Вы тут

Споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Пакрышкіна


Споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння выдатнага савецкага лётчыка, тройчы Героя Савецкага Саюза маршала авіяцыі Аляксандра Іванавіча Пакрышкіна.


Аляксандр нарадзіўся ў Новамікалаеўску (цяпер горад Новасібірск) у беднай сям'і перасяленцаў з Вяцкай губерні. У кнізе «Пазнаць сябе ў баі» Пакрышкін успамінаў: «Дванаццацігадовым хлапчуком я ўпершыню ўбачыў агітсамалёт, які прыляцеў. Сярод усіх жыхароў горада, якія акружылі самалёт, стаяў і я... Пакратаў яго крылы і сам сабе сказаў: «Буду рабіць усё, але буду толькі лётчыкам». І гэтая мара стала мэтай майго жыцця». Пасля заканчэння сямі класаў Аляксандр навучаўся ў фабрычна-заводскім вучылішчы «Сібкамбайнбуда» па спецыяльнасці слесар-інструментальшчык. З чэрвеня 1932-га Пакрышкін у шэрагах рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. У 1933—1934 гг. скончыў пермскую 3-ю ваенную школу авіяцыйных тэхнікаў і курсы ўдасканалення тэхнічнага складу ВПС РСЧА ў Ленінградзе. Са снежня 1934-га па лістапад 1938 года А. І. Пакрышкін — старшы авіятэхнік звяна ў 74-й стралковай дывізіі Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі. У гэты ж час спасцігаў асновы лётнага мастацтва ў Краснадарскім аэраклубе ТСА АВІЯХІМ, скончыў усю лётную праграму з выдатнай адзнакай. У 1939 г. з выдатнай адзнакай скончыў 1-ю Качынскую Чырванасцяжную ваенную авіяцыйную школу імя А. Ф. Мяснікова і быў накіраваны малодшым лётчыкам у 55-ы знішчальны авіяполк ВПС Адэскай ваеннай акругі. Тут ён адзін з першых асвоіў новы знішчальнік МіГ-3, які паступіў на ўзбраенне палка.

Вялікую Айчынную вайну старшы лейтэнант Пакрышкін сустрэў на заходніх межах нашай Радзімы на пасадзе намесніка камандзіра эскадрыллі 55-га знішчальнага авіяцыйнага палка ВПС Паўднёвага фронту. Ужо на другі дзень вайны ён адкрывае лік сваім будучым шматлікім перамогам, падбіўшы ў паветраным баі варожы знішчальнік Mе-109. На працягу наступных месяцаў у паласе дзеяння Паўднёвага фронту адважны лётчык збівае яшчэ некалькі самалётаў праціўніка, актыўна ўдзельнічае ў штурмоўках і вядзенні паветранай разведкі. Усе свае назіранні і разважанні ён заносіў у асаблівы сшытак, назваўшы яго «Тактыка знішчальнікаў у баі». У ім Аляксандр Іванавіч распрацаваў шмат новых тактычных прыёмаў, якія атрымалі шырокае распаўсюджанне ў савецкай авіяцыі ў гады вайны.

Напярэдадні 1942 года Аляксандру Пакрышкіну ўручаны ордэн Леніна. Ва ўзнагародным лісце было агучана: «Карыстаецца выключным аўтарытэтам і павагай сярод падначаленых і ўсяго лётнага складу палка. Мужна выконвае баявыя заданні па знішчэнні нямецкіх захопнікаў. У барацьбе з гэтымі катамі тав. Пакрышкін у няроўных паветраных баях быў двойчы збіты... Мае 190 баявых вылетаў... Адзін з найлепшых разведчыкаў у палку і дывізіі». У жніўні 1942 г. полк, які стаў да таго часу 16-м гвардзейскім, пасля найцяжэйшых баёў быў адведзены ў тыл для перавучвання на новую тэхніку — пастаўленыя ў СССР па ленд-лізе амерыканскія знішчальнікі Р-39 «Аэракобра».

Аляксандр Пакрышкін у красавіку 1943 года вяртаецца на фронт, удзельнічае ў паветранай бітве на Кубані. Менавіта тут, на Кубані, нарадзілася знакамітая формула Пакрышкіна «вышыня, хуткасць, манеўр, агонь» і ўзышла зорка аднаго з самых доблесных савецкіх лётчыкаў. У адным са сваіх баёў ён на вачах у камандуючага ВПС фронту генерал-лейтэнанта Вяршыніна збіў чатыры «Месершміты». За гэты поспех лётчык узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Праз некалькі тыдняў імя Пакрышкіна ўжо гучала ў франтавой і цэнтральнай прэсе. За шматлікія перамогі ў небе над Кубанню камандзір эскадрыллі 16-га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага палка 216-й змешанай авіяцыйнай дывізіі 4-й Паветранай арміі Паўночна-Каўказскага фронту гвардыі капітан Пакрышкін 24 мая 1943 г. быў уганараваны звання Героя Савецкага Саюза.

Падчас лютых паветраных бітваў у поўнай меры выяўляецца талент лётчыка-знішчальніка — наватара тактыкі паветранага бою. Аляксандр Іванавіч першы стаў шырока выкарыстоўваць баявы парадак пад назвай «кубанская этажэрка» і спрыяў яго ўкараненню ва ўсіх падраздзяленнях знішчальнай авіяцыі. Ім таксама былі выкарыстаны новыя прыёмы паветранага бою: «нажніцы», «сакаліны ўдар», «абцугі», «арэлі», «баі на вертыкалях».

