Вы тут

Эксперты пра рэгіянальную бяспеку і асноўных партнёраў Беларусі


На мінулым тыдні з'явілася новая экспертная ініцыятыва — маніторынг знешняй палітыкі і рэгіянальнай бяспекі Беларусі «Мінскі барометр». У ім аналітыкі кожныя два месяцы будуць адсочваць змяненні ў названых сферах па індэксах, нібыта выстаўляючы адзнакі.


Адэкватная самаабарона

Дзяніс Мельянцоў, палітолаг-міжнароднік, рэдактар маніторынгу, адзначыў, што па індэксе бяспекі наша краіна зараз мае зялёны ўзровень. Гэта азначае ўвагу дзяржавы да ўласнай абароны, якая непасрэдна не нясе небяспекі і не абавязкова можа весці да эскалацыі напружанасці. Акрамя таго, эксперты ацанілі падзеі, якія адбыліся паміж Беларуссю і Расіяй, Еўрапейскім саюзам, Кітаем, ЗША, Украінай па спецыяльнай шкале. Аказалася, што самыя лепшыя паказчыкі ў нас з Расіяй, Кітаем і ЕС. Але эксперты папярэджваюць, што гэта толькі паказвае на тэндэнцыю развіцця адносін, а не з'яўляецца паказчыкам радыкальных змен у іх.

Не тое ісціна, пра што пішуць СМІ

Як адзначаецца ў аналізе, адна са станоўчых тэндэнцый у адносінах Беларусі і Расіі — інтэграцыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, выйшла на новы ўзровень, бо ўступіў у сілу Мытны кодэкс. Праўда, гэта не вырашыла праблему са ўзаемным доступам тавараў на рынкі Расіі і Беларусі. З іншага боку, паступова адбываецца ўрэгуляванне палітычных праблем у двухбаковых адносінах.

Валерыя КАСЦЮГОВА, палітычны аглядальнік і кансультант, кіраўнік Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы, якая спецыялізуецца на беларуска-расійскіх адносінах, лічыць, што СМІ неапраўдана шмат увагі ўдзяляюць спрэчкам паміж нашымі краінамі аб пастаўках прадукцыі. Хоць па факце гэта не надта моцна адбіваецца на двухбаковых стасунках і канцэптуальна не ўплывае на іх. Наадварот, з сярэдзіны мінулага года паступова вырашаюцца ўсе накопленыя супярэчнасці першага паўгоддзя 2017-га. Праўда, пытанні па ўрэгуляванні пакуль не вырашаны, а адкладзены на пэўны час, лічыць эксперт.

Па прагнозе «Барометра», у найбліжэйшы перыяд адносіны Беларусі з Расіяй будуць канцэнтравацца на вырашэнні канфліктных пытанняў двухбаковага гандлю. Хутчэй за ўсё, расійскія лабісты будуць падштурхоўваць беларускае кіраўніцтва да згоды замкнуць асноўныя таварныя патокі харчавання на набліжаных да Крамля буйных імпарцёрах і працаваць па фіксаваных цэнах. Разам з тым Беларусь за апошні год прасунулася ва ўменні адстойваць свае інтарэсы з дапамогай кантактаў як са сваімі лабістамі ў Расіі, так і ў ЕАЭС.

Перспектывы з Паднябеснай

Што датычыцца беларуска-кітайскіх адносін, то яны зараз знаходзяцца на высокім узроўні. Адбыўся афіцыйны візіт міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага ў Кітай, а таксама туды прыбыла першая партыя беларускай ялавічыны. Для Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» студзень і люты адзначыліся павелічэннем колькасці рэзідэнтаў да 28, візітам прэм'ер-міністра Латвіі, перагаворамі з Duіsburgеr Hаfеn па набыцці мінарытарнага пакета акцый у кампаніі па развіцці парка і зацвярджэннем шэрагу нарматыўных дакументаў.

