Вы тут

Музычны красавік


«Мінская вясна» сёлета, напэўна, супадзе з каляндарнай — па красавіцкай свежасці ды насычанасці, па цеплыні і, безумоўна, па гучанні. Сёлетні цыкл вясновых канцэртаў у філармоніі абяцае пазнаёміць аўдыторыю з сімфанічнай, камернай, харавой, фартэпіяннай і фальклорнай музыкай, а таксама прадставіць доўгачаканую прэм’еру харавога тэатра. «Мінская вясна» пройдзе ў красавіку ў сталіцы 34-ы раз і зноў аб’яднае музыкантаў з некалькіх краін.

Нязменным пачаткам форуму стане канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра з дырыжорам Уладзімірам Вярбіцкім. У якасці саліста — кітайскі піяніст Джэ Юэн, які скончыў вядомую амерыканскую мастацкую школу Джуліярд. Вясновую атмасферу будуць ствараць шэдэўрамі рускай класікі — творамі Чайкоўскага ды Шастаковіча.

Яшчэ ў лістападзе чакалася прэм’ера «Плошчы Якуба Коласа» — музычнага спектакля Ларысы Сімаковіч, якую сама кампазітар назвала «метафарай ХХІ стагоддзя». Гэтая ўнікальная пастаноўка прысвечана 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа, таму спектакль будзе ўрачысты: з драмай, пластыкай, эксперыментальнай музыкай і маштабнымі харавымі сцэнамі. У пастаноўцы выкарыстаюць музыку Баха, Пёрсэла, Вайтакра і Лаўрыдсана.

Працягнецца «вясна» канцэртам фартэпіяннай музыкі — ужо сталая традыцыя фестывалю. Выступяць піяністы Юрый Бліноў і Соф’я Гуляк (выканаюць творы Баха, Клеменці, Шуберта, Шапэна, Дэбюсі, Скрабіна ды іншых). Фартэпіянную тэму працягнуць музыканты з Італіі Паола Жэрардзі і Рафаэле Трывізані. Плануецца і вечар фартэпіяннай музыкі, падчас якога Камерны аркестр выступіць разам з таленавітымі дзецьмі з Беларусі і Расіі. Для аматараў панавання інструментаў зладзяць «Фестываль аркестравых музыкантаў» (можна будзе пачуць, напрыклад, «Палёт чмяля», выкананы на тубе!), дзе збяруцца беларускія музыканты, якія жывуць у Францыі, Ізраілі, Амерыцы…

Адна з самых значных традыцый «Мінскай вясны» — творчыя вечары. Першы савецкі музыкант, які папулярызаваў у нашай мясцовасці мюзіклы (ды напісаў першую расійскую рокоперу «Арфей і Эўрыдыка»), Аляксандр Журбін выступіць у філарманічнай зале з прэм’ерай новага твора: вечар пачнецца з сімфоніі, працягнецца канцэртам для цымбалаў і сімфанічнага аркестра і фрагментамі з мюзіклаў, песень і рамансаў у выкананні Аксаны Волкавай, Уладзіміра Пятрова, Наталлі Гайды ды жонкі кампазітара Ірыны Гінзбург.

Яшчэ адна прыемная падзея — юбілейны вечар мастацкага кіраўніка камернага аркестра Яўгена Бушкова, які адсвяткаваў свой 50-гадовы юбілей. Падчас канцэрта Бушкоў збіраецца выступіць разам з сябрамі: маскоўскі кампазітар Яфрэм Падгайцын адмыслова для гэтага напісаў новыя творы, тое ж самае зрабіла і Галіна Гарэлава. Бушкоў адзначае, што разам з юбілеем (уласным ды аркестравым) хоча адсвяткаваць і юбілей аднаго з твораў Вайнберга, які абяцае выканаць падчас творчага вечара. Заснавальнік «Мінскай вясны» мастацкі кіраўнік філармоніі Юрый Гільдзюк адсвяткуе дзень нараджэння 15 мая. Канцэрт будзе называцца «Мае сябры: настаўнікі і вучні», і праграма цалкам адпавядае назве. Падчас вечара выступяць піяністы Андрэй Паначэўны, Андрэй Сікорскі, Аляксандр Данілаў, арганіст Іаганес Геферт, Мінскі струнны квартэт ды іншыя музыканты. Завершыцца «Мінская вясна» 19 мая канцэртам фартэпіяннай музыкі, якая так палюбілася айчыннай публіцы: у вялікай філарманічнай зале выступяць нашы таленавітыя суайчыннікі Андрэй Паначэўны і Кірыл Кедук.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?