Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Лісты ад чытачоў газеты «Звязда».


Помнім мы? Успомняць нас

Усе людзі розныя: нехта заўважае вакол сябе найперш недахопы, усё крытыкуе, а я дык наадварот — стараюся бачыць добрае як у асобных людзях, так і ў жыцці наогул. Апошнім часам, напрыклад, мяне вельмі парадавалі адносіны кіраўніцтва УП «Мінсккамунсеткі» да сваіх супрацоўнікаў, да ветэранаў.

Сярод іх быў (як ні цяжка з гэтым змірыцца) і мой родны брат Уладзімір. Больш за 20 гадоў ён працаваў у гэтай арганізацыі звычайным рабочым, пайшоў на заслужаны адпачынак — і таксама амаль 20 гадоў таму. Але — як ні дзіўна — на прадпрыемстве пра яго не забыліся: напярэдадні Дня пажылых людзей брат атрымліваў віншаванні, а ў апошнія гады — яшчэ і матэрыяльную дапамогу. Для яго, цяжкахворага, яна была вельмі патрэбная і вельмі дарагая. Аднак....

Сёлета, на пачатку года брата не стала. Аб гэтым мы паведамілі не толькі блізкім, але і на прадпрыемства — каб там, у прыватнасці, больш не клапаціліся...

Якое ж было здзіўленне, калі нашай сям'і не проста паспачувалі, але і прапанавалі матэрыяльную дапамогу на пахаванне. Мы атрымалі яе і ўсё роўна не маглі паверыць, расказвалі іншым, але яны таксама не верылі...

Пасля гэтага мне захацелася бліжэй пазнаёміцца з прадпрыемствам, і ў выніку я даведалася, што працуе там больш за 1200 чалавек, што «Мінсккамунсеткі» адказныя за стан камунікацый і падачу цяпла, што яны аператыўна ліквідуюць усе пазаштатныя сітуацыі.

Прыемна здзівіла, што з сумленнымі працаўнікамі там заключаюць кантракты мінімум на тры гады, што пры скарачэнні кадраў забаронена звальненне работніц, якія маюць малых ва ўзросце да чатырох гадоў і дзяцей з інваліднасцю, што апроч гэтага калектыўным дагаворам прадугледжаны розныя матэрыяльныя дапамогі — пры заключэнні шлюбу, нараджэнні дзяцей, у выпадках працяглай хваробы, увосень пры нарыхтоўцы гародніны...

Усё пералічыць, відаць, не атрымаецца, бо ўвогуле стаўленне да людзей на гэтым прадпрыемстве нагадала мне канцэрт, прысвечаны 50-годдзю Дзяржаўнага камернага аркестра. У фінале яго дырыжор Яўген Бушкоў аб'явіў: «А зараз на сцэну выйдуць музыкі, якія працавалі ў нас раней».

І аркестр тады павялічыўся больш чым удвая, а музыка ў яго выкананні здавалася праходзіць праз сцены філармоніі і лунае над усёй краінай!

...Мне здаецца, што гэта толькі два, але ж цудоўныя прыклады, на якіх многім трэба вучыцца помніць людзей, помніць сваіх ветэранаў.

Соф'я Жыбулеўская,  г. Мінск


Будаваць таксама трэба, але...

Кожны год у нашай краіне праводзіцца агульнарэспубліканскі суботнік. Грошы, заробленыя на ім, трацяцца, вядома ж, на патрэбнае: на будаўніцтва пэўных аб'ектаў, на добраўпарадкаванне тэрыторый, на абнаўленне помнікаў, але...

Амаль кожны дзень у сродках масавай інфармацыі гучаць просьбы аб дапамозе цяжкахворым дзецям, якім неабходна дарагое лячэнне. У краіне ёсць розныя дабрачынныя фонды, але іх магчымасці абмежаваныя. У сувязі з гэтым у мяне ёсць прапанова: усе альбо значную частку заробленых на агульнарэспубліканскім суботніку грошай накіраваць у гэтыя фонды. Такім чынам мы дапаможам бацькам справіцца з бедамі, якія прыйшлі ў іх сем'і, і самі атрымаем станоўчыя эмоцыі ад таго, што здзейснілі высакародны ўчынак.

