Вы тут

Аляксандр Раманавіч Ільюкевіч — легенда беларускага вышуку


Адным з самых вядомых беларускіх сышчыкаў пачатку ХХ стагоддзя быў Аляксандр Раманавіч Ільюкевіч. За сваю адданасць абранай прафесіі і высокае прафесійнае майстэрства стаў сапраўднай легендай крымінальнага вышуку Беларусі: Аляксандру Ільюкевічу ўдалося служыць пры чатырох (!) уладах, і кожны раз пры палітычных зменах яго прасілі застацца, фактычна не меняючы сваёй пасады. У 1911—1917 гадах ён узначальваў вышуковае аддзяленне Мінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення, а ў далейшым — крымінальны вышук Мінскай гарадской міліцыі.


Аляксандр Ільюкевіч нарадзіўся 11 кастрычніка 1878 годзе ў вёсцы Выгода Слуцкага павета Мінскай губерні (сёння — Капыльскі раён Мінскай вобласці) у беларускай сялянскай сям'і. Службу пачаў 31 мая 1899-га на пасадзе канцылярскага служыцеля 3-га разраду Мінскага павятовага паліцэйскага ўпраўлення, дзе ў чэрвені стаў столаначальнікам, а ў лютым 1902-га — сакратаром. Пастановай Мінскага губернскага праўлення ад 23 снежня 1904 года прызначаны на пасаду прыстава 1-га стану Мазырскага павета. У жніўні 1905-га яго пераводзяць прыставам у 3-і стан Мінскага павета (мястэчка Койданава). «Найвысачэйшым загадам па грамадзянскім ведамстве ад 4 жніўня 1909 г. за адзнаку па службе» быў узведзены ў чын калежскага рэгістратара.

22 жніўня 1904-га Аляксандр Раманавіч Ільюкевіч абвянчаўся з дваранкай Лізаветай Іванаўнай Шых-Шышкоўскай праваслаўнага веравызнання. У іх нарадзіліся трое дзяцей: Клаўдзія, Аляксандр і Ксенія.

Загадам Мінскага губернатара ад 22 студзеня 1911 года А. Ільюкевіча прызначылі начальнікам вышуковага аддзялення пры Мінскім гарадскім паліцэйскім упраўленні, узначальваць якое яму давялося да 1917-га.

Як сведчаць рапарты і хадайніцтвы найвышэйшага кіраўніцтва (губернатара і паліцмайстра), вышуковае рамяство стала прызваннем Аляксандра Ільюкевіча, які непасрэдна ўдзельнічаў у затрыманні злачынцаў, паказваючы пры гэтым прыклады мужнасці і адвагі.

Так, 27 чэрвеня 1912 года ў мінскай гасцініцы «Метраполь» ён затрымаў узброеных зладзеяў Франца Вяржбіцкага і Кацярыну Юргіну, якія здзейснілі «рад дзёрзкіх буйных крадзяжоў у Мінску і Гродзенскай губерні». За затрыманне злачынцаў губернатар хадайнічаў аб узнагароджанні Ільюкевіча ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені.

«Найвысачэйшым загадам па Грамадзянскім ведамстве ад 1 красавіка 1913 г. за № 18» Аляксандр Раманавіч Ільюкевіч «узведзены за выслугу гадоў у губернскія сакратары з 4 жніўня 1912 г.», а 6 снежня 1912 г. узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 3-й ступені.

Пасля рэвалюцыйных падзей лютага і кастрычніка 1917-га ён увайшоў у лік тых службоўцаў паліцыі Мінска, якіх новыя ўлады не звольнілі. Больш за тое, яму, як сапраўднаму знаўцу сваёй справы, даверылі ўзначаліць крымінальны вышук — заняць пасаду загадчыка крымінальнага аддзялення мінскай гарадской міліцыі. Адзначым, што працаваў Ільюкевіч на гэтай пасадзе як пры Часовым урадзе, так і пры савецкай уладзе; дарэчы, у 1917-м — пад кіраўніцтвам першага начальніка мінскай міліцыі Міхаіла Фрунзэ, а ў 1918—1919 гг. — Яўхіма Кроля, які пасля ўзначальваў міліцыю БССР.

