10 год творчай дзейнасці адзначыў клуб «Субацея», створаны ў вёсцы Леванова Барысаўскага раёна.
Яго ўдзельніцы – таленавітыя і энергічныя жанчыны сталага ўзросту, якія спяваюць народныя песні і прыпеўкі, танчаць, вышываюць ручнікі і накідкі, пякуць найсмацнейшы хлеб. Роўна столькі ж год тут існуе і музей народнай творчасці і побыту, створаны на базе мясцовай бібліятэкі. Значную дапамогу ў стварэнні музея аказалі менавіта ўдзельнікі клуба «Субацея». Сярод экспанатаў ёсць асабліва каштоўныя рэчы. Напрыклад, ручнік 1915 года, калыска 1940 г., калаўрот 1890 г., калекцыя карункаў, сплеценых рукамі мясцовых майстрых, абразоў канца 19 стагоддзя.
На ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтым знакавым датам, завіталі прадстаўнікі мясцовай ўлады, калегі з барысаўскай бібліятэкі імя І.Каладззева, жыхары вескі. Прыехала на свята і старшыня Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку і намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» Лілія Ананіч. Грамадскі дзеяч шчыра павітала землякоў і падзякавала ім за цудоўны канцэрт творчай самадзейнасці. Таксама Лілія Станіславаўна ўручыла удзельнікам клуба «Субацея» салодкія падарункі, кветкі. Ганаровай граматай Саюза жанчын была адзначына бібліятэкар сельскай бібліятэкі М.М.Несцяровіч. Таксама ўзнагароды атрымаў клуб «Субацея» і бібліятэка-музей народнай творчасці і побыту вёскі Леванова.
– Леваноўская зямля дала нашай краіне шмат цікавых і таленавітых людзей. Вы паглядзіце на жанчын, якія прадстаўляюць клуб: яны працуюць на энтузіазме. І робяць яны гэта для таго, каб у гэтай вёсцы цяплілася і захоўвалася жыцце. Я думаю, у год малой радзімы кожны грамадзянін патрэбен зрабіць нешта добрае для сваёй краіны: хто можа – адрамантаваць дарогі, хто можа – захаваць нейкія культурныя аб'екты. Але самае галоўнае – трэба душой быць са сваёй радзімай, – падагульніла Лілія Ананіч.
Кацярына ВАРАБ’ЁВА
Фота Кастуся ДРОБАВА
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.