Вы тут

Адлік у ваеннай медыцыне ідзе на секунды


Летась увесну з Віцебшчыны прыйшла трывожная навіна. Падчас дэсантавання з самалёта Іл-76МД з-за парыву ветру небяспечна сышліся ў паветры два парашутысты. На вышыні прыкладна 80 метраў сутыкнуліся ваеннаслужачыя 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады радавы Яўген Жарскі і Дзмітрый Страчук. У Яўгена Жарскага тут жа згас купал. Але яго саслужывец не разгубіўся. Ён схапіў згаслы купал і ўтрымліваў яго, як мог, ажно да прызямлення. На жаль, крыху не хапіла — дзесьці з вышыні чацвёртага паверха Яўген упаў на зямлю... Жыццё хлопцу ўратавала начальнік шпітальнага аддзялення медыцынскай роты гвардыі капітан медыцынскай службы Таццяна Аксінушкіна.


— Вы памятаеце той дзень?

— Гэта быў пачатак красавіка. Ішлі міжнародныя вучэнні. Адным з іх элементаў было здзяйсненне скачкоў з грузавога транспарту. Надвор'е стаяла цёплае, сонечнае. У адваротным выпадку скачкі не адбыліся б. І вось нічога ж не прадвяшчала бяды. Пэўна, хлопцу яшчэ пашанцавала, што травы тады асабліва не было. Затое бруду было па калена. Можа, гэта ў пэўнай ступені і аслабіла ўдар аб зямлю.

На вучэннях быў разгорнуты медыцынскі пункт. Але ж ад яго яшчэ трэба было паспець дабегчы! А я ж бачыла, што пацярпелых двое. І вось каму раней трэба дапамагаць? Бягу і бачу — адзін з парашутыстаў падняўся. Крычу яму: «Ты як там сябе адчуваеш? Нармальна?» Ён адказвае: «Так, а вось ён без прытомнасці ляжыць...»

Пры першасным аглядзе Яўген Жарскі быў без прытомнасці, дыхання і біцця сэрца. Мне давялося праводзіць штучную вентыляцыю лёгкіх і непрамы масаж сэрца. А яшчэ імабілізаваць нагу, бо было падазрэнне на пералом канечнасці, якая знаходзілася ў няправільным становішчы. Не перадаць таго адчування, калі хлопец пачаў дыхаць... Я працавала з ім літаральна хвілін пятнаццаць. Трэнінгі па аказанні неадкладнай дапамогі праводзяцца ў нас рэгулярна, мы адпрацоўваем магчымыя няштатныя сітуацыі на трэнажорах, але каб сабе ўявіць такое — то гэта нешта па-за межамі... Хлопец зрабіў удых, выдаў працяжны гук. Ведаеце, як дзеці нараджаюцца, пасля яны крычаць. Тое ж адбылося і тут — ён з шумам уцягнуў паветра, ачомаўся, пачаў нешта казаць, назваў сваё імя. Калі яго вярнулі да жыцця, то першае, што ён вымавіў даволі жаласным тонам, было — «Хачу курыць!» На санітарным аўтамабілі яго тады пераправілі ў Шумілінскую раённую бальніцу. На карысць хлопца было тое, што ад моманту атрымання траўмы прайшло вельмі мала часу, і дапамогу яму аказалі літаральна па гарачых слядах. Яму настолькі пашанцавала... Пасля ў Шуміліна прыляцеў санітарны верталёт, які даставіў радавога ў Ваенны шпіталь да высакакласных спецыялістаў.

Пасля я тэлефанавала ў шпіталь, цікавілася станам яго здароўя. Думала, што на аднаўленне здароўя яму спатрэбіцца шмат часу. Але, на шчасце, памылілася. Ведаю, што зараз ён звольніўся з арміі і працуе ў Баранавічах на заводзе аўтаматычных ліній — там, дзе быў і да прызыву ў войска. Сваю ролю, пэўна, адыграла і маладосць. Да таго ж у дэсантнікі так проста не трапіць — адбор туды па здароўі вельмі жорсткі.

— Чаму абралі менавіта ваенную медыцыну?

— Я — першы ў сям'і медык. Хутчэй за ўсё, на гэты выбар аказаў уплыў мой юнацкі максімалізм. Вельмі хацелася дапамагаць людзям. Я нарадзілася ў вёсцы Бачэйкава Бешанковіцкага раёна ў звычайнай сялянскай сям'і. Вучылася на ўрача ў Віцебску.

— Ваенная медыцына і грамадзянская — чым адрозніваюцца?

— У нас адлік ідзе на секунды. Трэба аказваць дапамогу на месцы. Можна нават сказаць, што наша праца чымсьці падобна да працы ўрача хуткай медыцынскай дапамогі. Усё, што ў цябе ёсць, — сумка і багаж ведаў. Медыцынская сумка камплектуецца па ўстаноўленай інструкцыі. Там ляжаць прэпараты для аказання першай дапамогі. Візуальна яна якраз і падобная на чамаданчык урача «хуткай».

— Ці наклала служба адбітак на паўсядзённае жыццё?

— Перш за ўсё — гэта дысцыпліна. Усё павінна быць дакладна, па распарадку. Каб не давялося паўтараць два разы адно і тое ж. У мяне двое дзяцей. Дачка Жэня, якой 10 гадоў, ужо заявіла, што таксама хоча стаць ваенным урачом. А хлопчык, калі быў малы, апранаў фуражку таты і хадзіў з медыцынскай аўтамабільнай аптэчкай. І прадстаўляўся — «Я — медыцынскі спецназ!»

— А вы самі робіце скачкі з парашутам?

— У мяне іх больш за два дзясяткі. Канешне, страх вышыні прысутнічае. Гэта нармальная абарончая рэакцыя арганізма. Я ведаю людзей, у каго 100 і больш скачкоў, і пэўнае пачуцце страху ў іх ёсць. Але ў мяне дысцыпліна змагаецца са страхам. Трэба браць сябе ў рукі і выконваць тое, што ад цябе патрабуецца.

— Вы памятаеце ваш першы скачок?

— Цьмяна. Тады было страшна першы раз выходзіць з парашутам у люк самалёта. Другі — таксама. А каму не страшна? Але ў маладосці ты не задумваешся. Хочаш паспрабаваць свае магчымасці, пераадолець сябе. А пасля прыходзіць усведамленне таго, што ты робіш. Я ж баявы афіцэр-урач, а не выключна кабінетны супрацоўнік.

— А ці працуюць у вас урачы ва ўзросце?

— Так, ёсць грамадзянскі лор-урач. Вельмі дасведчаны, заўжды кансультуюся з ім, калі ўзнікаюць нейкія пытанні. Працоўны дзень у медыцынскай роце — такі ж, як і ў грамадзянскай бальніцы. Вось толькі ў дактароў ёсць дадатковая падрыхтоўка — і інжынерная, і страявая, і паветрана-дэсантная... Агулам у нас восем ваенных і чатыры грамадзянскія ўрачы. Але калі, напрыклад, адбываюцца вучэнні, то ўсе ваенныя ўрачы едуць туды. Калектыў у нас дружны, усе супрацоўнікі ўзаемазамяняльныя.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.