Вы тут

Запрашальнік у закуліссе


Тыдзень тэатра, прымеркаваны да Міжнароднага дня тэатра (27 сакавіка), пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы з 27 сакавіка па 1 красавіка.


Кожны, хто загадзя зарэгіструецца і прад’явіць на ўваходзе квіток на любы спектакль з рэпертуару Купалаўскага ў красавіку, можа наведаць праграму культурнаадукацыйных мерапрыемстваў, каб атрымаць новы досвед у мастацтве Мельпамены. Першы дзень свята распачнецца з фотавыстаўкі, якая адкрыецца на камернай сцэне. Малады акцёр Купалаўскага тэатра Максім Карасцялёў на працягу двух гадоў фіксаваў нефармальнае жыццё артыстаў: рэжысёр Мікалай Пінігін паказаны ў сваёй дамашняй майстэрні, акцёры Зінаіда Зубкова і Павел Харланчук шукаюць грыбы, а Раман Падаляка і Міхаіл Зуй задзейнічаны ў працэсе стварэння фільма «Ягор». На плёнцы Максіма Карасцялёва захаваліся і апошнія здымкі народнага артыста Генадзя Гарбука.

28 сакавіка да Тыдня тэатра далучыцца мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін. Ён раскажа аб прынцыпах адбору твораў для пастаноўкі на сцэне і фарміраванні рэпертуару, а таксама пра галоўныя спектаклі ў сваёй творчасці. На наступны дзень пройдзе лекцыя ад аднаго з заснавальнікаў праекта «Культурны тэхнікум» Мікіты Моніча «Як глядзець спектакль: некрытычныя парады». 30 сакавіка абмяркуюць повязі паміж тэатрам і літаратурай. Да ўдзелу ў дыскусіі запрошаныя рэжысёры Купалаўскага тэатра Раман Падаляка («Радзіва “Прудок”») і Алена Ганум («Шабаны»), а таксама аўтар рамана «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення» пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Абавязкі мадэратара размовы возьме Алена Мальчэўская, тэатральны крытык, журналіст, галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя».

У апошні дзень тэатральнага тыдня наведнікі зазірнуць туды, куды раней не мог патрапіць звычайны глядач: ім прадставяць бутафорскі цэх і грымёрку, сцэну і закуліссе. Падчас экскурсіі госці ўбачаць, дзе нараджаецца пастаноўка, даведаюцца пра гісторыю тэатра і яго візітоўку — спектакль «Паўлінка», прагледзяць старыя афішы, а таксама выйдуць на сцэну з рэплікамі і зробяць фота ў дэкарацыях.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.