Вы тут

Ці змянілі б вы месца жыхарства дзеля працы?


Сітуацыя незвычайная. Прывыклі да супрацьлеглага — людзі ў пошуках працы пакідаюць вёску і едуць у горад. Калі паглядзець на гэту праблему з іншага боку, можна заўважыць: перспектыўную працу на выдатных умовах гарадскі чалавек можа знайсці і ў вёсцы. Мы запыталі ў нашых чытачоў, ці змянілі б яны месца жыхарства дзеля працы?


Наталля Мазынская, старшыня Жодзінскага сельскага Савета дэпутатаў:

— Я вельмі падтрымліваю гэтую ідэю. Я за тое, каб моладзь вярталася ў вёску, людзі замацоўваліся ў пасёлках, мястэчкі ажывалі. Вёскі нашага сельсавета размяшчаюцца вакол Жодзіна. Многія людзі, асабліва з аграгарадкоў Барсукі і Бадагова, працуюць у горадзе. У нас ёсць буйны індустрыяльны аграпрамысловы комплекс «ЖодзінаАграПлемЭліта», створаны Навукова-практычным цэнтрам па жывёлагадоўлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У іх шмат новых аўтаматызаваных прадпрыемстваў: і фермы, і свінагадоўчыя гаспадаркі. Тым патрэбны спецыялісты, якія могуць працаваць з новымі камп'ютарызаванымі сістэмамі. Зараз прадпрыемства будуе дамы для сваіх спецыялістаў. Моладзь прыязджае і застаецца працаваць у сельскай мясцовасці. Згадзіцеся, маладой сям'і цяжка адразу купіць дом ці кватэру, таму ў першую чаргу іх прыцягвае вырашэнне жыллёвага пытання.

Марыя Алейнік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любанскага раённага выканаўчага камітэта:

— Зараз мы займаемся перасяленнем двух бабруйчан у вёску Асавец. Там новыя жыхары будуць працаваць спецыялістамі — ветэрынарным урачом і заатэхнікам. Яны загадзя прыязджаюць, сустракаюцца з кіраўніцтвам гаспадаркі, вырашаюць усе пытанні з уладкаваннем.

Унутры раёна таксама ёсць перасяленні, але іх значна менш, чым раней, бо ёсць працоўныя месцы і людзей усё задавальняе. У мінулым годзе да нас прыехала сям'я з Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Жанчына працуе загадчыцай фермы, а яе муж — трактарыстам. Усім, хто перасяляецца, мы даём жыллё. Узрост новых жыхароў нашага раёна — да 40 гадоў. Гэта тая ўзроставая катэгорыя, калі людзі яшчэ маюць смеласць «сарвацца» з прывычнага месца жыхарства. Апошнія гады заўважная станоўчая тэндэнцыя: людзі не пакідаюць раён, а прыязджаюць да нас. Калі б перада мной стаяла пытанне, ці скарыстацца такой магчымасцю, я згадзілася б: лічу, што сёння мабільнасць вельмі неабходная.

Дар'я Спяцанава, намеснік старшыні прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ:

— На мой погляд, усё залежыць ад каштоўнасцяў пэўнага чалавека. Калі для яго на першым месцы не кар'ера і ён хоча больш часу займацца сваёй сям'ёй, мне здаецца, можна жыць і не ў вялікім горадзе. Я заўважаю, што ў моладзі цяпер ёсць тэндэнцыя пераязджаць у вёску. Многія хочуць мець свой уласны домік, быць бліжэй да прыроды. На мой погляд, вельмі важна ствараць умовы для пераезду на працу ў невялікі населены пункт. Калі ёсць добрая вакансія і даюць жыллё, чаму не? Канешне, у вялікім горадзе больш шанцаў для самарэалізацыі, уладкавання дзяцей у гурткі, секцыі. Але сёння такія магчымасці ёсць і ў невялікіх гарадках, і ў пасёлках.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Па працу — у вёску

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.