Вы тут

Біялагічны сродак для хуткага гаення ран распрацавалі ў БДУ


Над праектам  "Медыцынскі сродак для раназажыўлення на аснове нанакомплексаў цыкладэкстрына з куркумінам" працуе калектыў навукова-даследчай лабараторыі прыкладных праблем біялогіі кафедры заалогіі біялагічнага факультэта.


Прэпарат вырабляецца ў форме парашку і прызначаны для аператыўнай апрацоўкі і планавай тэрапіі ран, атрыманых у выніку механічных пашкоджанняў, апёкаў, абмаражэнняў, трафічных язваў, “дыябетычнай ступні”, пролежняў, незагойных скурных дэфектаў.  Аналагаў яму ў еўрапейскіх краінах і краінах СНД не існуе. У лінейцы прадстаўленых на айчынным фармацэўтычным рынку раназажыўляльных прэпаратаў у форме геляў і мазяў актыўнымі кампанентамі выступаюць бялковыя кампаненты плазмы крыві буйной рагатай жывёлы. Прынцыповая навізна распрацоўкі навуковых супрацоўнікаў БДУ заключаецца ў тым, што  асноўнае дзеючае рэчыва ў прэпараце — комплекс прыродных злучэнняў (куркуміноідаў), якiя ўтрымлiваюцца ў карэнішчы куркумы. Гэтыя біялагічна актыўныя рэчывы дапамагаюць забяспечыць устойлівасць клетак арганізма да фота-, тэрма- і акісляльнага ўздзеяння. Акрамя таго, форма распрацаванага медыцынскага сродку не выклікае алергічных рэакцый, не аказвае мясцовага раздражняльнага ўздзеяння.

Да пераваг інавацыі таксама трэба аднесці нізкую страту дзеючага кампанента ў выніку паглынання перавязачным матэрыялам у параўнанні з выкарыстаннем раназажыўляльных мазяў і геляў. Вытворчасць новага медыцынскага сродку — эканамічна выгадная, бо для яго выкарыстоўваецца танная сыравіна і абсталяванне, якое ёсць  на любым фармацэўтычным прадпрыемстве.

Ужо выпушчана доследная партыя і пададзена заяўка на патэнт. Акрамя таго, эфектыўнасць і перспектыўнасць распрацоўкі была высока ацэненая на конкурсе "Найлепшы інавацыйны праект і найлепшая навукова-тэхнічная распрацоўка года", які завяршыўся 22 сакавіка ў рамках XXIII Міжнароднай выставы-кангрэса "Высокія тэхналогіі. Інавацыі. Інвестыцыі” (HI-TECH'2018) у Санкт-Пецярбургу. У паўночнай расійскай сталіцы праект навукоўцаў  БДУ “Медыцынскі сродак для раназажыўлення на аснове нанакомплексаў цыкладэкстрына з куркумінам” быў удастоены сярэбранага медаля.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?