Вы тут

Свае распрацоўкі прадставіць на медыцынскай выстаўцы НАН Беларусі


XXV Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Ахова здароўя Беларусі" пройдзе з 27 па 30 сакавіка ў Мінску, у Футбольным манежы. Гэта галоўная выстаўка ў галіне медыцыны і аховы здароўя ў нашай краіне. Традыцыйна ў яе рамках будзе арганізавана насычаная навуковая праграма: пройдуць навукова-практычныя семінары, канферэнцыі і прэзентацыі. Навуковыя арганізацыі НАН Беларусі прадставяць цэлы шэраг інавацыйных распрацовак і тэхналогій для медыцыны.


Так, Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі прадэманструе новы біямедыцынскі клеткавы прадукт на аснове фібрабластаў скуры чалавека  — "штучную скуру". Дэрмальныя фібрабласты захоўваюць здольнасць актыўна сінтэзаваць кампаненты міжклеткавага матрыксу, уключаючы калаген, эласцін і іншыя біялагічна актыўныя малекулы.

Таксама навукоўцы інстытута прадэманструюць магчымасці выкарыстання клеткавых тэхналогій для рэгенератыўнай медыцыны. Ствалавыя клеткі з зададзенымі ўласцівасцямі прызначаныя для трансплантацыі пры лячэнні шэрагу захворванняў, якія не паддаюцца медыкаментознаму і хірургічнаму лячэнню, уключаючы трафічныя язвы, цукровы дыябет, інфаркт міякарда і іншыя. Распрацаваныя акадэмічнымі вучонымі тэхналогіі вырошчвання ствалавых клетак з тканак саміх пацыентаў выключаюць адрыньванне трансплантанта, што істотна павышае эфектыўнасць метадаў рэгенератыўнай медыцыны.

Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі выстаўляе медыцынскія імплантаты з біясумяшчальнымі ахоўна-дэкаратыўнымі пакрыццямі. Апошнія прызначаныя для мадыфікацыі паверхні імплантатаў са сплаваў тытана для паляпшэння іх фізіка-механічных і медыка-біялагічных уласцівасцяў. Пакрыцці характарызуюцца павышанай зносаўстойлівасцю, забяспечваюць каляровае кадзіраванне імплантатаў і іх больш паспяховае ўжыўленне ў касцяную тканіну.

Інстытут біяарганічнай хіміі прадставіць унікальныя гемасарбенты, распрацаваныя для правядзення тэрапеўтычных мерапрыемстваў пры лячэнні розных захворванняў і для прымянення ў розных экстрэмальных умовах. Гемасарбенты распрацаваныя па ўласных арыгінальных навукаёмістых тэхналогіях, яны не маюць аналагаў у Беларусі і запатрабаваныя ў краінах СНД і далёкага замежжа. Спецыялісты інстытута прадэманструюць таксама супрацьпухлінныя прэпараты новага пакалення, якія выпускаюцца па распрацаваных уласных арыгінальных навукаёмістых тэхналогіях. Дадзеная прадукцыя не мае аналагаў па шэрагу тэхналагічных рашэнняў, валодае высокай чысцінёй, пры зніжэнні яе цаны  за кошт выкарыстання арыгінальных тэхналогій сінтэзу.

Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі збіраецца прэзентаваць сучасныя генетычныя тэхналогіі ў рэпрадуктыўнай медыцыне, тэхналогіі выяўлення генетычных прычын невыношвання цяжарнасці, а таксама магчымасці аналізу ДНК на схільнасць да развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, дыябету другога тыпу, астэапарозу; метабалічнага сіндрому і іншых небяспечных хваробаў.

Арганізатарам юбілейнай выстаўкі выступае Міністэрства аховы здароўя сумесна з ЗАТ "Тэхніка і камунікацыі".

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?