Вы тут

Як абараніць старых бацькоў ад дзяцей-тыранаў?


Бабулю гэту я заўважыла ў напаўпустым з прычыны выхаднога дня і ранняга часу тралейбусе яшчэ па дарозе з дому. Дзівакаватая была бабка, занадта лёгка апранутая для ранняй вясны: на фланелевым халаце безрукаўка са штучнага футра — у такіх старыя людзі дома ходзяць, лёгкая паркалёвая хустка, на нагах — уцепленыя галёшы. Але не бяздомная — чысценькая і погляд такі даверліва-разгублены. Хацела падысці, спытацца, куды яна едзе, а потым раздумала: ці мала ў вялікім горадзе дзівакоў, пашле мяне зараз гэта бабця куды падалей... Гадзіны праз тры давялося вяртацца ў тым жа тралейбусе назад — гляджу: тая ж самая бабка на тым жа самым месцы сядзіць, разгублена ў акно пазірае. На канцавым прыпынку ўсе выходзяць, а яна не...


Не падысці ўжо быў грэх: відаць жа, што бяда нейкая з чалавекам здарылася. А тут і кіроўца тралейбуса радасна зашчабятала: «Дык вы яе ведаеце? Забірайце сваю бабулю, яна ўжо тры кругі наматала, а выходзіць нізавошта не хоча, дый шкада яе на вуліцы высаджваць — бачыце, як апранута. Я ўжо збіралася міліцыю выклікаць, пэўна, памяць бабка страціла ды згубілася...»

Бабка аказалася абсалютна пры памяці. У кафетэрыі побач з прыпынкам, куды завяла яе, каб не змерзла, яна, сёрбаючы цёплы чай, расказала, што завуць яе Антаніна Цімафееўна, што яна былая выхавацелька дзіцячага сада, што жыве з сынам. І адрас дакладны бабуля ведала, толькі вяртацца туды не хацела, бо гэта ж яна ад сыночка ўцякала, які з самай раніцы грошы на пахмелку патрабаваў. «А ў мяне ж, дзіцятка, тых грошай — толькі на хлеб да пенсіі і засталося, усё забраў. Заб'ю, кажа, і за нож. Я тады ў чым была з хаты выскачыла, адкуль толькі сілы ўзяліся, а мы побач з прыпынкам жывём, дык я вось у тралейбус і забегла...»

Паехалі мы з неспадзяванай знаёмай у пункт міліцыі, што побач з яе домам, — не пакідаць жа было яе ў тым кафетэрыі. На маё здзіўленне, бабку міліцыянеры добра ведаюць: «А, Цімафееўна, зноў твой алкаш разбушаваўся. Ну што, пратакол будзем складаць?» «Канешне, будзем», — падала голас ваша пакорная слуга. «Пачакайце, хай пацярпелая адкажа». Далей я назірала прыблізна такі дыялог: «А што, гэта ж тады Ваську майго пасадзяць?» «Пасадзяць, і даўно пара». «Не, я тады нічога падпісваць не буду, як гэта — сваё дзіця ў калонію садзіць». Карацей, пайшлі хлопцы з Антанінай Цімафееўнай да яе дадому, праводзіць прафілактычную размову з Васькам. На большае ў іх паўнамоцтваў няма — пацярпелая жывая-здаровая, толькі крыху змерзлая, і заяву на крывіначку, якая кожны дзень залівае вочы гарам, пісаць не будзе ніколі...

Пакуль «крывіначка», здурнеўшы ад жадання выпіць, не ўдарыць кулаком або нажом. Яму нагоды асаблівай не трэба, як таму п'янаму 45-гадоваму недавярку з Барысава, які да смерці збіў уласную 87-гадовую бабулю толькі за тое, што папрасіла яго не выходзіць распранутым на вуліцу пасля душу: клапацілася, каб унучак не прастыў...

На жаль, падобныя жудасныя выпадкі, не такія і рэдкія, становяцца вядомымі толькі тады, калі заканчваюцца небяспечным для жыцця збіццём або забойствам. Выпадак з Антанінай Цімафееўнай, якая жыве з хатнім тыранам, не трапіць у крымінальную хроніку. Яна не будзе падпісваць ніякіх пратаколаў і заяў, бо шкадуе гэтага здаровага дзецюка, які пасля разводу вярнуўся да маці, пачаў з расстройства выпіваць, з-за гэтага страціў работу і праз нейкі час зусім апусціўся. Жыве і п'е на матчыну пенсію, таму зарабляць грошы не мае патрэбы, калі ж купіць выпіць і закусіць няма за што, пачынае вытрасаць у беднай старой апошнія рублі, якія засталіся пасля аплаты паслуг... Бывае, міліцыю выклікаюць суседзі, бывае, бабка проста ўцякае з хаты, пакуль сынок не супакоіцца ці не знойдзе якіх сабутэльнікаў, што пачастуюць. Па якім бы сцэнарыі падзеі ні развіваліся — фінал будзе адзін: сынок застанецца беспакараны, а значыць, кашмар у той кватэры будзе працягвацца.

Дык гэта ў горадзе, дзе п'яніцу-тырана хоць паўшчуваюць ці пастрашаць. А колькі пакут старых людзей, якіх мучаюць уласныя дзеткі, хаваюць за сваімі сценамі вясковыя хаты?! Не раскажаш жа ні ўчастковаму, ні суседзям, што збівае, зневажае ўласны сын — гэта ж такая ганьба. А калі раптам спытаецца хто, адкуль сіняк — так лёгка салгаць, што павалілася на ганку, ведама старая, ногі ўжо не трымаюць. І людзі вераць (ці робяць выгляд, што вераць?).

Нехта скажа: самі састарэлыя маці і бацькі вінаватыя, калі не хочуць заяўляць і скардзіцца на тыранаў-дзяцей, тым самым распускаючы ім рукі. Але, калі адносім сям'ю да статусу сацыяльна-небяспечнай, мы ж асабліва не пытаемся ў дзіцяці, ці дрэнна яму жывецца з бацькамі-п'яніцамі. Чаму ж тады не прымяняем гэту норму да старых, якія з дзецьмі-п'яніцамі вымушаныя жыць? А можа, гэта якраз той выпадак, калі прэзумпцыя невінаватасці павінна дзейнічаць з агаворкай? (Даруйце мне, рупліўцы грамадзянскіх правоў).

Старыя — яны ж як дзеці. Розніца толькі ў тым, што мы ім нічога не павінны?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Прэзумпцыя вінаватасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?