЯ

Загаловак у газеце: Ляці да вяршынь, юны Сокал!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.