Вы тут

У Вілейскім раёне па вёсках ездзіць перасоўны аўтаклуб


Жыхары глыбінкі маюць патрэбу ў цікавым разнастайным адпачынку. Закрыццё ўстановы культуры не азначае, што яны застануцца па-за ўвагай работнікаў культуры. Стацыянарныя аб'екты замяняюць перасоўныя. У Вілейскім раёне, напрыклад, працуе аўтаклуб, яго ўдзельнікі частыя госці ў невялікіх, аддаленых ад цывілізацыі вёсачках.


У зону абслугоўвання сельскага насельніцтва Вілейскага раёна ўваходзіць 409 населеных пунктаў. У трыццаці трох з іх жывуць 50—100, у адзінаццаці — 100—200, у дзевятнаццаці — да 350 чалавек. І толькі ў сямнаццаці вёсках ёсць стацыянарныя ўстановы культуры. Таму аўтаклубу хапае работы. Летась гэтая структура правяла амаль сотню мерапрыемстваў, 45 з іх — для вяскоўцаў. Самадзейныя артысты выязджалі з канцэртамі ў розныя ўстановы культуры і арганізацыі раёна, у тым ліку і ў вёскі. Шэраг мерапрыемстваў быў арганізаваны сумесна з сацыяльнай службай.

— Аўтаклуб працуе з 2007 года. У нас ёсць машына «Газель», аснашчаная электрагенератарам. У цёплы перыяд года песні гучаць на вуліцах, ствараюцца мабільныя канцэртныя пляцоўкі ў полі або ў самой вёсцы. Там, дзе няма электрычнасці, апаратура падключаецца да бензаэлектрастанцыі, — расказвае інжынер аўтаклуба Людміла Ляшкевіч. — Каб людзі ў глыбінцы ведалі, што да іх едуць самадзейныя артысты, звязваемся з мясцовым кіраўніцтвам, работнікамі культуры або сацыяльнага абслугоўвання, якія паведамляюць аб гэтым жыхарам. Зімой выступленні арганізуюцца ў памяшканнях сельскіх клубаў, ва ўстановах сацыяльных паслуг або ў дамах мясцовых жыхароў.

Гаспадары заўсёды рады гасцям. І ніколі не адпусцяць без пачастункаў. У хату, дзе праходзіць канцэрт, нясуць усё, чым багатыя: варэнне, каўбасу, сала, пірагі ды іншую смакату. А пасля гаспадары садзяцца разам з артыстамі за стол і за кубкам кавы ці гарбаты вядуць размовы, дзеляцца мясцовымі навінамі, успамінамі пра сваё жыццё. Гэтыя сустрэчы для састарэлых — сапраўднае свята, акно ў знешні свет, новыя ўражанні.

Аўтаклуб цесна супрацоўнічае з вакальнай групай «Бабіна лета» Вілейскага палаца культуры. У калектыве дванаццаць чалавек, усе пенсіянеры. Але ў іх столькі энергіі, што дадуць фору дзецям і ўнукам. Пажылыя людзі часта просяць выканаць песню, якая гучала ў гады іх маладосці і самі падпяваюць артыстам. Актыўна ўдзельнічаюць і ў віктарыне, накшталт «Угадай мелодыю». Многія нават крыўдзяцца, што па ўмовах конкурсу трэба спець толькі адзін куплет.

Загадчык аўтаклуба Сяргей Рудніцкі — чалавек творчы, з вышэйшай музычнай адукацыяй. Сяргей Сяргеевіч пастаянна абнаўляе, пашырае песенны рэпертуар, імкнецца, каб ён быў цікавы для людзей розных узростаў і пакаленняў. Да канцэрта работнікі клуба карпатліва рыхтуюцца: падбіраюць песні, пішуць сцэнарый. А пасля выступлення кожнаму наведвальніку ўручаюць невялікі падарунак.

— Аўтаклуб узаемадзейнічае з кіраўніцтвам сельвыканкамаў, раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, установамі культуры раёна. З Вілейскай раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа правялі дзве канцэртныя праграмы ў рамках акцыі «Дзеці супраць раку». Пералік мерапрыемстваў вельмі шырокі і разнастайны. Гэта і выступленні ў полі для механізатараў, удзел у раённых і гарадскіх святах, выязныя канцэрты. Ветэранаў вайны наведваем дома. Нядаўна з выездам на месца павіншавалі народных майстроў вёскі Талуць, — дзеліцца навіной Людміла Леанідаўна. — Часта бываем у невялікіх аддаленых вёсках разам з сацыяльнымі службамі. Напрыклад, традыцыйнымі сталі канцэрты ў Куранецкім доме-інтэрнаце для пажылых людзей, у Іжскай бальніцы сястрынскага догляду.

— Група «Бабіна лета» карыстаецца вельмі вялікай папулярнасцю. Кожны раз жыхары просяць абавязкова прывезці гэты калектыў, — дадае дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вілейскага раёна Віялета Сушко. — Дзякуючы гурту, нашу старонку ў «Аднакласніках» сталі больш наведваць. Кожны выезд аўтаклуба — гэта вопыт, які цягам часу памнажаецца і набывае культурную значнасць і каштоўнасць, што працуе на будучыню.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Аўтаклуб рушыць у глыбінку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?