Вы тут

Госцем, дадому


У шэрагу канцэртаў V Міжнароднага фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае» сёлета быў канцэрт маладых таленавітых музыкантаў — расійскага скрыпача Юрыя Рэвіча і малдаўскай піяністкі Лівікі Сакалоў. У канцэрце ўзяў удзел Дзяржаўны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, за дырыжорскім пультам гэтым вечарам быў маэстра Аркадзь Берын. Дзякуючы творчым дасягненням дырыжора А. Берына Уладзімір Співакоў пастаянна запрашае яго для ўдзелу ў сваіх мінскіх фестывалях.


Аркадзь Берын шмат гадоў жыве ў Германіі. Але адзначае, што Беларусь яму дала шмат: тут нарадзіўся, атрымаў адукацыю, сфарміраваўся як музыкант. Ён кажа: «Я заўсёды з вялікім задавальненнем выступаю ў Мінску, чакаю сустрэчы з любімай публікай, дзе шмат маіх сяброў і калег. На працягу 34 гадоў я працаваў на кафедры дырыжыравання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, 10 гадоў узначальваў гэтую кафедру, падрыхтаваў 70 маладых дырыжораў».

На працягу васямнаццаці гадоў А. Берын выступае з лепшымі аркестрамі Еўропы і Расіі, у ліку якіх «Інтэрнацыянальны сімфанічны аркестр Германіі», «Берлінер сімфонікер», камерныя аркестры «Віртуозы Масквы», «Камерата Зальцбург», «Рымская сімфаніета» і іншыя. У 2009 — 2010 ён быў галоўным дырыжорам Маскоўскага сімфанічнага аркестра, а ў Ізраілі стварыў камерны аркестр «Віртуозы Ерусаліма». Дырыжор выступаў з такімі салістамі, як Хасэ Карэрас, Міша Майскі, Гіёры Фейдман, Аркадзь Валадось, Мікалай Пятроў, Даніэль Мюлер-Шот. 13 чэрвеня мінулага года на сцэне Берлінскай філармоніі прайшоў канцэрт знакамітай опернай спявачкі Марыі Гулегінай у суправаджэнні аднаго з лепшых сімфанічных аркестраў Германіі Deutche Philarmonie Rheinland-Pfalz, дырыжыраваў маэстра А. Берын. Запамінальным для маскоўскай публікі быў канцэрт спевакоў Раберта Аланья і Кацярыны Шчарбачэнкі, які адбыўся ў Канцэртнай зале Барвіха Luxury Village. Прэса адзначала: «Увага дырыжора Аркадзя Берына да кожнай ноты і аркестравых нюансаў стварыла годны акампанемент выдатнаму дуэту, шматкроць узмацніўшы эмацыянальнае ўздзеянне музычных твораў. Тэмперамент спевакоў і дырыжора зліўся ў адно: было адчуванне, што музыкі працуюць разам на працягу многіх гадоў і ідэальна адчуваюць адзін аднаго».

Аркадзь Берын ганарыцца тым, што сумесна з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь браў удзел у святкаванні 950-годдзя Мінска.

Можна ўявіць, якое хваляванне і ў той жа час радасць была ў маладых музыкаў Юрыя Рэвіча і Лівікі Сакалоў выступаць у канцэрце з такім славутым музычным мэтрам на фестывалі Співакова ў Мінску. У першым аддзяленні канцэрта выконвалася італьянская класічная музыка, другое было прысвечана амерыканскаму кампазітару Дж. Гершвіну. Уверцюра да оперы «Набука» Дж. Вердзі на пачатку канцэрта прагучала вельмі ярка, узнёсла і адразу надала ўрачысты настрой.

Ю. Рэвіч выканаў Канцэрт № 2 сі мінор ор. 7 Н. Паганіні. Ён выдатна справіўся з усімі тэхнічнымі складанасцямі музыкі вялікага італьянца. Можа быць, некалькі скавана і асцярожна была выканана 1 частка Allegro maestoso, але 2-я і 3-я часткі скарылі дасканаласцю гучання. У 2-й частцы вытанчана і выразна прагучала кантылена. У 3-й частцы Rondo «La Campanella» (званочак) музыкант упэўнена і ярка прадэманстраваў усе складаныя скрыпічныя прыёмы. Юрый іграе на скрыпцы Страдзівары 1709 года, ласкава прадстаўленай яму з сямейнага фонду Го. У свае 26 гадоў ён ужо дасведчаны скрыпач. Вучыўся ў школе пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, затым у Венскай кансерваторыі. Атрымаў узнагароду «Малады артыст года 2016» (ЕCHO Klassik), «Малады музыка года» Цэнтра Бетховена ў Вене…

У другім аддзяленні канцэрта Лівіка Сакалоў выканала «Блакітную рапсодыю» Дж. Гершвіна. Нягледзячы на тое, што гэтую музыку піяністка іграла ўпершыню, ёй удалося перадаць востра-рытмічны характар і настрой амерыканскіх джазавых музычных тэм.

Лівіка вучыцца ў Нацыянальным універсітэце музыкі ў Бухарэсце. Яе першы дэбют адбыўся ў Кішынёве ў 2006 годзе. З тых часоў яна пакарала міжнародныя канцэртныя сцэны, выступала ў музычных фестывалях у Швейцарыі, Румыніі, Расіі і Малдове. Уганаравана сярэбраным медалём на Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД (Расія). Лівіка — першы прадстаўнік Малдовы і фіналіст міжнароднага конкурсу маладых музыкантаў «Еўрабачанне» ў 2014 годзе ў Кёльне.

Другое аддзяленне завяршала «Сімфанічная карціна» з оперы Дж. Гершвіна «Поргі і Бес». Аркестр, з якім маэстра А. Берын правёў некалькі рэпетыцый і старанна адпрацоўваў кожны эпізод, іграў ярка, выразна, у традыцыях амерыканскіх сімфанічных аркестраў, якімі ў свой час дырыжыравалі Дж. Гершвін і Л. Бернстайн. Каларытна гучалі музычныя інструменты: аксамітнае гучанне струнных і выдатны ансамбль духавых. А. Берын заўсёды стварае святочную атмасферу, аб’яднаўшы ў адзінае цэлае салістаў, аркестр і публіку. Калі з’яўляецца гэты чалавек у чорным фраку, ён прыкоўвае да сябе і музыкантаў увагу, прымушае публіку слухаць канцэрт ад першай да апошняй хвіліны. Музыканты выканалі на біс фінал уверцюры, якой адкрываўся канцэрт. Атрымалася яго цікавая замкнёная форма.

Паслухаўшы маладых выдатных салістаў, можна зрабіць выснову, што і сярод маладых беларускіх музыкаў ёсць такія, хто паспяхова мог бы выступіць у наступных фестывалях «Уладзімір Співакоў запрашае». Хочацца спадзявацца, што ім будзе аказаны такі гонар.

 Элеанора СКУРАТАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?