16 Ліпень, панядзелак

Вы тут

18 сакавіка ўнутраным войскам МУС споўнілася сто гадоў


2018-ы адзначаны чарговай унушальнай датай у гісторыі беларускай міліцыі. 18 сакавіка ўнутраным войскам МУС споўнілася сто гадоў.


«Доўг! Гонар! Айчына!»

Служачыя ўнутраных войскаў з моманту заснавання падраздзялення праяўлялі сябе найлепшым чынам як у паўсядзённым жыцці, так і ў перыяд цяжкіх выпрабаванняў для краіны. Паслярэвалюцыйная грамадзянская вайна, Вялікая Айчынная, засілле бандытызму пасля яе заканчэння, выкананне свайго абавязку ў гарачых кропках і месцах стыхійных бедстваў, тэхнагенных катастроф. Штодня больш за тысячу вайскоўцаў ахоўваюць грамадскі парадак па ўсёй краіне. І робяць гэта паспяхова: нездарма ў мінулым годзе колькасць злачынстваў, здзейсненых у грамадскіх месцах, знізілася на 13,5 %. Акрамя гэтага, служачыя ўнутраных войскаў МУС забяспечваюць ахову папраўчых калоній.

У віншавальным слове, звернутым да прадстаўнікоў падраздзялення, міністр унутраных спраў Ігар ШУНЕВІЧ падкрэсліў, што невыпадкова дэвізам ваеннаслужачых унутраных войскаў з'яўляюцца словы «Доўг! Гонар! Айчына!»:

— Гісторыя ўнутраных войскаў — гэта прыклад самаахвярнага служэння Радзіме. У баявой і мірнай абстаноўцы пройдзены слаўны шлях ад невялікай канвойнай каманды да буйнога вайсковага фарміравання. За 100 гадоў змянілася не адно пакаленне вайскоўцаў. Але нязменнымі заставаліся найважнейшыя задачы — ахова грамадскага парадку, абарона інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы. Летапіс іх выканання з'яўляецца праўдзівай школай мужнасці і гераізму.

У гонар юбілею РУП «Белпошта» сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі падрыхтавала тэматычны паштовы праект: марку, канверт «Першы дзень» і спецыяльны штэмпель. У аснове маркі — эмблема ўнутраных войскаў МУС Беларусі, на канверце «Першы дзень» — памятны знак да 100-годдзя ўнутраных войскаў МУС. Тыраж прадукцыі склаў 40 тысяч асобнікаў.

Кульмінацыяй свята сталі ўрачысты канцэрт у Палацы Рэспублікі і маштабнае мерапрыемства на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна». Тут прайшло тэатралізаванае шоу, у якім былі паказаны асноўныя вехі ў гісторыі падраздзялення. Сучасную дзейнасць унутраных войскаў праілюстравалі байцы Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання, якія сумесна з кінолагамі і сапёрамі затрымалі ўзброеных «злачынцаў» на аўтатранспарце, а таксама паказальныя выступленні прадстаўнікоў сталічнай в/ч 3214.

Чырвоная стужка як сімвал шчасця

Але, мабыць, самым галоўным падарункам для служачых унутраных войскаў стала здача ў эксплуатацыю шматкватэрнага жылога дома. Тут разам з сем'ямі будуць жыць прадстаўнікі той самай сталічнай вайсковай часці 3214.

— Дом 19-павярховы, на 132 кватэры. Ёсць як адна-, двух-, так і трохпакаёвыя. Тэрыторыя вакол добраўпарадкавана: дзіцячая пляцоўка, стаянкі для аўтамабіляў і нават велагараж. І самая вялікая перавага — да часці можна дайсці літаральна за тры хвіліны, — расказвае дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва «Усход» Сяргей ПЕРЦАЎ. Арганізацыя займалася будаўніцтвам ужо другога дома для супрацоўнікаў часці 3214, першы быў здадзены ў мінулым годзе. Упраўленне капітальнага будаўніцтва ўвогуле цесна супрацоўнічае з сілавымі структурамі: цяпер у Вайсковым гарадку ва Уруччы прыступілі да будаўніцтва школы, у мінулым годзе там жа здалі дзіцячы сад. Дарэчы, гэта адзінае УКБ у горадзе, якое займаецца будаўніцтвам выключна сацыяльных аб'ектаў.

