Вы тут

Як у Гродзенскай вобласці дбаюць пра якасць малака


Кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчай галіны паглядзелі, як на практыцы забяспечваецца якасць прадукцыі на ўсіх этапах. Важнасць гэтай тэмы абумоўлена высокім эканамічным эфектам малочнай галіны як на айчынным, так і на замежных рынках. Падчас семінара было падкрэслена, якія рэзервы трэба задзейнічаць, каб дасягнуць высокай планкі ў вытворчасці малака і гарантаваць яго якасць.


Адкуль ідзе вялікае малако

Малочнатаварны комплекс «Янава» ўступіў ў строй некалькі гадоў таму. Гэта адзін з тых аб'ектаў, якія будаваліся ў рамках дзяржаўнай праграмы згодна з указам Прэзідэнта. За чатыры гады ўдалося дасягнуць добрых вынікаў — сярэднегадавыя надоі на ферме складаюць 7,1 тыс. кг малака на карову. І гэты паказчык значна вышэйшы, чым у цэлым па гаспадарцы, адзначыў старшыня ААТ «Хацькаўцы» Ваўкавыскага раёна Аляксандр Жылінскі. Больш як 90 % складае таварнасць малака. Гэта значыць, што столькі ідзе на рынак і, вядома, прыносіць прыбытак гаспадарцы.

Каб дабіцца высокай таварнасці, тут працуюць комплексна. Як адзначаюць спецыялісты, шукаць малако ў даільных залах ужо позна, гэта трэба пачынаць з умоў утрымання жывёлы. Кароў трэба больш пускаць на выпас, каб яны больш знаходзіліся ў прыродных умовах. Вельмі важна, каб карова не дыхала аміякам, не атручвала свой арганізм і не хварэла. На ферме прымаюцца меры па прафілактыцы мастытаў. Вядзецца работа па недапушчэнні кетозаў — парушэнняў абмену рэчываў, што выклікае захворванні тых ці іншых органаў. Бо малако ад хворай каровы проста не прымуць на перапрацоўку. Кантроль за якасцю пачынаецца з фермы і праходзіць яшчэ некалькі этапаў, пакуль малако трапіць да спажыўца ў выглядзе гатовай прадукцыі.

Стаўка на давер

Малако з фермы «Янава» вязуць на ваўкавыскае прадпрыемства «Беллакт». Тут кожная цыстэрна праходзіць дэзынфекцыйны бар'ер і абмываецца зверху спецыяльнай палівачнай сістэмай. Пасля гэтага малако трапляе на праверку ў лабараторыю. Удзельнікі семінара маглі назіраць, як лабарант правярае пломбы на люках цыстэрнаў, а затым кіроўца здымае іх. Пробы на аналіз бяруцца з кожнага люка, прычым аб'ём іх павінен быць не менш за адзін літр. Усе ёмкасці адпраўляюцца ў лабараторыю, дзе праходзяць кантроль у адпаведнасці з нарматывамі і тэхнічным рэгламентам бяспекі малака.

Стратэгія — якасць малака

Удзельнікі семінара ўпэўніліся — бяспекі ў вытворчасці малака можна дабіцца пры цесным узаемадзеянні перапрацоўчых прадпрыемстваў і сыравіннай зоны. «Важна даць на ўзбраенне веды, вопыт, навыкі, каб людзі не здзяйснялі правапарушэнняў у гэтай галіне», — адзначыў старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.

Практыка-арыентаваны семінар якраз з ліку такіх прафілактычных мерапрыемстваў, дзе прадэманстраваны шляхі павышэння якасці і бяспекі малочнай прадукцыі па ўсім ланцужку вытворчасці. Калі адно звяно дасць збой, гэта адаб'ецца на канчатковым выніку. І малако будзе мець ніжэйшы гатунак і, адпаведна, ніжэйшы кошт. У Гродзенскай вобласці, напрыклад, стаіць задача атрымаць 60 % малака гатункам экстра. У многіх гаспадарках Гродзенскай вобласці гэты паказчык значна вышэйшы, а на ферме «Янава» ён складае 94 %. Міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц высока ацаніў тэхналогіі і падыходы да бяспекі малака на комплексе. «У свеце шмат розных методык вызначэння шкодных рэчываў — антыбіётыкаў, саматычных клетак. На гэтай ферме ўжываюць спосабы, даступныя для кожнай фермы, каб у кароткія тэрміны забяспечыць кантроль якасці прадукцыі», — падкрэсліў міністр.

Аб актуальнасці гэтага кірунку сведчыць і высокі экспартны патэнцыял. Планы паставак малака за мяжу з кожным годам павялічваюцца. І ў 2019-м трэба рэалізаваць на экспарт 5,8 млн тон, што амаль на 2 млн тон больш, чым летась. Самы выгадны партнёр — Расія. Таму гэты рынак вельмі важна ўтрымаць.

«Мы вядзём падрыхтоўку да гэтага яшчэ з мінулага года, — растлумачыў Леанід Заяц, — і маем намер спалучыць нашы электронныя сертыфікаты з расійскімі. Для гэтага спецыялісты ветэрынарнага нагляду Беларусі працуюць у цесным кантакце з расійскімі адпаведнымі службамі, каб забяспечыць суправаджэнне нашай прадукцыі з дапамогай электронных ветэрынарных сертыфікатаў. Упэўнены, што з 1 ліпеня мы таксама ўвойдзем у гэту сістэму».

У тэму: Рэкордную планку ў 10 тысяч кілаграм малака ад каровы мяркуюць дасягнуць сёлета СВК імя Дзяншчыкова і «Свіслач» Гродзенскага раёна. Абедзве гаспадаркі з'яўляюцца лідарамі па надоях малака ў Гродзенскай вобласці. Пры гэтым «Свіслач» здае на камбінат гатункам экстра 97,7 % малака.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Малочны паток з гарантыяй

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.