Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем аб завяршэнні біятлоннага сезона, выніках дамашняга чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце і выступленні беларускіх гандбольных клубаў на прэстыжных еўрапейскіх турнірах.


1. Дар'я Домрачава выйграла заключную гонку з масавага старту на дзявятым этапе Кубка свету па біятлоне ў Цюмені.

Другое месца дасталося Паўліне Фіялкавай з Чэхіі, бронзавым прызёрам стала Анаіс Шэвалье з Францыі.

— Выйграла ў Цюмені дзве гонкі — спрынт і мас-старт. Цудоўны вынік! Аднак заўсёды можна дамагчыся большага. Напрыклад, у агульным заліку заняла трэцяе месца, а хацелася першае, — расказала Дар'я Домрачава. — У сезоне было нямала цяжкасцяў, праз якія давялося прайсці. Цяпер адправімся з Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам у Нарвегію, дзе будзем у лёгкім рэжыме катацца на лыжах, праводзіць шчаслівыя сямейныя дні.

Надзея Скардзіна заняла 16-е месца, Ірына Крыўко размясцілася на 24-й пазіцыі. Жаночы мас-старт быў цікавы і супрацьстаяннем за вялікі Хрустальны глобус паміж Кайсай Мякярайнен і Анастасіяй Кузьміной. Фінка размясцілася вышэй за сваю канкурэнтку ў мас-старце і абышла яе ў агульным заліку. Бронзавым прызёрам Кубка свету стала Дар'я Домрачава. У агульным заліку ў мужчын перамогу святкаваў Мартэн Фуркад з Францыі.

Дар'я Домрачава па колькасці перамог у Кубках свету за кар'еру зраўнялася з нямецкай біятланісткай Магдаленай Нойнэр — у абедзвюх па 34 вікторыі.

Наша жаночая зборная заняла восьмае месца ў Кубку нацый па выніках сезона. У ходзе выступлення ў Кубку свету беларускія біятланісткі зарабілі 4912 ачкоў. Першае месца ў страляючых лыжніц з Германіі — 6179 балаў, Францыя заняла другую пазіцыю — 5887, на трэцім радку рэйтынга размясціліся спартсменкі з Італіі — 5407.

Мужчынскі Кубак нацый выйгралі біятланісты Нарвегіі — 6458 балаў. Беларуская каманда з 3415 ачкамі размясцілася на 15 месцы.


2. Ігнат Галавацюк заваяваў тры ўзнагароды на ІV студэнцкім чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце ў Мінску.

Найвышэйшую ўзнагароду спартсмен выйграў у мас-старце, а таксама падняўся на другую прыступку п'едэстала па выніках выступлення на дыстанцыі 500 м і 1000 м. У скарбонцы беларускай каманды таксама «бронза» Аляксея Кірпічніка ў забегу на 10 000 м.

Найбольшая колькасць залатых медалёў на спаборніцтвах, якія завяршыліся ў Мінску, у спартсменаў з Японіі — пяць узнагарод найвышэйшай пробы. Нагадаем, у чэмпіянаце прынялі ўдзел прадстаўнікі 14 краін.


3. Вікторыя Азаранка прабілася ў 1/8 фіналу тэніснага турніру катэгорыі «Прэм'ер» у амерыканскім Маямі.

У матчы 3-га раўнда беларуска сустракалася з латвійскай тэнісісткай Анастасіяй Севаставай і перамагла — 3:6, 6:4, 6:1. Наступнай саперніцай Вікторыі стане полька Агнешка Радваньска.

Нагадаем, раней з турніру выбылі беларускі Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка, якія пацярпелі паражэнні ў гульнях другога круга.


4. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў прайграў французскаму «Нанту» 24:32.

Паядынак у адказ каманды правядуць 1 красавіка ў Францыі.

Гандбалісты мінскага СКА прайгралі ў гасцях нямецкаму «Магдэбургу» ў перадапошнім матчы групавога этапу розыгрышу Кубка ЕГФ 30:35. Гэта паражэнне пазбавіла армейцаў шанцаў на выхад у плэй-оф. У заключным туры 31 сакавіка мінскі СКА прыме дома «Татран».


5. Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) паспяхова правялі матч адборачнага турніру ЧЕ-2019.

У гасцявым паядынку з Сан-Марына падапечныя Людаса Румбуціса дамагліся перамогі — 2:0. Галы на рахунку Яўгена Шаўчэнкі і Дзмітрыя Анцілеўскага.

Становішча камандаў у 1-й кваліфікацыйнай групе: Грэцыя — 16 ачкоў (6 матчаў), Харватыя — 13 (6), Беларусь — 10 (6), Чэхія — 10 (5), Малдова — 3 (6), Сан-Марына — 0 (7).

Наступны матч беларуская «маладзёжка» правядзе 6 верасня ў гасцях у каманды Малдовы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Цудоўны вынік!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».