Супрацоўнікі міліцыі, якія спасцігалі асновы вышуковага рамяства пад кіраўніцтвам Аляксандра Ільюкевіча, склалі ў далейшым прафесійны касцяк крымінальнага вышуку савецкай Беларусі.

У жніўні 1920 года Ільюкевіча арыштаваў асобы аддзел Заходняга фронту па абвінавачанні ў контррэвалюцыі. Віна яго палягала на тым, што ў 1919 г. ён апынуўся ў акупаваным польскімі войскамі Мінску, дзе і пры новай уладзе працягваў выконваць свае прафесійныя абавязкі — лавіць забойцаў і рабаўнікоў мірнага насельніцтва. Аднак тады разабраліся, і ў верасні па пастанове рэвалюцыйнага трыбунала Заходняга фронту А. Ільюкевіча вызвалілі з-пад варты.

З 1923 г. ён працаваў інструктарам у Народным камісарыяце земляробства БССР. 8 ліпеня 1926 г. былога начальніка крымінальнага вышуку зноў арыштавалі і абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Дазнанне праводзілі супрацоўнікі ДПУ БССР. На гэты раз яму інкрымінавалася, што, будучы начальнікам Мінскага вышуковага аддзялення, «аказваў жандарскаму ўпраўленню садзейнічанне ў барацьбе з рэвалюцыйным рухам». Прыгадалі і 1919 год, калі Ільюкевічу, на думку чэкістаў, не хапіла «грамадзянскай мужнасці» пакінуць Мінск.

Пра стаўленне да Аляксандра Ільюкевіча чэкісцкага ведамства красамоўна сведчыць службовая запіска начальніка сакрэтнага аддзела ДПУ БССР І. Д. Рэмізава (1889—1943). Падаём вытрымкі з яе з захаваннем арыгінальнай лексікі: «Был приставом. Любил уголовное дело, при том имел большие способности к этой работе. Начальство (губернатор) оценило и назначило его начальником сыскного отделения гор. Минска. Ильюкевич начальником Сыскного отделения оставался при всякой сменяемой власти, причем каждая новая власть (немецкая, польская и даже Сов.) в лице Ильюкевича усматривала ни с кем не сравнимого сыщика».

10 лістапада 1926 года дачка Аляксандра Ільюкевіча Клаўдзія накіравала заяву ў Прэзідыум калегіі АДПУ СССР з просьбай паставіцца больш уважліва да справы яе бацькі і па магчымасці хутчэй разгледзець яе. У гэтай заяве, у прыватнасці, адзначалася: «Бацька мой увесь час чэсна і сумленна выконваў сваю работу, цалкам заслужана мог бы лічыцца чалавекам, які садзейнічаў умацаванню Савецкай улады. Па службе, як у дарэвалюцыйны час, так і пасля, сутыкаючыся з насельніцтвам, як чалавек сумленны карыстаўся ўсеагульнай любоўю і павагай».

У абарону Ільюкевіча напісалі і сяляне Макаўчыцкага сельсавета Койданаўскага раёна Мінскай акругі: «Сын нашага хутараніна Рамана Ільюкевіча — Аляксандр Раманавіч Ільюкевич — па распараджэнні Мінскага ДПУ 8 ліпеня г/г арыштаваны і да цяперашняга часу ўтрымліваецца ў Мінску пад вартай за ДПУ. У чым абвінавачваецца Ільюкевіч, мы не ведаем, але ўжо дзясяткі гадоў ведаем яго як чалавека бездакорнай чэснасці, сумленнасці і прыстойнасці. У яго лаяльнасці і да Савецкай Улады таксама нельга сумнявацца, паколькі нам добра вядома, што ён увесь час да дня арышту знаходзіўся на савецкай службе».

Але гэтыя просьбы не падзейнічалі належным чынам.

29 лістапада 1926 года калегія АДПУ прысуджае Аляксандра Ільюкевіча да расстрэлу.

Кропка ў гісторыі гэтай крымінальнай справы была пастаўлена 13 кастрычніка 1997 года, калі рашэннем Пракуратуры Рэспублікі Беларусь адзін з найлепшых беларускіх сышчыкаў Аляксандр Раманавіч Ільюкевіч быў рэабілітаваны.

Юрый Кур'яновіч

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.