Валянцін ГУШЧА, г. Асіповічы


За святочным сталом

Вялікдзень — самае галоўнае, самае светлае свята. У нашай сям'і да яго рыхтуюцца згодна з традыцыямі, якія перадавала мама. Яна (светлай памяці!) некалі скончыла гімназію, працавала настаўніцай і нас, сваіх дачок, вучыла, як трэба жыць, як што рабіць, каб велікодны стол — у прыватнасці — быў не толькі традыцыйна багаты, але яшчэ і прыгожы.

Для гэтага і перш-наперш трэба выцягнуць з шафы самы прыгожы абрус. У мяне, напрыклад, захавалася некалькі дарагіх майму сэрцу — маміных, на якіх яе рукамі вышыты цудоўныя валошкі, макі, каласкі.

Далей — на Вялікдзень мы ўспамінаем (можна паасобку, можна разам) яго асноўныя сімвалы: жыцця — у выглядзе яйка, святла — запаленых свечак і абнаўлення — кветак, галінак, зялёнай травы...

Каб вырасціць яе, дзён за дзесяць да свята змешваем зярняты пшаніцы з зямлёй, высыпаем яе ў глыбакаватае блюда альбо талерку, паліваем вадой так, каб атрымалася вадкая кашка, і ставім у цёплае месца. Потым, калі насенне пачне прарастаць, выносім «градку» на падаконне, на сонейка і кожны дзень паварочваем.

Перад самым святам нам застанецца расфарбаваць яйкі ў розныя колеры, на кожным намаляваць, напрыклад, пыску зайчыка (вушкі можна зрабіць са шчыльнай паперы) і «запусціць» на траву.

Упрыгожаць стол і самаробныя вазачкі з размаляванай яечнай шкарлупіны. Унутр яе наліваецца трошкі вады, ставяцца першыя маленькія кветачкі — падснежнікі, пралескі, крокусы... Паверце, некалькі такіх букецікаў (падстаўкі пад вазачкі можна зрабіць з палосак кардону) здольны ўразіць больш, чым самая рэдкая страва!

У цэнтры стала добра паставіць букецік з галінак вярбы, на якія з дапамогай чырвоных атласных стужак і скотча можна павесіць пафарбаваныя выдзьмутыя яечкі...

Як бачыце, прыгажосць святочнага стала не патрабуе асаблівых выдаткаў, але яна ўражвае, запамінаецца ўсім бяседнікам — асабліва дзецям. Да таго ж яны з ахвотай дапамагаюць дарослым, а заадно — вучацца як што рабіць, каб перадаць традыцыі далей.

Сафія Кабарыха, в. Паланечка, Баранавіцкі раён


Бабуліны прысмакі

Надоечы ў нас у Цэнтралізаванай клубнай сістэме разліваліся чароўныя пахі, якія ішлі ад толькі што прыгатаваных салатаў, рулетаў, выпечкі... На базе ўстановы праходзіў кулінарны конкурс «Бабуліны прысмакі — 2018».

Удзел у ім прынялі 13 жанчын. Усе стравы, прыгатаваныя імі, вылучаліся не толькі адменным смакам, але і арыгінальным аўтарскім афармленнем. Здавалася, кожная з канкурсантак была вартая звання найлепшай! Але ж пераможцай сярод кандытараў журы прызнала Алу Карнацкую, салатамі і закускамі найбольш уразіла Любоў Сірыська, у Ганны Грышкевіч аказалася самая смачная сімволіка, у Ларысы Сысун — ветэранскія пірагі, у Кацярыны Малец і Тамары Троцкай — стравы нацыянальнай кухні. Прызёры раённага конкурсу змогуць праявіць свае здольнасці яшчэ і на абласным.

Надзея СТАНКЕВІЧ, г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.