Вы тут

Як абрэзаць пладовыя дрэвы


Абрэзка яблынь, груш і іншых садовых дрэў вясной — задача няпростая і патрабуе пэўных ведаў і ўменняў. Кіруючыся агульнымі прынцыпамі вы зможаце правільна абрэзаць дрэвы і кусты.


Асноўныя правілы

  • Не праводзьце работы па абразанні пры тэмпературы ніжэй за -8 °C.
  • Перш чым прыступаць да работы, абдумайце план дзеянняў. У выпадку якіх-небудзь сумненняў лепш зрабіць перапынак і перад тым як абразаць далей, агледзець дрэва з далёкай адлегласці.
  • Захоўвайце пэўную паслядоўнасць. Спачатку правядзіце санітарнае абразанне, затым абмяжуйце агульную вышыню расліны і толькі потым прыступайце да фарміравання кроны ў сярэдняй яе частцы.
  • Не імкніцеся зрабіць усё за адзін раз. Абрэзку старых запушчаных дрэў размяркуйце на некалькі гадоў, каб не вельмі аслабляць расліну і не выклікаць бурны рост замяшчальных парасткаў.
  • За сезон можна выразаць прыкладна такую ж колькасць галін, як прырост мінулага года. Гэты аб'ём не павінен перавышаць 1/3 масы ўсёй кроны. На карлікавыя дрэвы гэтае правіла не распаўсюджваецца. Іх хуткасць росту значна ніжэйшая, таму абразанне дрэў не павінна быць такім інтэнсіўным.
  • Выкарыстоўвайце востра заточаны інструмент, каб як мага менш траўміраваць расліну. Чым раўнейшы зрэз, тым менш клопатаў у будучыні.
  • Не карыстайцеся інструментам адначасова для апрацоўкі здаровых і хворых раслін. Дэзынфіцыруйце нажы і пілы пасля кожнага прымянення.
  • Зрэз трэба рабіць над знешняй пупышкай, каб парастак, які з яе ўтворыцца, глядзеў убок ад кроны і ў будучыні не загушчаў яе.
  • Усе зрэзы тут жа апрацоўвайце садовым варам ці нетаксічнай фарбай. Не пакідайце гэты важны момант на потым. Разам з гэтым гаіце маразабоіны і раны на ствале.
  • Далейшае назіранне за раслінай дазволіць спланаваць работы па яе абразанні на будучыню.

Магчымыя памылкі і іх выпраўленне

  • Пры выдаленні галінкі цалкам не пакідайце пянёк. Доўгі пянёк з пупышкамі тут жа дасць новыя непажаданыя парасткі, а занадта кароткі, усыхаючы, прывядзе да ўтварэння дупла. Найбольш правільнай будзе абрэзка «на кальцо». У аснове галінкі, якая адыходзіць ад ствала, знайдзіце кальцавы наплыў кары — менавіта ён дазволіць дрэву зарасціць будучую рану. Зрэз рабіце, арыентуючыся на верхнюю кропку наплыву, пад вуглом да ствала — пры гэтым не чапляючы сам ствол.
  • Буйныя галіны варта выдаляць ў два этапы. Першы спіл робяць на адлегласці прыкладна 40 см ад ствала, а затым выдаляюць астатнюю частку. Пачынаюць пілаваць галінку знізу, каб, падаючы пад уласным цяжарам, яна не пакінула раны, якая цяжка зарастае, на ствале з-за задзірання кары.
  • Не пакідайце галінкі, якія растуць пад вострым вуглом да ствала, бо ў гэтым выпадку пры багатым ураджаі галінка можа абламацца, пакінуўшы задзірак на ствале. Найбольш правільны вугал росту складае ад 45 да 60°. Калі вугал меншы за 45°, галінку альбо выдаляюць, альбо адгінаюць да ўтварэння патрэбнага вугла.
  • Апрацоўваць свежы спіл неабходна садовым варам ці алейнай фарбай на натуральным пакосце. Калі пад рукой няма ні таго, ні другога, можна замазаць звычайнай глінай, але ні ў якім разе не сінтэтычнымі фарбамі і не гноем, як раяць некаторыя садоўнікі. Толькі натуральныя матэрыялы не пашкодзяць дрэва, а гной змяшчае вялікую колькасць бактэрый, якія не спрыяюць гаенню.

Парада: Нельга пакідаць спіл неапрацаваным — замажце яго, пакуль ён сухі і чысты. Рух соку, які адновіцца пазней, ужо не дазволіць вам правесці гэтую працэдуру.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».