Вы тут

Лукашэнка патрабуе праверыць месцы масавага збору людзей


Месцы масавага збору людзей будуць правярацца Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях разам з Міністэрствам унутраных спраў. Такая задача была пастаўлена ўчора на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.


Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся дзейнасцю міліцыі, але асаблівую ўвагу звярнуў на сітуацыю з бяспекай пасля трагічных падзей у расійскім Кемераве. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што правяраць трэба не толькі гандлёвыя цэнтры: задача ставілася шырэйшая — паглядзець і кінатэатры, і іншыя месцы масавага збору людзей. «Чаму мяне гэта хвалюе? — гаворыць Аляксандр Лукашэнка. — Таму што мы летась далі вялікую свабоду прадпрымальніцтву. Калі ласка, тварыце, рабіце, прыносьце карысць дзяржаве. Папярэдзілі і на ўзроўні законаў, што адказваць будуць галавой, прабачэння не будзе ні за выбухі, ні за пажары. Не дай бог людзі загінуць». Але што ўзяць з бізнесмена, калі ўжо загінулі дзясяткі людзей...

Звяртаючыся да Ігара Шуневіча, Прэзідэнт падкрэсліў: «У мяне просьба і даручэнне вам: жорстка караць, калі толькі вы ўбачыце дзесьці якія-небудзь недапрацоўкі, якія могуць выклікаць цяжкія наступствы, асабліва для людзей і, недапушчальна, для дзяцей».

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўвагі патрабуюць і жылыя дамы. «Праверце, каб потым нам усім не было балюча, калі штосьці, не дай бог, здарыцца», — даручыў Прэзідэнт. Вядома, праца гэта безупынная, але пэўную «карціну» па краіне неабходна мець да 1 красавіка.

Да тэмы бяспекі Аляксандр Лукашэнка згадаў і мерапрыемствы на гэтых выхадных. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што «мы павінны гарантаваць бяспеку людзей, таму любыя несанкцыянаваныя акцыі, якія перашкаджаюць жыць людзям, павінны перарывацца імгненна».

Паколькі Ігар Шуневіч узначальвае наглядальны савет хакейнага клуба «Дынама-Мінск», то Прэзідэнт пацікавіўся спартыўнымі вынікамі, адзначыўшы, што нельга праваліць міжсезонны перыяд падрыхтоўкі.

Пасля сустрэчы міністр унутраных спраў паведаміў прадстаўнікам СМІ, што былі даложаны таксама вынікі аператыўна-службовай дзейнасці МУС за перыяд з пачатку гэтага года. Канстатуецца нязначнае зніжэнне колькасці злачынстваў (на 3 %). У прыватнасці, не дапушчаны рост асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў. Асноўная задача, як падкрэсліў міністр, — падтрымліваць узровень бяспекі і ўмацоўваць яго па некаторых пазіцыях.

Наконт праверкі месцаў масавага збору людзей Ігар Шуневіч адзначыў, што пры ўсёй лібералізацыі камерцыі нельга забываць пра бяспеку. Пры правядзенні праверак будзе ўлічаны папярэдні вопыт працы ў гэтым напрамку.

Што датычыцца спорту, Прэзідэнту было даложана аб перспектывах хакейнага клуба «Дынама-Мінск». Кіраўнік наглядальнага савета прапанаваў захаваць трэнерскі штаб на наступны сезон. Пэўнай станоўчай дынамікі дасягнулі, таму неабходна даць шанц для развіцця. Пры гэтым Ігар Шуневіч упэўнены, што колькасць легіянераў паступова трэба скарачаць. Стымуляцыя айчыннага хакея магчымая, толькі калі робіцца стаўка на сваіх трэнераў і гульцоў.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Экзамен на бяспеку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».