Вы тут

Лоеўшчына рыхтуецца да пасяўной кампаніі


Летась у гаспадарцы «Малінаўка-Агра», што ў Лоеўскім раёне, у сярэдзіне сакавіка з мехдвара стартавалі трактары. Сёлета на палях яшчэ ляжыць снег. Нават прагназаваць, калі глеба сагрэецца да неабходных +5 градусаў, ніхто не бярэцца. Толькі калі ўсталюецца цёплае надвор'е, можна будзе пачынаць сеяць. А пакуль уся тэхніка на лінейцы гатоўнасці.


Трак­та­ры ў КСУП «Ма­лі­наў­ка-Аг­ра» на лі­ней­цы га­тоў­нас­ці.

Завяршаюцца работы ў майстэрнях сельгаспрадпрыемства «Малінаўка-Агра». Рыхтуецца да выхаду ў поле энерганасычаная тэхніка і кукурузныя сеялкі. Механізатар з 25-гадовым стажам Радзій Ібрагімаў рамантуе сеялку, а потым сядзе ў трактар, каб араць зямлю. Ён кажа, што ўжо вельмі хочацца змяніць замкнутае памяшканне майстэрні на неабсяжныя прасторы палёў:

— Канешне, усе ўжо вельмі чакаюць, калі ў поле выйдзе тэхніка.

Па ацэнцы гатоўнасці тэхнікі да пасяўной гаспадарка спрацавала нядрэнна — 98 % сельгасмашын падрыхтавана. Цалкам адрамантаваны пасяўныя і камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, дыскавыя бароны. Тэрміны для пасеву ранніх яравых культур — усяго 10—12 дзён. Карэктывы ў планы пасяўной можа ўнесці толькі надвор'е, гаворыць дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Малінаўка-Агра» Васіль Глезаў:

— Укладзена каля 85 тысяч рублёў бюджэтных грошай, дапамога аказана раённым выканаўчым камітэтам, гаспадарка таксама затраціла 30 тысяч рублёў уласных сродкаў на рамонт тэхнікі. У нас трэба засеяць яравымі 2900 гектараў. З іх 670 гектараў — раннія яравыя культуры. Насенне падрыхтавана, цяпер канчаткова вырашаецца пытанне з пастаўкамі элітнага насення.

Ме­ха­ні­за­тар КСУП «Ма­лі­наў­ка-Аг­ра» Ра­дзій Іб­ра­гі­маў  ра­ман­туе ку­ку­руз­ную се­ял­ку.

Усяго на землях Лоеўшчыны сёлета трэба пасеяць шэсць тысяч гектараў ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. Галоўная задача галіны раслінаводства раёна — пры невысокім бале ўрадлівасці глебы (24,5) палепшыць паказчык выхаду раслінаводчай прадукцыі з аднаго гектара і атрымаць дастатковую колькасць кармоў, адзначае намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лоеўскага райвыканкама Уладзімір Шаўчук:

— Каля 70 % зямель раёна складаюць пясчаныя, бедныя глебы. Таму імкнёмся максімальна выкарыстоўваць кожны кавалак зямлі, каб быў максімальны выхад прадукцыі з аднаго гектара. На Лоеўшчыне трэба пасеяць шэсць тысяч ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур і звыш 11 тысяч га кукурузы.

Усяго на палетках Гомельскай вобласці гэтай вясной будзе працаваць 5,5 тысячы трактароў. У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама паведамілі, што парк тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў вобласці ўжо папоўніўся новымі энерганасычанымі машынамі, якія створаць рэзервовы фонд. Стануць па сутнасці механізаваным атрадам хуткага рэагавання.

Цяпер у гаспадарках вобласці поўным ходам ідзе вываз на палі арганічных угнаенняў, назапашванне мінеральных угнаенняў, выбарка насення яравых культур. На Гомельшчыне вялікая частка плошчаў — 300 тысяч гектараў ужо засеяная азімымі збожжавымі, якія, дарэчы, у добрым стане. А таму, нават калі Гомельшчына пачне сеяць пазней, чым звычайна, ёсць усе шанцы скончыць сяўбу яравых збожжавых у аптымальна сціслыя тэрміны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.