Вы тут

Адзін дзень з барысаўскім паштальёнам


«Нядаўна іду па вуліцы, а да мяне малады чалавек падыходзіць. «А я вас ведаю», — кажа», — усміхаецца Клаўдзія НЯЧАЕВА. Яна не актрыса, не тэлевядучая. І нават у рэкламе не здымалася. Клаўдзія Мікалаеўна — паштальён. Ужо 36 гадоў яна разносіць лісты і газеты жыхарам Барысава. Таму ў горадзе арыентуецца не горш за таксістаў, а пастаянных падпісчыкаў ведае па прозвішчах.


«Паляванне» на прэсу і мяхі лістоў

Раніцай сустракаемся з Клаўдзіяй Мікалаеўнай у 10-м гарадскім аддзяленні сувязі, дзе яна працуе. Жанчына якраз сартуе прэсу: звярае з журналам, па якім адрасе колькі выданняў выпісваюць, і складае іх у тым парадку, як будзе ісці па маршруце. Лісты ўнутр газеты не кладзе — раптам, калі чалавек будзе даставаць яе са скрыні, не заўважыць ці згубіць «схаванае»?

Сёння ў сумцы паштальёна 150 газет і з паўсотні канвертаў.

— У некаторыя дні бывае і па 70, і па 90 лістоў. Гэта без уліку заказных. Большасць — ад розных арганізацый і інстанцый: з судоў, органаў прымусовага выканання. Некаторым гараджанам пішуць сваякі з-за мяжы, напрыклад з Ізраіля, Італіі.

Многія працягваюць адпраўляць паштоўкі да свят. Але, вядома, не ў такіх аб'ёмах, як раней. Клаўдзія Мікалаеўна ўспамінае: у былыя гады паштоўкі скрынямі прывозілі, работнікі ледзь паспявалі іх разбіраць. А на цэнтральны сартавальны ўчастак Барысава штодзень прыходзіла па 50 мяхоў карэспандэнцыі.

На прэсу некалі таксама «палявалі». Асабліва на такія выданні, як «Труд», «На страже Октября», «Литературная газета». Падпіска на іх была лімітаваная, а ахвотных шмат. Таму больш шанцаў мелі пастаянныя чытачы.

— А яшчэ ж на кнігі была падпіска — насілі тамы цэлымі сумкамі! Людзі заказвалі поўныя зборы сачыненняў класікаў. Што больш попытам карысталася? Раней асабліва не выбіралі, пагаджаліся на тое, што дасталася, бо ў крамах літаратура ў дэфіцыце была, — дзеліцца паштальён.

Самы напружаны дзень — серада

Працаваць Клаўдзія Нячаева пайшла пасля школы. Праўда, не адразу на пошту. Спачатку ўладкавалася настройшчыцай на фабрыку піяніна. Не, сама яна іграць на гэтым інструменце не ўмее, музычную школу не заканчвала — для настройкі патрэбна была толькі спецыяльная прылада. Потым жанчына прадавала білеты ў касе беларускай чыгункі. А пазней прыйшла на пошту. Трапіла ў восьмае гарадское аддзяленне, пасля шчыравала ў падменнай брыгадзе — дастаўляла газеты і карэспандэнцыю, калі асноўныя работнікі былі ў водпуску.

— Думала, часова на пошце папрацую, а ў выніку засталася надоўга. Прывыкла, — дзеліцца суразмоўніца. — Мне падабаецца гутарыць з людзьмі. Пенсіянеры ў мяне на ўчастку выдатныя. Ужо іду да іх як да сваякоў.

Клаўдзія Мікалаеўна закідвае сумку на плячо і спяшаецца на ўчастак. У яе зоне абслугоўвання — праспект Рэвалюцыі, вуліцы 8 Сакавіка, Ленінградская, Ленінская, Якуба Коласа, 1 Мая, Віцебская, Чарняхоўскага, Чапаева. Гэта 1240 прыватных дамоў і кватэр. За дзень па рабоце жанчына праходзіць каля дзесяці кіламетраў. Самы напружаны дзень, па яе назіраннях, — серада: многія штотыднёвыя выданні выходзяць менавіта ў гэты дзень.

Сумка паштальёна, дарэчы, па правілах павінна важыць не больш за сем кілаграмаў (для мужчын гэта норма ў дзесяць кілаграмаў). А што, калі прэсы вельмі шмат? Тады частка газет пакідаецца ў вялікіх апорных скрынях, што вісяць на дамах. Паштальён разносіць адну партыю, а потым вяртаецца за другой.

