Вы тут

Выйшлі кнігі «Нарысы гісторыі культуры Беларусі» і «Беларускі касцюм»


Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі на сумеснай імпрэзе прэзентавалі два важныя навуковыя выданні. Гэта серыя «Нарысы гісторыі культуры Беларусі» ў 4 тамах (пад навуковай рэдакцыяй акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Лакоткі), якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука», а таксама кнігі кандыдата гістарычных навук Валянціны Бялявінай і доктара гістарычных навук Любові Ракавай «Беларускі касцюм», надрукаванай выдавецтвам «Беларусь».


Чатырохтомнае фундаментальнае выданне «Нарысы гісторыі культуры Беларусі», у якім адлюстравана гісторыя культуры Беларусі ад эпохі Сярэднявечча да нашых дзён, стала вынікам шматгадовай працы вучоных Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. Першы том серыі прысвечаны пытанням паходжання, фарміравання і развіцця шляхецкай культуры ХІV — пачатку ХХ стагоддзя. У другім томе разглядаюцца асаблівасці эвалюцыі культуры беларускага горада ў Х — пачатку XX стагоддзя. Трэці том складаецца з дзвюх кніг, у якіх асвятляюцца асаблівасці эвалюцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускай вёскі ХІV — пачатку ХХ стагоддзя. Завяршае серыю чацвёрты том, дзе аналізуюцца этапы эвалюцыі, тэндэнцыі і вопыт айчыннай архітэктуры, прафесійнага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйных мастацкіх рамёстваў, экранных мастацтваў, музычнага і тэатральнага мастацтва ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Такое даследаванне не мае аналагаў і з'яўляецца фундаментальнай асновай для навуковага суправаджэння развіцця нацыянальнай культуры.

Праца-падсумаванне этнолагаў Бялявінай і Ракавай «Беларускі касцюм» упершыню раскрывае гістарычнае развіццё касцюма ўсіх асноўных сацыяльна-саслоўных груп гарадскога і вясковага насельніцтва Беларусі з ранняга сярэднявечча да сучаснасці. Да нядаўняга часу пад касцюмам беларусаў разумеўся толькі традыцыйны касцюм вяскоўцаў, тады як велізарны пласт культуры магнатаў, шляхты і гараджан заставаўся за межамі інтарэсаў даследчыкаў. Таму праца Бялявінай і Ракавай з'яўляецца вельмі актуальнай і запатрабаванай. Аўтары сабралі велізарны факталагічны матэрыял, значная частка якога ўпершыню ўведзена ў навуковы зварот, і прааналізавалі яго з дапамогай новых метадалагічных пазіцый. Кніга багата праілюстравана творамі мастацтва ХVІ—ХІХ стагоддзяў і фотаздымкамі ХІХ—ХХ стагоддзяў.

Спецыяльна да прэзентацыі выданняў была падрыхтавана кніжная выстаўка, прысвечаная гісторыі беларускага касцюма, жаночага і мужчынскага, развіццю ткацтва, вышыўкі і іншым прыкладам мастацкага аздаблення адзення.

На выстаўцы ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прадэманстраваны таксама апошнія найбольш цікавыя выданні Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прысвечаныя беларускай традыцыйнай культуры, вясковай і гарадской, а таксама духоўнай культуры беларусаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам

Лукашэнка: Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам

У Беларусі праходзіць афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Судан.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.