Вы тут

Якімі народнымі прыметамі карысталіся вяскоўцы


Раней людзі былі больш уважлівымі. Назіралі за рознымі прыроднымі з'явамі. Гэта была іх надзённая патрэба, бо ў большасці сялянскіх дамоў нават гадзіннікаў не трымалі. Тым не менш мая бабуля магла вызначыць час не толькі днём, але нават ноччу. Тую, народную, мудрасць перадала і мне.


Памятаю, калі я ў маленстве пасвіла кароў, то мерала сваім крокам даўжыню ценю: станеш так, каб ён падаў перад табой, запомніш, дзе канчаецца, і ідзеш. Чатыры крокі — дамоў на абед заганяць каровак.

У раннім дзяцінстве я ўжо магла хутка знайсці на небе Мядзведзіцу. Бабуля яе называла «Апалонічак», або «Вядзерца з каромыслечкам». А іншы раз казала на гэтыя чатыры зорачкі «Сіцечка». Вечарам ці ноччу магла дакладна вызначыць час па тым, як павярнулася гэтае «Сіцечка», ці «Вядзерца».

«Калі ўбачыш, як зорачка «падае» з неба, то гэта нехта памёр і яго душачка пакацілася. Трэба абавязкова прыпыніцца, перахрысціцца і сказаць: «Душы — неба». Так бацькі вучылі сваіх дзяцей з павагай і добразычлівасцю ставіцца нават да невядомага табе чалавека.

Перад Калядамі на Куццю — гэта была самая знатная вячэра, хоць і посная, — сядалі за стол, калі з'яўлялася вячэрняя зорка. Гэта дысцыплінавала, прывучала да парадку. Пад настольнікам было сенца, якое ранічкай неслі кароўцы. Рагуля заўсёды шанавалася ў сям'і, бо яна карміла кожны дзень. Стараліся выганяць яе ў поле як мага раней. Казалі, калі кароўка з расіцай травы пад'есць, то падужэе і малачка больш дасць.

А з якой павагай адносіліся да птушак! О! Як забаранялася разбураць птушыныя гнёзды! Калі скінеш ластаўчына гняздо, то рабацінне пакрые ўвесь твой твар — так страшылі дзяцей і адначасова расказвалі пра карысць птушак. Каб іх не было, то не мелі б людзі ні ягадкі, ні яблычка — усё б чарвякі з'елі.

Лічылася, што калі бусел паселіцца каля твайго двара, то няшчасці згінуць. А яшчэ бабуля казала: як даўганогі ляціць, у любы дзень, то запытайся ў яго, якое будзе надвор'е: «Бусел-калода, што заўтра будзе, дождж ці пагода? (Пагода — гэта добрае надвор'е.) Калі птушка паляціць плаўна, не махаючы крыламі, то будзе суха, а калі будзе махаць, то чакай вятрыску і, магчыма, дождж. Вядома, гэта буслінае прадказанне наконт надвор'я не заўсёды супадала. Як я зараз разумею, так старыя людзі проста вучылі дзетак назіраць за птушкамі. А вось калі ластаўкі нізка лётаюць, то дождж будзе абавязкова.

Жывучы ў вёсцы, шмат чаго трэба ведаць. Каб пасеяць у пару ды ўраджай сабраць своечасова, абавязкова трэба ўмець прадказваць надвор'е. «У маі суха — падцягвай бруха» (значыць, будзе неўраджайны год), — гэтую фразу я часта чула ў дзяцінстве. А бывала, уваходзіць бабуля ў хату і кажа: «Ну, пацяплее: вецер закінуў са Скідзеля (гэта поўдзень)». А калі з Баброўні закіне, то, значыць, пахаладае (поўнач).

Прадказаць непагоду было вельмі важна, асабліва тады, калі сушылі сена. Мая бабуля, напрыклад, разбіралася ў кветках: якія закрываюцца перад даждждом, якія пад вечар. У нас у вёсцы таксама казалі: «Прыйдзе Ілля — наробіць гнілля», ведалі, што ў гэты час часта ідуць дажджы, таму стараліся нарыхтаваць сена ў больш прыдатныя дні.

Якім будзе надвор'е, вызначалі і па месяцы. Калі ў яго «рожкі» востранькія, то будзе ясна, суха, а калі тупыя ці месячык, як быццам туманам зацягнуты, — чакай непагадзі. Бабуля навучыла мяне: «Як убачыш першы раз малады месячык, то трэба ў яго папрасіць здароўечка:

Маладзенькі месячык,

Маладая зорачка!

Табе на прыбытачак,

А мне на здароўечка».

Дык нават цяпер, калі ўбачу малады месячык на небе, у думках прамільгнуць гэтыя бабуліны словы...

Яўгенія КУЛЕВІЧ, в. Сялец, Смаргонскі раён

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».