Набліжаемся да пяціпавярховікаў. Клаўдзія Мікалаеўна дастае вялікую звязку ключоў ад дамафонаў. Большасць газет раскідаецца па скрынях, але некаторыя паштальён заносіць у кватэры. «Ведаю, што там жывуць пенсіянеры, якім па стане здароўя вельмі цяжка спускацца ўніз», — тлумачыць яна. Калі скрыня паламаная, а жыльца ў кватэры няма, Клаўдзія Мікалаеўна пакідае паведамленне, што ён зможа забраць сваю пошту ў аддзяленні сувязі.

Жанчына расказвае, што ў яе на ўчастку ёсць пенсіянеры, якія выпісваюць па пяць і нават па восем выданняў. «Я і сама люблю пачытаць прэсу», — заўважае Клаўдзія Мікалаеўна.

Просяць паштальёна прынесці і тавары. Праз аддзяленне заказваюць цукар, шакалад, муку, алей, пячэнне, пральны парашок. Нядаўна разбіралі насенне (самыя хадавыя культуры — агуркі, пятрушка, морква і буракі) і цыбулю-сявок. І, вядома, месяцовыя календары.

— З пенсіянерамі часам расадай абменьваемся. Вось летась мне давалі хрызантэмы — прыжыліся, прыгожыя выраслі. Неяк саджанцамі перцаў дзяліліся, таксама добры ўраджай атрымаўся. Такі сорт цікавы быў — перцы вялікія і доўгія, — гаворыць Клаўдзія Мікалаеўна.

Некаторыя купляюць латарэйныя білеты. Але каб хтосьці выйграў аўтамабіль ці сарваў джэк-пот, паштальён не памятае. Затое адной пенсіянерцы, былой настаўніцы, пашчасціла падчас розыгрышу ў газеце атрымаць залатыя завушніцы. «Я раней таксама латарэйкі купляла, прывабна было. А цяпер ужо перастала: ні разу не выцягвала выйгрышны білет», — прызнаецца Клаўдзія Мікалаеўна.

Без права на дрэнны настрой

Далей па маршруце — прыватны сектар. Сабакі, як толькі чуюць, што паштальён набліжаецца да брамкі, заліваюцца гучным брэхам.

Клаўдзія Мікалаеўна заходзіць да пенсіянераў, каб прыняць плацяжы за кватэру ці грошы для паштовага пераводу. У хуткім часе, дарэчы, у работнікаў прадпрыемства будзе адмысловая прылада, каб рабіць плацяжы і афармляць падпіску ў электронным выглядзе дома. Некаторыя гараджане запрашаюць застацца на гарбату, але жанчына не пагаджаецца. Няма часу — чакаюць іншыя людзі.

Цікавімся: пэўна, паштальён заўсёды ў курсе апошніх навін? Суразмоўніца ківае і жартуе, што яна, як участковы міліцыянер, — усё ведае.

Працоўны дзень у Клаўдзіі Мікалаеўны пачынаецца ў 7.30 і заканчваецца ў 15.50. Увесь гэты час яна на нагах. Няўжо не стамляецца? Зусім не, запэўнівае жанчына. Па-першае, ратуе зручны абутак: паштальёнам выдаюць яго на прадпрыемстве. Тры пары на любое надвор'е — летнія туфлі, гумавыя боты і ўцепленыя чаравікі. Па-другое, адбіваецца прафесійная звычка. «Ужо не магу сядзець. Нават тэлевізар дома стоячы гляджу», — усміхаецца Клаўдзія Мікалаеўна.

На пошце якраз успаміналі цікавы выпадак. Прыйшла неяк уладкоўвацца жанчына, якая скардзілася на хворыя ногі. І што вы думаеце? Два гады ўжо разносіць газеты і пасылкі і кажа, што забылася на боль.

— Наша прафесія для здароўя карысная, сэрца ўмацоўвае, — дадае Клаўдзія Мікалаеўна. — Не дарма ж урачы раяць болей хадзіць.

Жанчыне зімой споўніўся 61 год. Але на пенсію пакуль не збіраецца: падабаецца працаваць. Прызнаецца, што ў выхадныя ёй складана ўседзець дома — хочацца рухацца.

Адпачынак Клаўдзія Мікалаеўна праводзіць на лецішчы. Паехаць на мора? Марыла, вядома, але ўсё неяк не атрымлівалася: то дзіця маленькае расціла, то іншымі справамі занятая была...

Што важна для паштальёна, акрамя зручнага абутку? Бадай, галоўнае — добрая памяць і ўсмешка. Калі працуеш з людзьмі, ты не маеш права на дрэнны настрой.

— А калі на душы сумна?

— Гэта хутка праходзіць. Прагуляешся, узбадзёрышся — і ўжо весялей.

Маладым калегам, якія толькі пачынаюць свой шлях у прафесіі, Клаўдзія Мікалаеўна раіць быць дабрадушнымі і паважаць людзей. А астатняе, упэўнена яна, прыкладзецца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Мінск—Барысаў—Мінск

Загаловак у газеце: «Я, як участковы, — усё ведаю»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».