На ўрачыстай цырымоніі перадачы ключоў прысутнічаў кіраўнік міліцэйскага ведамства генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч, яго намеснік — камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Юрый Караеў, а таксама першы намеснік генеральнага дырэктара ТАА «МАПІД» (якое займалася непасрэдна ўзвядзеннем дома), Іван Хічэўскі, кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Ігар Кудрэвіч — усе разам яны і перарэзалі чырвоную стужку каля ўвахода ў дом.

Цырымонія выдалася хвалюючая. Усім хацелася хутчэй убачыць уласныя кватэры, якія сталі сапраўдным шчасцем пасля здымнага жылля. У многіх сем'ях ужо ёсць дзеці — яны першымі пабеглі аглядаць свае будучыя пакоі.

У трохпакаёвую кватэру на другім паверсе гаспадары ўжо паспелі перавезці некаторыя рэчы. У сям'і Лабанавых трое дзяцей: Ніна, Руслан і Сямён, таму прастор — як мага дарэчы. Галава сямейства маёр Аляксей Лабанаў з'яўляецца не толькі служачым вайсковай часці 3214, але і слухачом факультэта Генштаба Ваеннай акадэміі. Балазе ў новай кватэры месца знойдзецца для ўсяго: і для дзіцячых гульняў, і для грунтоўнай падрыхтоўкі да заняткаў. А каб у гэтым доме ўсіх суправаджала толькі шчасце, гаспадары вырашылі рушыць услед старажытнай традыцыі і першай пусцілі за парог кошку.

— Уласнае жыллё дазволіць афіцэру вырашыць надзённыя праблемы. Ён нясе службу і ноччу, і раніцай, таму павінен ведаць, што яго сям'я ўладкаваная. Гэты дом знаходзіцца ў выдатным мікрараёне, дзе ціха і спакойна, побач ёсць дзіцячы сад і школа. А блізкасць да размяшчэння забяспечвае не толькі зручнасць, але і пастаянную баявую гатоўнасць, — адзначыў камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Юрый Караеў.

Наступныя дамы будуць будаваць для тых, хто стаіць на чарзе з 2014 года. І гэта вельмі добры паказчык, асабліва для Мінска.

Служачыя ўнутраных войскаў заўсёды прысутнічаюць у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў. Вялікая адказнасць ляжыць на прадстаўніках сапёрна-піратэхнічнага падраздзялення. Нярэдка яны выконваюць свае задачы дзякуючы кіналагічнай службе. Акрамя таго, спецыялісты з сабакамі актыўна дапамагаюць падраздзяленням па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Асаблівая адказнасць у наступным годзе ляжа на служачых унутраных войскаў падчас правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Для забеспячэння эфектыўнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў і падраздзяленняў спецназа плануецца будаўніцтва тактыка-штурмавога комплексу, а таксама рэканструкцыя вайсковага стрэльбішча «Валоўшчына».

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Бяспека на службе і ўтульнасць дома

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Дзяніс Валынцаў: Польшча стала для мяне добрым трамплінам

Дзяніс Валынцаў: Польшча стала для мяне добрым трамплінам

Пра лёс і гандбол за 40 хвілін ад беларускай мяжы.

Грамадства

Як працуюць нарыхтоўшчыкі чарніц у сезон

Як працуюць нарыхтоўшчыкі чарніц у сезон

«За два тыдні зарабіў 1400 рублёў».

Эканоміка

У Мінску аплачаную маёмасць не аддаюць ва ўласнасць, а прадаюць з аўкцыёну

У Мінску аплачаную маёмасць не аддаюць ва ўласнасць, а прадаюць з аўкцыёну

Памяшканні не здадзеныя ў эксплуатацыю, забудоўшчык аб'явіў аб банкруцтве.