Вы тут

Столінскія агароднікі і кветкаводы пачалі сезон


Тое, што агурок корміць Альшаны, ведаюць усе. І пра тое, якія працавітыя альшанцы, не трэба нікому расказваць. Сваім мазалём, шчыруючы ад цямна да цямна, яны здабываюць і хлеб надзённы, і дабрабыт. У Альшанах прынята будаваць раскошныя дамы, купляць дарагія машыны. У іншых вёсках Столінскага раёна, можа, не так багата жывуць. Але даход, каб адчуваць сябе незалежнымі, маюць.


Старшыня Харомскага сельвыканкама Анатоль СКРАБЕЦ кажа: «У нас ніхто не сядзіць склаўшы рукі і не наракае, што грошай мала, што не ўдаецца нешта набыць, узвесці, адрамантаваць. Нашым вяскоўцам няма на гэта часу».

У Харомску і навакольных вёсках абсалютная большасць жыхароў мае свой участак зямлі, на якім у сезон ставіць цяпліцу. Тут гэтае збудаванне называюць парніком. Паводле слоў старшыні сельвыканкама, асноўным заняткам падсобную гаспадарку выбрала невялікая колькасць людзей. Большасць усё ж працуюць у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, ва ўстановах сацыяльна-культурнай сферы, пэўная частка ездзіць на працу ў Давыд-Гарадок. А вырошчванне сельгаспрадукцыі становіцца для тутэйшых людзей дадатковым заробкам.

— Жыхары пяці вёсак нашага сельсавета займаюцца самай рознай прадукцыяй, — расказвае старшыня. — Вырошчваюць агуркі і памідоры ў цяпліцах, садзяць таксама моркву, буракі, капусту, цыбулю. Леташнюю капусту, дарэчы, да гэтай пары прадаюць. Яна добра захавалася, а попыт яшчэ ёсць. Некаторыя гаспадары не баяцца эксперыментаў, займаюцца клубніцамі і буякамі. І гэта правільна, трэба глядзець наперад. Бо з кожным годам мяняюцца патрабаванні не толькі да якасці, але і да знешняга выгляду прадукцыі. І канкураваць сялянам з вялікімі вытворцамі, якія вырошчваюць агародніну ў прамысловых умовах, становіцца больш складана. Але пакуль што асноўнай культурай у нас па-ранейшаму застаецца агурок. З Харомска і ваколіц гатовую прадукцыю возяць на аптовы рынак у Альшаны — такім чынам вырашаецца пытанне са збытам. Гаспадару ж трэба вырасціць той агурок, сабраць, акуратна ўпакаваць і на досвітку завезці на рынак.

Для гэтага цяпер многія агароднікі накрываюць плёнкай грунт, устанаўліваюць металічныя печкі і ацяпляюць парнік з высаджанай расадай. Таму прывычны для мясцовых пейзаж, калі побач з закрытымі градкамі ляжаць вялікімі прадаўгаватымі штабелямі дровы. За сезон асобныя агароднікі трацяць да 100 кубічных метраў дроў. Таму што печка ў парніку паліцца пастаянна, а ноччу трэба падкідваць паліва кожныя паўтары-дзве гадзіны. Такой працай даюцца тыя агурочныя грошы.

Але летась, паводле ацэнкі агароднікаў, пашанцавала з закупачнымі цэнамі. Яны не скаціліся на мізер да канца сезона, таму працаўнікам удалося зарабіць прыстойна. Некаторыя, самыя руплівыя, з Харомска вазілі на рынак агуркі ўжо з 15 красавіка, але асноўны ўраджай тут збіраюць у сярэдзіне мая. І сёлета ўзяліся за справу не без энтузіязму.

Максім Домніч — малады гаспадар, адзін з нямногіх у Харомску, для каго вырошчванне сельгаспрадукцыі на прысядзібным участку стала асноўным заняткам. Максім з жонкай гадуюць траіх дзяцей. 33-гадовы вясковец зарабляе на жыццё вытворчасцю агародніны і годна ўтрымлівае сям'ю.

