Вы тут

Па Беларусі адбылося ўжо больш за сто ўзгаранняў у экасістэмах


Цёплыя веснавыя дні — гэта час, калі на падворках пачынаецца масавае навядзенне парадку. Апалае лісце, галінкі і іншае смецце, якое, як на фотастужцы, праявілася пасля таго, як снег растаў, трэба некуды падзець. І многія для гэтага абіраюць, здавалася б, самы лёгкі па суаднясенні часу і высілкаў варыянт — усё спаліць. Але ратавальнікі папярэджваюць: такі спосаб вельмі небяспечны. Калі, канешне, не прытрымлівацца патрэбных правілаў. Але што за яны? Пра гэта — у гутарцы з афіцыйным прадстаўніком Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталем Навіцкім.


Летась падпальванне травы забрала два чалавечыя жыцці. Цікава, што абодва смяротныя выпадкі адбыліся на Магілёўшчыне. 25 красавіка ў Чавускі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне, што каля вёскі Галузы гарыць сухая расліннасць. Тады ў агні загінуў 45-гадовы мясцовы жыхар. Увечары 5 мая ў полі каля вёскі Касмынічы Мсціслаўскага раёна знайшлі абгарэлае цела мужчыны. А вось у Гродне і на Дубровеншчыне па адным чалавеку атрымалі істотныя апёкі — 20 і 36 % цела адпаведна.

Сёлета сітуацыя склалася даволі неадназначная. Да канца мінулага тыдня вясна, здавалася, «сарвала стоп-кран». Адначасова для краіны актуальна як пытанне паводкі, так і пажараў. Снег сышоў толькі ў Гродзенскай вобласці і часткова ў Мінскай. Статыстыка пажараў у экасістэмах адпаведная. 102 узгаранні зафіксаваны на пачатку тыдня на Гродзеншчыне, яшчэ 17 — на Міншчыне, 4 пажары адзначаны на Брэстчыне. У астатніх абласцях «лічыльнік» трымаецца на нулі. Прынамсі, пакуль ёсць пацярпелыя, агонь паспеў знішчыць дзве гаспадарчыя пабудовы.

— Агулам за мінулы год па краіне ў экасістэмах здарылася каля паўтары тысячы пажараў у вясновы час. І прычына іх, як правіла, простая. Людзі лічаць, што агонь — гэта найбольш эфектыўны спосаб пазбавіцца ад леташняй расліннасці і смецця. Хоць эколагі даўно даказалі: адзінае, што прыносіць такі метад, — гэта ўрон.

У групе рызыкі — людзі пажылога ўзросту. Гады ўжо не тыя, і захоўваць рухомасць і канцэнтрацыю, як у маладыя гады, становіцца ўсё цяжэй. Агонь жа распаўсюджваецца па зямлі з хуткасцю чалавека, які бяжыць. Трапіць у вогненную пастку пажылому чалавеку вельмі лёгка. Менавіта таму лепш прыехаць да сваіх бабуль і дзядуль і дапамагчы ім навесці парадак на ўчастку больш бяспечнымі метадамі.

— Аднак адназначнай забароны таго, каб спальваць на сваім прысядзібным участку смецце, няма, — працягвае Віталь Навіцкі. — Проста трэба гэта рабіць правільна. Напрыклад, бяспечная адлегласць ад вогнішча да пабудоў складае сама меней 10 метраў. Калі ж вы развялі полымя непадалёк ад лесу, то гэты паказчык павялічваецца як мінімум удвая. А калі непадалёк ад вас месціцца стог саломы, то адступіць ад яго трэба ўжо на тры дзясяткі метраў. Месца, дзе нішчыцца смецце, трэба дбайна акапаць. Агонь наткнецца на натуральны бар'ер і па-за гэтую мяжу не выйдзе. За вогнішчам трэба пастаянна сачыць і ні на хвіліну не пакідаць без увагі. Распальваць яго варта ў бязветранае надвор'е. І заўжды пад рукой трэба мець сродак, якім можна будзе патушыць агонь. Вогнетушыцель з машыны, вядро з вадой або з пяском... Калі ж вы бачыце, што агонь выйшаў з-пад кантролю, то адзінае, што застаецца, — паведаміць ратавальнікам аб тым, што адбылося. Бо самастойна патушыць буйны агонь вы наўрад ці здолееце, а вось урон будзе нанесены істотны. У ранейшыя гады былі выпадкі, калі гарэлі цэлыя дамы, і Следчы камітэт афармляў справу ў суд. Асаблівая праблема — ва ўмовах шчыльнай забудовы, напрыклад, у садовых таварыствах.

Часцей за ўсё згараюць менавіта гаспадарчыя пабудовы. Жылыя дамы пабудаваны звычайна з высокім фундаментам. Затрымаць агонь, які сцелецца па зямлі, тэарэтычна ў стане нават бетонная дарожка. А вось пуні — гэта, як правіла, склад сена або высахлых дроў. Трэскі ж гараць, як порах.

Сярод леташняга лісця могуць трапіцца і пластыкавыя ўпакоўкі. Палімеры небяспечныя тым, што пры гарэнні выдзяляюць цэлы «букет» таксічных рэчываў. Таму атручэнне чадным газам падчас «вогненнай прыборкі» атрымаць цяжка, а вось нанюхацца гарэлага пластыку — вельмі проста. Таму лепш усё-такі спальваць толькі натуральную арганіку — галінкі, лісце дрэў, старую траву.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Парадак без урону

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».