Вы тут

Падзяліліся набалелым


Гэтай магчымасцю падчас тэлефоннай лініі са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім скарысталіся 22 чалавекі.


Больш за ўсё прагучала званкоў з Магілёва. Жыхарка з вуліцы Першамайскай была заклапочана няякасным, на яе погляд, рамонтам паддашкавага перакрыцця ў яе доме. Жанчыне паабяцалі пракантраляваць тэхналагічны працэс. Губернатар параіў адказным за рамонт прасачыць, каб работы былі скончаны не пазней за красавік.

Прагучала некалькі пытанняў наконт кошту арэнднай платы і жыллёва-камунальных паслуг у інтэрнатах Магілёва і праблем з будаўніцтвам прыватнага жылля. Пенсіянерка з вуліцы Крупскай паскардзілася на занадта шумных суседзяў і міліцыянераў, якія, на яе думку, перавысілі свае паўнамоцтвы. Губернатар загадаў спецыялістам вывучыць канфліктную сітуацыю, а кіраўніцтву праваахоўных органаў параіў правесці работу, асабліва з маладымі супрацоўнікамі, на тэму карэктнасці паводзін з насельніцтвам. Дапамога спатрэбілася яшчэ адной магіляўчанцы, якая з-за слупа высакавольтнай лініі перадачы не можа ўзаконіць свой участак. Слуп не працуе, але ніхто не спяшаецца яго прыбраць. Уладзімір Даманеўскі даў даручэнне разабрацца ў сітуацыі. Заблытаная гісторыя з кітайскім дамафонам, які працуе толькі пры наяўнасці стацыянарнага тэлефона, прагучала ад жыхаркі адной з магілёўскіх «высотак». Запорна-перагаворнае абсталяванне наогул не абслугоўваецца, бо ў абласным цэнтры не знайшлося фірмы, якая працавала б з такімі сістэмамі. Яшчэ адна магіляўчанка палічыла неабходным паведаміць пра тое, што адзін з вытворцаў мяса птушкі з Магілёўскага раёна вельмі напампоўвае яго вадой. Упраўленне гандлю аблвыканкама атрымала даручэнне ўнікнуць у тэму і разабрацца. Пенсіянерка з Магілёва пажадала даведацца, чаму не ацяпляецца ранішні дызель Магілёў — Жлобін. Жанчына кажа, што захварэла за кошт гэтай эканоміі. Спачатку яна спрабавала высветліць прычыну непасрэдна ў чыгуначнікаў, але праблему вырашыць не атрымалася.

Жыхарка Хоцімска паскардзілася на непаразуменне з раённай службай сацыяльнай абароны з-за інваліднага крэсла для маці. Зараз гэта пытанне знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па працы і сацыяльным абслугоўванні Магілёўскага аблвыканкама. Уладзімір Даманеўскі параіў кіраўніцтву раёнаў, якія мяжуюць з Расіяй, быць асабліва ўважлівымі да насельніцтва, ствараць умовы не горшыя, чым у суседзяў, каб не ўзнікала жадання працаваць на эканоміку іншай краіны.

Невырашальнае пытанне наконт бацькоўскай спадчыны ў Бабруйскім раёне стала нагодай для звароту на прамую лінію да кіраўніка абласной вертыкалі ўлады сталічнай жыхаркі. Частка дома належыць сельсавету, веранда там згарэла, дах абваліўся. Жанчына гатова купіць яе за разумную цану, але юрыдычныя складанасці не даюць справе зрушыцца з мёртвага пункта. Губернатар крытычна заўважыў, што цяганіна з пытаннем — гэта нежаданне мясцовых службаў браць на сябе адказнасць. Ён даручыў абласным спецыялістам канчаткова разабрацца з пытаннем.

Падагульняючы вынікі прамой тэлефоннай лініі, губернатар адзначыў, што гарачых і складаных пытанняў у зваротах не прагучала.

— Трэба весці больш актыўную тлумачальную работу з насельніцтвам, — адзначыў ён. — Часцей сустракацца з людзьмі і расказваць, як вырашаюцца тыя ці іншыя жыццёвыя сітуацыі. І дэпутатам таксама трэба да гэтага далучацца. Мы павінны працаваць на апярэджанне. Ідзе вясна, і хутка пачнуцца работы па рамонце асфальтавага пакрыцця. І гэта тэма зноў стане актуальнай для тэлефонных ліній. Трэба ўжо сёння тлумачыць грамадзянам, якія стаяць перад намі задачы і як яны будуць рэалізоўвацца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Белта

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.