Вольга Кулай, аналітык Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, якая спецыялізуецца на вывучэнні Кітайскай Народнай Рэспублікі, лічыць, што адносіны з гэтай краінай трэба разглядаць у рэгіянальным кантэксце. Пасля заяўленай сертыфікацыйнай гатоўнасці беларускіх прадпрыемстваў сёлета можна чакаць рэалізацыі планаў па пастаўцы ў Кітай беларускай прадукцыі (ялавічыны, курынага мяса, малочнай прадукцыі і, магчыма, цукру). Безумоўна, пажадана і паступовае павелічэнне аб'ёмаў такіх паставак, паколькі для Кітая прагноз росту экспарту складае 144 %.

Павелічэнне турыстычнага патоку з Кітая можа адбыцца не раней за ўступленне ў сілу 10-дзённага бязвізавага знаходжання, эканамічны эфект у такім выпадку наступіць па выніках года. Па словах эксперта, кітайцам нявыгадна прыязджаць у нашу краіну на пяць дзён, але павелічэнне гэтага тэрміну зробіць нашу краіну для турыстаў з Кітая больш прывабнай.

Дастаткова рэальнай бачыцца перспектыва павелічэння колькасці рэзідэнтаў «Вялікага каменю» і закрыцця здзелкі з Duіsburgеr Hаfеn АG. На працягу года можна чакаць фармалізацыі лагістычнага супрацоўніцтва з латвійскім бокам, адзначаецца ў маніторынгу. У 2018 годзе стане яшчэ больш заўважнай прысутнасць у Беларусі Міжнароднай кітайскай інвестыцыйнай карпарацыі па кіраванні маёмасці СІTІС і, магчыма, Кітайскай карпарацыі інжынірынгу САМС. У дадатак да ўжо існуючых аб'ектаў пачнуцца работы па праекце Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, па якім СІTІС з'яўляецца генеральным падрадчыкам. Верагодная рэгістрацыя праекта па вытворчасці робатаў у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку ў найбліжэйшы час.

Пакуль без прарыву

Адносіны Беларусі і Еўрапейскага саюза напаўняюцца праектным супрацоўніцтвам і галіновымі дыялогамі, якія факусіруюцца на канкрэтных праблемах і магчымасцях. Пры гэтым адсутнічае прагрэс па знакавых тэмах: шэраг важных пагадненняў (напрыклад, аб прыярытэтах партнёрства да 2020 года) ужо некаторы час знаходзіцца ў высокай ступені ўзгаднення, але дагэтуль не падпісаныя.

«Па знакавых тэмах прагрэсу няма, як заявіў нядаўна ў ходзе візіту ў Беларусь еўракамісар Ёханес Хан. Засталося прайсці некалькі метраў, а не кіламетраў, каб заключыць пэўныя дамоўленасці, чаго пакуль не адбываецца. Але ў такім рэжыме мы знаходзімся працяглы час», — адзначыў тэндэнцыю Яўген Прэйгерман, палітолаг-міжнароднік, кіраўнік экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог».

Па яго словах, прарыву чакаць не даводзіцца, хоць у пачатку 2018-га ўзмацнілася станоўчая дынаміка ва ўзаемным гандлі, асабліва прыкметна ўзраслі паказчыкі беларускага экспарту. Паступова расце ўзровень афіцыйных візітаў, як у адносінах з Бруселем, так і з асобнымі еўрапейскімі сталіцамі.

Згодна з прагнозам, у цэлым наяўныя тэндэнцыі ў адносінах Беларусі і ЕС павінны захаваць сваю актуальнасць. Мінск працягне лінію па планамерным паляпшэнні і нарошчванні аб'ёму адносін з Бруселем.

У найбліжэйшыя месяцы ў Мінску павінна адбыцца чарговае, ужо пятае, пасяджэнне Каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС. Улічваючы стрымана аптымістычныя заявы Ёханеса Хана і беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, не выключана, што падпісанне прыярытэтаў партнёрства на 2018—2020 гады можа адбыцца неўзабаве пасля пасяджэння. У гэтым выпадку адносіны атрымаюць дадатковы імпульс, які дазволіць перавесці ўвагу на іншыя знакавыя тэмы: пытанні лібералізацыі візавага рэжыму і перспектывы перагавораў па базавым пагадненні.

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Адзнака за знешнія адносіны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.