Адна з самых гучных легендаў Вялікай Айчыннай: варта было з'явіцца ў небе лётчыку-знішчальніку, як тут жа ў эфіры раздавалася папярэджанне «Ахтунг, ахтунг, у паветры Пакрышкін!», і нямецкія асы тут жа спяшаліся выйсці з бою. А савецкія лётчыкі па-забіяцку выконвалі песню пра героя-аднапалчаніна кампазітара В. Панамарова на словы паэта М. Марчанкі:

В небе Покрышкин!

В небе Покрышкин!

Будто бы пишет

по небу крылом.

Сердцем отважным

он Родину слышит

И на врага налетает

орлом.

24 жніўня 1943 года грудзі Пакрышкіна ўпрыгожыць другі медаль «Залатая Зорка». Да гэтага часу за плячыма гвардыі маёра было 455 баявых вылетаў. Сярод іх — шматлікія паветраныя баі на поўдні Украіны. У жніўні 1943 г. газета «Нью-Ёрк Таймс» апублікавала артыкул пра Аляксандра Пакрышкіна пад назвай «Найлепшы лётчык-знішчальнік у цяперашняй вайне — рускі», а прэзідэнт ЗША Франклін Рузвельт, узнагародзіўшы савецкага лётчыка-знішчальніка адной з найвышэйшых баявых узнагарод ЗША — медалём «За выдатныя заслугі», захоплена сказаў: «Пакрышкін, несумненна, самы выдатны лётчык Другой сусветнай вайны».

У сакавіку 1944-га Пакрышкіна прызначылі камандзірам 16-га гвардзейскага авіяпалка 4-га Украінскага фронту. Ужо ў ліпені таго ж года двойчы Герой Савецкага Саюза заступае на пасаду камандзіра 9-й гвардзейскай Марыупальскай авіяцыйнай дывізіі. У складзе 2-га, а затым 1-га Украінскіх франтоў дывізія пад яго камандаваннем удзельнічала ў многіх паветраных бітвах. Трэцяга медаля «Залатая Зорка» камандзір авіядывізіі гвардыі палкоўнік Пакрышкін удастоены 19 жніўня 1944-га «За выдатнае выкананне баявых заданняў камандавання і гераічныя подзвігі на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі». Такім чынам, ён стаў першым тройчы Героем Савецкага Саюза! Камандуючы 8-й Паветранай арміяй генерал-лейтэнант Хрукін напісаў ва ўзнагародным лісце: «Найлепшы савецкі ас, важак, найадважнейшы з адважных, варты прысваення найвышэйшай урадавай узнагароды».

Камандуючы авіяцыйнай дывізіяй, Пакрышкін вызваляў Польшчу, Румынію, удзельнічаў у Берлінскай наступальнай аперацыі і скончыў вайну ў Чэхаславакіі. Усяго ён выканаў больш за 600 баявых вылетаў, прыняў удзел у 156 паветраных баях, афіцыйна збіў 53 варожыя самалёты асабіста і 6 — у складзе групы. Камандуючы 1-м Украінскім фронтам Маршал Савецкага Саюза Іван Конеў пісаў пра Пакрышкіна: «Ён паказаў сябе на фронце не толькі чалавекам вялікай асабістай адвагі, але і як выдатны арганізатар баявых дзеянняў. Пакрышкін — гонар нашай авіяцыі...»

Асаблівую ўвагу Аляксандр Іванавіч удзяляў падрыхтоўцы лётных кадраў, іх баявой вывучцы. 30 лётчыкаў, якія прайшлі «школу А. І. Пакрышкіна», сталі Героямі Савецкага Саюза, а трое з іх — двойчы. У адным з інтэрв'ю Аляксандр Іванавіч сказаў: «Вопыту набіраўся не па крупінках, як прынята казаць, а па кроплях крыві сваёй і баявых сяброў...»

24 чэрвеня 1945 года палкоўнік Пакрышкін у якасці сцяганосца ў складзе зводнага палка 1-га Украінскага фронту ўдзельнічаў у знакамітым Парадзе Перамогі на Краснай плошчы. У мемуарах «Неба вайны» ён успамінаў: «У зводных палках франтоў ішлі генералы і салдаты, пяхотнікі, артылерысты, лётчыкі... Яны неслі сцягі, якія былі авеяны славай шматлікіх бітваў, зіхацелі прамянямі найвялікшай Перамогі».

У пасляваенны час Аляксандр Пакрышкін скончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ, авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі імя К. Я. Варашылава, праходзіў службу на розных камандных пасадах у войсках супрацьпаветранай абароны краіны, стаў кандыдатам ваенных навук. На працягу 10 гадоў (з 1972 па 1981 год) маршал авіяцыі ўзначальваў Цэнтральны камітэт Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ). З лістапада 1981 года ў якасці ваеннага інспектара-саветніка быў уключаны ў склад Групы генеральных інспектараў Міністэрства абароны СССР.

Аляксандр Іванавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны, з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 2—10-га скліканняў, членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 9-га склікання.

Узнагароджаны 17 ордэнамі СССР, сярод якіх — 6 ордэнаў Леніна, а таксама многімі медалямі. Подзвігі славутага аса-знішчальніка прызнаныя не толькі ў Расіі: Пакрышкін — заслужаны ваенны лётчык Францыі, кавалер залатога медаля ЗША «За баявыя заслугі», ордэнаў і медалёў Балгарыі, Польшчы, Чэхіі, Румыніі, Манголіі.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Загаловак у газеце: У небе — Пакрышкін!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.