Старшыня Анатоль Скрабец дадаў, што на тэрыторыі сельсавета няма праблем з пустуючымі дамамі альбо закінутымі сядзібамі. Калі такая пабудова паяўляецца, адразу знаходзяцца ахвотныя расчысціць участак і ўзяць яго ў арэнду.

Таццяна ВАСЮХНЕВІЧ, старшыня Велікамалешаўскага сельвыканкама, сказала, што ў іх вырошчваннем сельгаспрадукцыі займаецца крыху больш за 60 працэнтаў насельніцтва. І для большасці з іх агародніцтва стала асноўным заробкам. Цікава, што ў вёсках, суседніх з Вялікім Малешавам, таксама вырошчваюць самую разнастайную прадукцыю. Але апошнім часам упор зрабілі на памідоры, перцы, часнок.

— Хочаш — не хочаш, да зямлі трэба прыслухоўвацца і вывучаць правілы севазвароту, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Расцілі агуркі на адным месцы некалькі гадоў запар — гэта прывяло да ўзнікнення хвароб раслін. Калі і не хварэюць расліны, з-за пагрэшнасцяў севазвароту нярэдка становяцца слабымі, кволымі, нібы не хочуць расці. У пошуках выйсця нашы гаспадары паспрабавалі высадзіць расаду памідораў альбо перцу, і вынікі парадавалі. Попыт на згаданую прадукцыю таксама ёсць, і справы пайшлі ўгару. Зараз работа кіпіць на ўчастках. Калі чалавек заняты на асноўнай рабоце, ён высаджвае расліны ў цяпліцу крыху пазней і, адпаведна, атрымлівае ўраджай у больш познія тэрміны. Той, хто жыве з «агарода», шчыруе ў парніку начамі і не ўпускае магчымасці атрымаць самы ранні і дарагі ўраджай.

І калі столінскія агурочнікі амаль поўнасцю перайшлі на галандскі пасяўны матэрыял, то кветкі, і не толькі на Палессі, многія вырошчваюць з насення, вырашчанага ў Давыд-Гарадку ды ваколіцах. Традыцыі кветкаводства тут даўнія. Ад бабуль, матуль уменне пераходзіць да дзяцей. І ўжо маладыя разгортваюць цяпліцы, вырошчваюць расаду і прадаюць тавар па розных гарадах Беларусі і бліжняга замежжа. Жонка аднаго гарадчука гэтай вясной павезла насенне аж у Анапу, другія выбралі іншыя напрамкі. Жыхары Давыд-Гарадка Аляксандр Пашкевіч і Аляксандр Курбан вырошчваюць у цяпліцах дзясяткі тысяч кветак і прадаюць гатовую прадукцыю. Гэтыя гаспадары, па словах старшыні гарвыканкама Вячаслава СТАДНІКА, дапамагаюць і гораду ў справе ўпрыгажэння вуліц і плошчаў. «А насеннем у нас займаецца практычна палова насельніцтва», — сказаў мэр невялікага палескага гарадка.

Цікава, што насеннем раней актыўна займаліся і жыхары навакольных вёсак, а потым многія страцілі цікавасць. Згасаць названая справа пачала яшчэ таму, што збываць прадукцыю трэба самому. Тыя ж агуркі або памідоры завёз у Альшаны, здаў оптам — і атрымаў сваю капейку. А кветкі трэба даставіць нярэдка за тысячы кіламетраў. І калі ў Хорску Харомскага сельсавета яшчэ ў 90-я вясной нібы замірала жыццё, бо ўсе гаспадыні выязджалі на рынкі вялікіх гарадоў прадаваць насенне, то цяпер там перайшлі на агародніну. У Давыд-Гарадку ж па-ранейшаму вырошчваюць прыгожы тавар. І даецца ён, як і агародніна, цяжкай працай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Парнік у Харомску

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.