Вы тут

Беларусь прадставіць нацыянальны павільён на «Экспа-2020» у ААЭ


Згодна з трапным народным выслоўем «рыхтуй сані летам», Нацыянальны цэнтр маркетынгу і МЗС значна загадзя распачалі працу над экспазіцыяй Беларусі на Сусветнай выстаўцы «Экспа-2020». Сапраўдныя сані ў спякотнай краіне Персідскага заліва, канешне, не спатрэбяцца, але арганізатары чакаюць ад грамадзян і кампаній цікавых ідэй і прапаноў па прадстаўленні краіны ў Дубаі.


Фота amdn.news

Плошча беларускага павільёна складзе 1200 кв. метраў, вышыня будзе адпавядаць памеру сяміпавярховага будынка. На крэатыўнай прасторы размесцяцца віртуальныя і рэальныя экспанаты. Дэвіз беларускай канцэпцыі на «Экспа-2020» — формула «трох «І»: інавацыі, інвестыцыі, індывідуальнасць. Такія складнікі дазволяць прадставіць прагрэсіўную і сучасную Беларусь з высокім узроўнем чалавечага патэнцыялу і багатым мінулым. Канцэпцыя «трох «І» знойдзе адлюстраванне і ў дызайне павільёна. Ён будзе ўмоўна падзелены на зоны, якія пазнаёмяць з распрацоўкамі ў навуцы і тэхналогіях, інвестыцыйным патэнцыялам і гісторыямі пра выбітных беларусаў.

— Нашы павільёны, як правіла, карыстаюцца папулярнасцю ў наведвальнікаў. Яны змяшчаюць вялікую колькасць новай, цікавай, карыснай інфармацыі пра краіну і яе магчымасці. Нягледзячы на тое, што мы адносна малады ўдзельнік «Экспа», на міжнародным узроўні нашу актыўнасць ужо адзначылі. У канцы 2017 года Рэспубліка Беларусь упершыню за сваю гісторыю незалежнасці выбрана ў склад Выканаўчага камітэта Міжнароднага бюро выставак. Гэта орган, які адказвае за рэгуляванне дзейнасці арганізацыі і правядзенне выставак «Экспа», — адзначыў Яўген ЛАЗАРАЎ, старшы саветнік упраўлення каардынацыі знешнеэканамічнай дзейнасці дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн Валерый САДОХА расказаў пра асноўныя этапы падрыхтоўкі павільёна:

— Першае — гэта выбар інжынернай кампаніі, якая будзе займацца падрыхтоўкай да праектавання і будаўніцтва павільёна. Такая кампанія ўжо вызначана. Наступны этап — гэта выбар генеральнага забудоўшчыка, які будзе праектаваць і будаваць аб'ект. У верасні мы плануем поўнасцю бачыць падрыхтаваны макет. Але самае галоўнае — гэта напаўненне кантэнту беларускага павільёна. Мы павінны прадставіць ільготны пакет прапаноў для ўдзельнікаў з беларускага боку, каб іх маглі ўбачыць на гэтай выстаўцы.

Фінансаванне ўдзелу ў форуме забяспечвае ўрад.

— У выстаўках «Экспа» краіны імкнуцца ўдзельнічаць за кошт бюджэтных сродкаў. Калі праект поўнасцю спансіруецца за кошт камерцыйных сродкаў, ёсць тэндэнцыя яго сканцэнтравання вакол адной ці дзвюх кампаній, — растлумачыў Яўген Лазараў. — Па гэтай прычыне выпадае важны складнік — прэзентацыя дасягненняў краіны.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Тэрыторыя «трох «І»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.