Вы тут

На Віцебшчыне з'яўляецца ўсё больш прыкладаў прыцягнення інвестыцый


У Віцебскай вобласці з'яўляецца ўсё больш прыкладаў прыцягнення значных інвестыцый. Гэта нядаўна канстатаваў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. І агучыў задачу кіраўнікам мясцовай улады: трэба яшчэ больш актыўна ствараць у глыбінцы прывабныя ўмовы для дзейнасці дзелавых людзей. Каб актыўна інвеставалі, каб арганізоўвалі і развівалі ў першую чаргу вытворчасць.


І лагістычны комплекс

«Нераўнамернае развіццё рэгіёнаў уплывае на якасць жыцця людзей, і таму сітуацыю неабходна выраўноўваць. Адзін з дзейсных механізмаў — прыцягненне інвестараў. Пакуль у краіне самая высокая канцэнтрацыя прадпрымальных людзей у сталічным рэгіёне. На жаль, не вельмі хочуць бізнесмены ісці на перыферыю і развіваць там вытворчасць. У іх на тое ёсць свае падставы і цэлы шэраг аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын», — сказаў губернатар. Актывізацыі ў інвестыцыйным пытанні чакаюць і на ўзроўні кіраўніцтва краіны. Стаўка робіцца на інавацыі і эксклюзіўнасць.

Паводле інфармацыі камітэта эканомікі аблвыканкама, у паўночным рэгіёне ўжо ёсць унікальныя праекты, якія паспяхова рэалізуюцца.

У прыватнасці, на слыху стварэнне недалёка ад Оршы мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу. Нагадаю, Прэзідэнт даручыў наогул стварыць у Аршанскім раёне самыя лепшыя ўмовы для жыцця людзей, у тым ліку для бізнесу. І калі ўсё атрымаецца, вопыт потым будуць выкарыстоўваць у іншых рэгіёнах. Да канца 2023 года тут плануецца ўзвесці згаданы вышэй комплекс. Для гэтага выдзелены 231 га зямлі недалёка ад пасёлка Балбасава. Там плануецца выкарыстаць 190 тысяч квадратных метраў пад складскія плошчы і 280 тысяч «квадратаў» — пад вытворчыя. А таксама стварыць бізнес-цэнтр, гатэль, паркоўкі і многае іншае.

Вялікі інтарэс да комплексу праяўляюць інвестары з розных краін, у прыватнасці з Кітая.

Юані ў наша малако

Цікава, дарэчы, што прадстаўнікоў КНР вельмі цікавіць і беларуская малочка. У прыватнасці, карпарацыя DRex пажадала стварыць усяго за чатыры гады сучасныя малочнатаварныя фермы. Яна ж інвестуе ў перапрацоўку. Больш таго, прадстаўнікі фірмы гатовыя вучыць персанал, а прадукцыю экспартаваць. Адпаведны дагавор падпісалі ў канцы мінулага года.

З Кітайскай нацыянальнай карпарацыяй па эканамічным супрацоўніцтве з замежнымі краінамі дасягнута дамоўленасць па прыцягненні інвестыцый для будаўніцтва сямі малочнатаварных фермаў на 2000 галоў кожная.

Кітайцы, між іншым, паралельна цікавяцца і турыстычным патэнцыялам Прыдзвіння.

А ў Гарадоцкім раёне адзін з вядучых у Еўропе сельскагаспадарчых канцэрнаў — з Расіі — ужо паспяхова зарабляе на эксплуатацыі пабудаваных малочных комплексаў.

Разумны... кошык крамы

Група кампаній «Мадэрн-Экспа» — вядучы вытворца і пастаўшчык гандлёвага абсталявання ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе — у Віцебску мае паспяховую вытворчасць. Сёлета запланаваны выраб інтэлектуальных кошыкаў і кас самаабслугоўвання. У выніку, што лагічна, можна будзе абысціся без гандляроў. Яшчэ вельмі цікавая навінка — паштамат: інтэлектуальны «пункт» выдачы тавараў. Безумоўна, улічваючы, што пакупкі па інтэрнэце становяцца ўсё больш папулярнымі, попыт на такую прадукцыю абяцае быць добрым. Тым больш што карыстанне «тэрміналам-ячэйкай» зручнае для пакупнікоў. Ён дазволіць сэканоміць час і не траціць нервы ў чарзе па выдачу заказаў.

З удзелам замежных інвестараў вядзецца будаўніцтва ў Мёрскім раёне прадпрыемства па вытворчасці тонкага металічнага ліста і белай бляхі. Гэты праект рэалізуецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады. Дарэчы, аналагічнай прадукцыі на тэрыторыі былога СССР не вырабляюць.

Індывідуальныя лекі

У Бешанковічах набірае абароты вытворчасць медыкаментаў. У планах — выраб эфектыўных сродкаў для кожнага хворага індывідуальна. Лагічна, што адна доза для ўсіх — неэфектыўнае лячэнне. А калі «пад кожнага» — з улікам вагі, асаблівасцяў арганізма, стану імуннай сістэмы і гэтак далей, тыя ж пілюлі акажуць аптымальнае ўздзеянне. Гэта дазволіць найлепш змагацца з цяжкімі захворваннямі, напрыклад ракам. Інвестары — прадстаўнікі Беларусі, Індыі, Літвы, Славакіі. У ліку іншых вялікія планы на бізнес у названым райцэнтры і ў кампаніі, якая належыць расійскаму алігарху Барысу Абрамовічу.

У Аршанскім раёне засвоілі вытворчасць аўтаматычнай сістэмы, якая кіруе апырскваннем пасеянага.

Часта бываючы ў рэгіёнах, перыядычна пытаўся ў кіраўнікоў мясцовай улады, чаму менавіта ў іх раёне адкрыўся буйны завод. Чым горшы суседні, дзе такія ж кліматычныя ўмовы, цудоўная прырода, працавітыя людзі і таксама ёсць нерухомасць, якую можна набыць за капейкі? Як пажартаваў адзін старшыня райвыканкама, «інвестар — як нявеста. Трэба яго па-добраму зачараваць і даказаць, што ты — самы лепшы, што інвестару неабходны менавіта твой рэгіён!» А мае ж чалавек рацыю!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Як прыцягнуць бізнесмена, або Інвестар... як нявеста

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.