Вы тут

Кватэры ў новабудоўлях даражэюць


Кватэры ў новабудоўлях даражэюць.


Попыт пасунуўся ўгору

Па частцы пакупніцкай актыўнасці на рынку жылля, якое будуецца, восень можна назваць найбольш актыўным перыядам мінулага года. Шмат у чым гэта было абумоўлена зніжэннем у цане крэдытаў, якія кампенсавалі недахоп фінансаў у пакупнікоў. У прыватнасці, па даных агенцтва «Твая сталіца», у кастрычніку-лістападзе на ўзяцце крэдыту вырашалася пераважная доля пакупнікоў кватэр у новабудоўлях класаў эканом і стандарт.

Акрамя таго, паколькі выбар кватэр на другасным рынку памяншаўся, частка пакупнікоў «старога» жылля вымушана была звярнуць свой позірк на новабудоўлі. Так, другасны рынак жылля можа прапанаваць кватэры, гатовыя да пражывання (з рамонтам і мэбляй), але яны, як правіла, адчувальна даражэйшыя, чым новабудоўлі бюджэтных класаў, ды і выбар такіх кватэр памяншаўся з кожным днём. А калі параўноўваць новабудоўлі з кватэрамі стандартных спажывецкіх якасцяў другаснага рынку, то можна сказаць, што рамонт трэба рабіць у абодвух выпадках.

Некаторы аптымізм усялялі пакупнікам таксама і агучаныя ўрадам прагнозы па стабільнасці на працягу 2018 года курса замежнай «зялёнай» валюты.

Заяўленыя цэны ўражваюць

Павелічэнне цэн па асобных дамах і кватэрах адзначалася яшчэ з лета, але паўсюдны характар яно набыло толькі да канца мінулага года. Бачачы падаграваны крэдытамі актыўны попыт на новабудоўлі і рэкордна нізкую прапанову кватэр на другасным рынку, забудоўшчыкі пайшлі на больш актыўнае павышэнне цэн.

У дынаміцы з восені мінулага года да пачатку вясны года цяперашняга змена коштаў сапраўды здзіўляе. Толькі за студзень — люты 2018-га сярэдні прырост цэн склаў каля 4 %. Гэта сапраўды шмат.

Напрыклад, сярэдні кошт квадратнага метра жылля аднапакаёвай кватэры класа эканом цяпер складае 2180 рублёў. Кошт «квадрата» кватэры класа стандарт роўны ўжо 2480 рублям, а жылля класа камфорт — 3460 рублям.

Істотна адрозніваецца цэннік на ўжо гатовыя кватэры і на жыллё ў дамах, якія толькі будуюцца. Так, напрыклад, кватэры ў комплексе шматкватэрных жылых дамоў у раёне вуліц Алібегава і Брыля прадаюцца па цане 2580 рублёў за квадратны метр. Гэта пры ўмове, што дамы здадзены ў эксплуатацыю. Наступная чарга жылля ў гэтым раёне (здача ў эксплуатацыю ў першым квартале 2019 года) прапануецца ўжо значна танней — ад 2200 рублёў да 2380 рублёў за квадратны метр у залежнасці ад колькасці пакояў у кватэры. Там жа прапануецца жылплошча ў доме, які пакуль знаходзіцца на стадыі катлавана. Квадратны метр кватэры пры такім старце продажаў каштуе ўсяго ад 2000 да 2180 рублёў.

Пакупнік на нізкім старце?

У параўнанні з восенню мінулага года ў цяперашні час агульны ўзровень попыту на новабудоўлі знізіўся на 15 %. Пра гэта сведчыць не толькі статыстыка найбуйнейшых агенцтваў нерухомасці, але і звароты зацікаўленых у набыцці новых кватэр пакупнікоў да анлайн-кансультанта «Даведнік па новабудоўлях».

Аднак у дачыненні да зніжэння попыту неабходнае ўдакладненне: яно адзначаецца ў асноўным сярод пакупнікоў, якія разлічвалі на набыццё новабудоўлі ў якасці першага жылля. Менавіта яны найбольш залежныя ад даступнасці крэдытаў. І цяпер некаторыя з іх у стане чакання зніжэння стаўкі рэфінансавання, а разам з ёй і кошту крэдытаў. Але пасля нядаўняй аб'явы Нацбанка аб захаванні памеру стаўкі рэфінансавання да ліпеня месяца цяпер не зусім зразумелыя дзеянні ў адказ патэнцыйных кліентаў. У той жа час сярод пакупнікоў, якія маюць жыллё і хочуць замяніць яго на больш прасторнае або новабудоўлю, адчувальнага спаду попыту няма.

Чаго чакаць у далейшым?

Павелічэнне цэн, якое назіраецца ў цяперашні час, на думку экспертаў, занадта інтэнсіўнае. Свае меркаванні яны падмацоўваюць трыма фактамі.

Па-першае, лічаць яны, значная частка назапашанага за папярэднія гады адкладзенага попыту на новабудоўлі была рэалізавана якраз летась. Менавіта тады адзначаліся здзелкі куплі-продажу, калі кватэры набываліся непасрэдна для жылля, а не пад інвестыцыйны праект. Па-другое, крэдыты са снежня мінулага года, як і цэны, сталі даражэйшымі. А дарагія крэдыты пачынаюць адштурхоўваць пакупнікоў. Па-трэцяе, насуперак статыстычным даным, па адчуваннях пакупнікоў рэальныя даходы да гэтага часу не толькі не растуць, але і разам з павелічэннем цэн на харчовы кошык і іншыя тавары паўсядзённага попыту нават і змяншаюцца. А гэта значыць, што і магчымасці па пагашэнні крэдытаў таксама памяншаюцца.

Для падтрымання ў далейшым устойлівага попыту на новабудоўлі па сфарміраваных на цяперашні момант цэнах і тым больш для далейшага павелічэння цэн, на думку аналітыкаў, неабходнае альбо зніжэнне кошту крэдытаў, альбо рост даходаў насельніцтва. І першае, і другое цяпер малаімавернае...

На дадзеным этапе адбываецца наступнае. Людзі імкнуцца кампенсаваць павелічэнне цэн тым, што выбіраюць мінімальныя па плошчы кватэры. Менавіта таму так актыўна раскупляюцца кватэры-студыі і так званыя кватэры «еўрафармату» — з аб'яднанай зонай кухні і гасцінай. Пры гэтым значныя яшчэ ў пачатку 2017 года такія фактары, як шчыльнасць забудовы і этап будаўніцтва, — адыходзяць перад цаной (мінімальнай плошчай) на другі план.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Новыя апартаменты: упэўнены рост

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.