Вы тут

Прэзентавана кніга «Хатынь. Трагедыя беларускага народа»


Кожная краіна мае свае мясціны, якія з’яўляюцца своеасаблівай Меккай, цэнтрам нацыянальнага пакланення, прымірэння, памяці. Для Беларусі гэта Хатынь. Назва вёскі стала сімвалам трагедыі беларускага народа ў Другой сусветнай вайне. Днямі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прэзентавала кнігу «Хатынь. Трагедыя беларускага народа», прысвечаную 75-годдзю гібелі вёскі Хатынь. Аўтар — дырэктар мемарыяльнага комплексу, кандыдат гістарычных навук Артур Зельскі.


Навукова-папулярнае выданне адметнае тым, што ў ім упершыню прадстаўлены звесткі з гісторыі вёскі з часоў першых згадак пра яе. Дакладны час з’яўлення Хатыні невядомы. Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што існавала яна ўжо ў сярэдзіне XVI стагоддзя і называлася тады Хотынь. Гэты час быў «залатым векам» для сярэднявечнай беларускай дзяржавы. У спакоі і дабрабыце жыла і вёска, ператварылася ў даволі вялікае сяло. Колькасць жыхароў налічвала 13 службаў. У тыя часы «служба» складалася звычайна з 2—3 і больш «дымоў» — сялянскіх гаспадарак. Адпаведна, колькасць «дымоў» у Хатыні была прыблізна 30—40, а жыло ў вёсцы не менш за 200 чалавек. Заможнасць хатынцаў забяспечвала не вырошчванне збожжа, а «ловы» — паляўнічыя ўгоддзі, бортніцтва, воск, што здабывалі жыхары. Агулам даніна ўладальнікам зямлі Тышкевічам складала 20 пудоў мёду і «серабшчызны» — грашовай павіннасці — па 12 грошай ад «сахі» — зямельнага надзелу — штогод. На працягу стагоддзяў ішла мірная праца на родных палетках, пашыраўся дабрабыт, узрасталі новыя пакаленні дзетак-беларусікаў. Каб праз чатыры стагоддзі быць спаленымі жыўцом рукамі карнікаў...

Людзі добрыя, помніце!

Мы любілі жыццё

І Радзіму, і вас, дарагія.

Мы згарэлі жывымі ў агні.

Наша просьба да ўсіх:

Хай жалоба і смутак

Абернуцца ў мужнасць і сілу,

Каб змаглі ўвекавечыць вы

Мір і спакой на зямлі,

Каб нідзе і ніколі

У віхуры пажараў

Жыццё не ўмірала!

Ніл Гілевіч

 Былі забіты ці згарэлі жывымі ў агні 149 чалавек, сярод іх 75 дзяцей. Можна зразумець вайну, калі ідзе бітва на ратным полі. Зразумець, аднак не апраўдаць. Але ніяк не зразумець, не апраўдаць, не дараваць забойства мірных жыхароў!

Пякучы боль Хатыні — гэта боль усёй Беларусі, бо тысячы населеных пунктаў падзялілі лёс спаленай вёскі. Шмат з іх не адрадзілася пасля вайны. У выданні «Хатынь. Трагедыя беларускага народа» распавядаецца пра іншыя беларускія вёскі, знішчаныя ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Кніга прызначана найперш для моладзі — менавіта ад яе залежыць, якой будзе наша краіна. «Тое, што цяпер адбываецца ў свеце, прымушае звяртацца да трагічных падзей мінулых гадоў. Бо гісторыя паўтараецца. Рыхтуючы гэту кнігу, мы хацелі выклікаць у чытачоў глыбокія эмоцыі, нагадаць, што падчас войнаў ахвярамі становяцца самыя безабаронныя... На прыкладзе Хатыні мы імкнуліся паказаць, што трагедыя агульная», — падзяліўся ўражаннямі ад працы дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.

 Падчас падрыхтоўкі выдання супрацоўнікі рэдакцыі сустрэліся з адзіным сведкам і ў той жа час ахвярай жудасных падзей 22 сакавіка 1943 года Віктарам Жалабковічам. На момант трагедыі яму было 7 гадоў. Смяротна параненая маці ў палаючай пуні захінула яго сабою, тым і выратавала дзіцяці жыццё. Шмат разоў спадар Віктар распавядаў пра гэта, але не змог стрымаць эмоцый і хвалявання.

Кніга надрукавана па-беларуску, па-руску і па-англійску і стала своеасаблівым помнікам і Хатыні, і ўсім спаленым разам з людзьмі вёскам, разбураным гарадам: кніга панарамная. Выданне багата ілюстравана фотаздымкамі часоў вайны, каторыя ствараюць карціну ўсеагульнай народнай бяды.

«Беларускія Хатыні — гэта нешта настолькі злавеснае, што людзям планеты нялёгка да канца ўсвядоміць і да канца адчуць нават пасля асвенцымаў і бухенвальдаў. Беларускія Хатыні — гэта тая рэальнасць, практыка, якую фашызм рыхтаваў цэлым краінам і кантынентам, але шырока распачаць паспеў толькі тут...» — словы Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка з кнігі «Я з вогненнай вёскі» пераканаўча гучаць і сёння. Хатынь — не толькі сімвал памяці і волі. У Алтайскім краі знаходзіцца помнік-пабрацім нашай Хатыні. Каб стварыць яго, у 1980-я гады на Алтай была перавезена прыгаршча хатынскай зямлі. Сёння Хатынь мусіць стаць цэнтрам, які злучыць людзей па ўсім свеце, знітуе промнямі памяці, каб ніколі больш у свеце не паўтарылася падобная трагедыя.

Яна БУДОВІЧ

Загаловак у газеце: Промнямі памяці

Каментары

Партызаны любілі змагацца з паліцэйскімі са знішчэннем іх сямей, г.зн. не грэбавалі знішчэннем і мірных савецкіх грамадян, - дзяцей, жанчын, г.д. Ці не так?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».