19 Верасень, серада

Вы тут

Што плануецца ў Мядзеле да абласных «Дажынак»


Мядзел рыхтуецца да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі». Пра тое, што для мясцовых уладаў і жыхароў — гэта неардынарная падзея, можна здагадацца ўжо на пад'ездзе да горада з боку Мінска. На абочыне аўтатрасы вядзе «раскопкі» экскаватар.


Пра­клад­ка во­да­пра­во­да.

— Тут уладкуем невялікія вадаёмы, — уводзіць у курс справы галоўны інжынер Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Шабовіч. — Як бачыце, мясцовасць нізінная, што паспрыяе запаўненню іх вадой. Ды і пасля вясновага разводдзя тут збярэцца шмат вільгаці, застанецца толькі акультурыць тэрыторыю вакол.

Падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» ЖКГ сумесна з упраўленнем капітальнага будаўніцтва райвыканкама распрацавалі план, які прадугледжвае ўладкаванне шматлікіх аб'ектаў.

Практычна ні адзін прыём грамадзян у Мядзеле не абыходзіўся без водных праблем: там прарве трубу, там падтопіць прысядзібны ўчастак. Прычына — зношанасць адпаведнай інфраструктуры. Акрамя таго, колькасць жалеза ў вадзе перавышала дапушчальныя нормы. Таму ў першую чаргу гэтым пытанням удзялілі належную ўвагу: прабурылі дзве свідравіны, якія закальцуюць новы водаправод у адну сістэму і дазволяць палепшыць якасць вады.

Улады разумеюць, што адначасова выканаць усё нерэальна. Каб пазбегнуць аўралу, уладкаванне ў населеным пункце пачалі да наступлення сапраўднай зімы яшчэ летась. У лістападзе-снежні прыступілі да земляных работ па замене і будаўніцтве водаправоднай і каналізацыйнай сістэм. Яны працягваюцца і цяпер. У Мядзеле пракладзена каля 9 кіламетраў новых труб, заменена 800 метраў каналізацыйных сетак. Усяго ж да пачатку «Дажынак» плануецца памяняць і пракласці каля 11,5 кіламетра водаправодных сетак. На гэтыя мэты мяркуецца затраціць салідную суму — каля 1,5 млн рублёў. У райцэнтры і ў курортным пасёлку Нарач будзе заменена 3,2 кіламетра цеплатрасы.

Папрыгажэюць і стануць больш камфортнымі для пражывання і жылыя дамы, мясціны, якія прылягаюць да жыллёвага сектара. Капітальны рамонт пройдзе ў шасці шматпавярховіках і на дзвюх прыдамавых пляцоўках, яшчэ чатырнаццаць дамоў і пяць дваровых тэрыторый чакае бягучы рамонт. А пяць з паловай кіламетраў вуліц заасфальтуюць.

Вядома, наводзіць прыгажосць у горадзе будуць усёй талакой. Кожная арганізацыя, прадпрыемства, установа адукацыі, культуры, аховы здароўя маюць свой план дзеянняў па добраўпарадкаванні прылеглых тэрыторый, будынкаў, стадыёнаў, аб'ектаў фізкультуры і спорту. Усе вуліцы без выключэння збіраюцца прывесці ў належны стан, высадзіць дэкаратыўныя кусты, маладыя дрэўцы, а таксама 60 тысяч кветак. У цяпліцах ЖКГ, школ для гэтых мэт ужо зелянее расада.

Га­лоў­ны ін­жы­нер ЖКГ Ула­дзі­мір Ша­бо­віч і пра­раб  ТАА «Сан­гранд» Дзміт­рый Жу­рык на бу­даў­ніц­тве но­вай гас­ці­ні­цы.

Змены таксама закрануць набярэжную, пляжную зоны. Тут плануецца замяніць і ўсталяваць гульнявыя дзіцячыя пляцоўкі, душавыя кабіны, санвузлы. Рэканструкцыя чакае і амфітэатр, які пасля ўладкавання пяройдзе ў падпарадкаванне аддзела культуры. Значна папрыгажэе і цэнтральная гарадская плошча Леніна.

Малыя архітэктурныя формы з'явяцца на вуліцах і ў дварах шматпавярховых дамоў. Ужо ёсць прапановы, распрацаваныя эскізы. Мядзельшчына славіцца сваімі азёрамі, разнастайнымі відамі рыб. Таму яны і будуць адлюстроўваць гэтую тэматыку. У прыватнасці, з'явіцца вугор на пастаменце.

Ну, і самае галоўнае, у райцэнтры дабудуюць гасцініцу на 105 месцаў, якую раней не маглі закончыць з-за недахопу фінансавання.

— Зараз вядзём унутраныя работы, аздабленне, — сказаў прараб таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сангранд» Дзмітрый Журык. — У другім квартале плануем увесці ў дзеянне.

— Будаўніцтва новых аб'ектаў у нас не запланавана. Давядзём да ладу, прывядзём у належны выгляд тое, што ёсць,— канстатаваў Уладзімір Шабовіч.

Дадам, што ў Мядзеле не маюць намеру прыцягваць да ўладкавання арганізацыі з іншых гарадоў. Усе работы вядуцца сваімі сіламі — ДРБУ-133 і ДЭУ-66 — у штатным рэжыме.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля БАСАВА

Загаловак у газеце: Новая гасцініца і вугор на пастаменце

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.