Вы тут

Казуркі і бураломы выклікалі змяненне кодэкса


Выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы прайшло ў Гомелі на базе Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук. Сярод асноўных пытанняў — абмеркаванне праекта закона «Пра ўнясенне дапаўненняў і змяненняў у Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь».


Фе­ра­мо­на­вая паст­ка для ка­ра­е­да.

— Мы плануем дапоўніць Лясны кодэкс лесагаспадарчымі мерапрыемствамі, — адзначае старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук. — Змены ў Лясным кодэксе будуць накіраваны на захаванне біялагічнай устойлівасці беларускага лесу і эфектыўнасць лясной галіны. Размова ідзе пра адвод і таксацыю ўчасткаў, лесасек, утрыманне лесагаспадарчых дарог, расчыстку і падрыхтоўку плошчаў для гадавальнікаў, плантацый насення. Гэтым пытанням будуць прысвечаны змяненні, якія прапануе законапраект. Сумесна з Міністэрствам лясной гаспадаркі, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, іншымі зацікаўленымі ведамствамі важна ўнесці тыя нормы, якія дазволяць захаваць біялагічную ўстойлівасць нашага лесу і эфектыўнасць лясной галіны.

У апошнія гады пагодныя фактары негатыўна ўздзейнічаюць на беларускі лес. Напрыклад, у 2016-м з-за шквалістых вятроў, бураломаў, якія сталі амаль традыцыйнымі для поўдня краіны, спатрэбілася правядзенне санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў на плошчы ў больш за 70 тысяч гектараў. У тым ліку суцэльныя санітарныя рубкі вяліся на плошчы амаль 16 тысяч гектараў. Гэта істотна адбілася на структуры ляснога фонду.

— Наступствы неспрыяльных пагодных умоў паказалі неабходнасць пераразліку памеру рубкі пры надзвычайных сітуацыях, — адзначыла Таццяна Кананчук. — У дзейнай рэдакцыі кодэкса гэта не прадугледжана.

Начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Мікалай Юрэвіч адзначыў, што ўдасканаленне Ляснога кодэкса, які ў цэлым з'яўляецца актуальным дакументам і дазваляе празрыста працаваць у лясной гаспадарцы, дазволіць спрасціць парадак водпуску драўніны з пашкоджаных участкаў:

— Каб зняць усе адміністрацыйныя непатрэбныя бар'еры, каб насельніцтва змагло нарыхтоўваць дровы для асабістых патрэб... Да таго ж прыродныя ўмовы, з якімі мы сутыкнуліся апошнім часам, — усыханне лесу, праблемы з бураломамі, масавае распаўсюджванне жука-шкодніка, — дыктуюць неабходнасць удасканалення нашага ляснога заканадаўства.

У Інстытуце лесу Нацыянальнай акадэміі навук парламентарыі пазнаёміліся з навукова-даследчай дзейнасцю па пытаннях захавання, абароны, аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання лясных генетычных рэсурсаў Беларусі, а таксама з распрацоўкамі і рэкамендацыямі па надзённых праблемах: усыханні хваёвых, распаўсюджванні караеда.

Гэтыя казуркі, якія некалі, у звычайных умовах, лічыліся нават першаснымі санітарамі лесу, бо з'ядалі толькі засохлыя дрэвы, сёння сталі вялізнай праблемай, якая патрабуе тэрміновага вырашэння. Дырэктар Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Кавалевіч гаворыць, што менавіта цяпер адначасова ўзнікла шмат фактараў, якія дазволілі яму размножыцца:

— Напрыклад, у мэтах захавання біяразнастайнасці забаранілі спальваць галіны... Праведзеныя летась мерапрыемствы павінны сёлета даць эфект — хаця б стабілізацыю сітуацыі з караедам. Сёлета многа снегу, значыць, будзе шмат і вільгаці, што добра для лясоў. Але ж павінны быць яшчэ і спрыяльныя летнія тэмпературы. Бо анамальна высокія таксама выклікаюць стрэс у дрэў, павялічваецца спажыванне імі вільгаці, зніжаецца фотасінтэз... У выніку зніжаецца выпрацоўка жывіцы. А жывіца — гэта асноўны элемент абароны дрэва. Калі шкоднік спрабуе ўкараніцца, жывіца яго засмальвае, і ён гіне. За апошнія гады знізілася колькасць жывіцы, і для караеда з'явілася шмат кармавой базы. Наша задача — не толькі рубкі дрэў. Сёння важна знізіць колькасць шкоднікаў, знішчыць караеда. Да 15 красавіка пастаўлена задача поўнасцю вырубіць пашкоджаныя ўчасткі.

Высечцы з-за заражэння жуком-караедам падлягаюць яшчэ каля чатырох тысяч гектараў лесу. Тым часам Міністэрства лясной гаспадаркі закупіла 13,5 тысячы ферамонных пастак для глабальнага маніторыгу вяршыннага і шасцізубчатага караеда. Іх плануюць усталяваць ужо ў красавіку. Ферамонныя прэпараты — сумесная распрацоўка Інстытута лесу і БДУ.

Дырэктар Інстытута лесу гаворыць, што ў цяперашняй рэдакцыі Ляснога кодэкса няма нормы, якая дазваляла б у выпадку ліквідацыі наступстваў стыхійных сітуацый рабіць лесасекі. Яшчэ і па гэтай прычыне складваецца напружаная лесапатагенная абстаноўка. Менавіта таму важна, каб юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, маглі аператыўна праводзіць санітарна-аздараўленчыя мерапрыемствы: абследаванне, улік хворых насаджэнняў, вырубкі санітарныя і суцэльныя, вываз драўніны, яе рэалізацыю, спальванне высякальных астаткаў.

Падчас выязнога пасяджэння яго ўдзельнікі наведалі лабараторыі Інстытута лесу, а таксама Макееўскае лясніцтва Гомельскага лясгаса, дзе азнаёміліся з практыкай правядзення санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.