25 красавіка, серада

Вы тут

Руслан Паддубскі: Выдаваць новы прадукт трэба пастаянна


Апошнім часам тэлеканал АНТ падкідвае мноства нагод для абмеркавання: новая тэлестудыя, новыя свежыя твары, новыя праграмы... Чым выклікана такая актыўнасць і якія перспектывы неўзабаве стануць рэальнасцю, «Звязда» распытала кіраўніка дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання Руслана ПАДДУБСКАГА.


— Руслан Віктаравіч, колькасць навінак у эфіры прыемна ўражвае. Гэта чароўны імпульс ад новага кіраўніцтва альбо журналісты, што называецца, самі даспелі?

— І тое, і другое — мы ж не можам дзейнічаць у адрыве адзін ад аднаго. З прыходам новага кіраўніка на АНТ адбыліся насамрэч каласальныя перамены — Марат Сяргеевіч Маркаў чалавек амбіцыйны. І задачы перад падначаленымі ён ставіць таксама амбіцыйныя і глабальныя, прычым усё сказанае ажыццяўляецца. Так, з прызначэннем на пасаду ён абазначыў прыярытэт у развіцці канала: умацаванне інфармацыйна-аналітычнага вяшчання. Уласна, год (28 сакавіка споўніўся якраз такі тэрмін з прыходу Марата Сяргеевіча на АНТ) менавіта на гэта мы і працавалі, і большая частка пастаўленых задач ужо рэалізаваная.

...Перад тым як выдаць якасныя праекты, неабходна выйсці на адпаведны тэхнічны ўзровень. Таму перадусім тэлевізійнікі стварылі самі для сябе «інфармацыйны асяродак»: правялі першы з 2006 года маштабны кастынг вядучых, пераабсталявалі па найсучасных стандартах інфармацыйную студыю, перафарматавалі «Нашы навіны», а потым перайшлі да запуску шэрагу новых праектаў.

— Мы не прывязваліся да традыцыйнага восеньскага пачатку тэлесезона, бо дамовіліся са старшынёй, што класічных сезонаў у нас больш не будзе — выдаваць новы прадукт трэба пастаянна, пакуль ёсць ідэі і жаданне яго рабіць.

Першым з іх у сезоне 2017/2018 стартавала «Наша жыццё» — інфармацыйна-аналітычнае ток-шоу з вопытным у гэтым жанры Дзмітрыем Бачковым, які перайшоў працаваць на АНТ з «Беларусь 1». У снежні 2017-га замест сціслых выпускаў спартыўных навін пачаліся пасяджэнні «Спартклуба» — інфармацыйна-аналітычнай праграмы, якая падводзіць вынікі мінулага тыдня і расстаўляе акцэнты на бягучы. «У праграме насамрэч ёсць што паглядзець і паслухаць, і ў саміх спартсменаў, трэнераў, функцыянераў яна выклікала цікавасць, таму, спадзяюся, аўдыторыя ацэніць, прызвычаіцца і падцягнецца», — зазначае Руслан Паддубскі.

Нядаўна ў спартыўных навінах таксама з'явілася новая вядучая — Любоў Леановіч, якая раней працавала рэдактарам на АНТ. І гэта, падкрэсліваюць тэлевізійнікі, толькі пачатак — падбор свежых кадраў працягваецца.

На мінулым тыдні адбылася прэм'ера новага штотыднёвага праекта «Рэпарцёр», заснаванага на жанры спецыяльнага рэпартажу. За 13 хвілін найлепшыя рэпарцёры АНТ — а на рахунку канала пяць «Тэлевяршыняў» у адпаведнай намінацыі, — проста і даходліва паказваюць актуальныя і вострыя праблемы грамадства.

— На АНТ заўжды была моцная рэпарцёрская школа, але ў гэтым выпадку праект — камандная работа рэпарцёраў, рэжысёраў, прадзюсараў, рэдактараў, якія дапамагаюць адшукаць сюжэты і зрабіць іх больш выразнымі. Мы з самага пачатку ведалі, што хочам зрабіць: праз гісторыі і перажыванні розных людзей паглыбіцца ў звычайнае жыццё, паказаць яго без прыкрас і маралізатарства, проста як ёсць. Каб глядач сам зразумеў, у чым карані праблемы, адчуў пэўныя эмоцыі і зрабіў свае, не навязаныя звонку, высновы. Глабальна мы хочам, каб пасля кожнага выпуску чалавеку было над чым падумаць, і галоўнае — каб было абуджэнне да дзеяння. Спадзяюся, нават пасля першага рэпартажу пра п'яных кіроўцаў многія задумаюцца, што за кілішкам спіртнога — зламаныя лёсы многіх людзей...

— Балючых тэм у нашым грамадстве шмат. Як адбіраеце тыя, што «выстраляць» у «Рэпарцёры»?

— Канешне, для старту хочацца чагосьці гучнага, запамінальнага. Самы просты спосаб — узяць «чорны» кірунак, але ад гэтага мы свядома адмовіліся. Спрабуем вытрымліваць баланс паміж тэмамі праблемнымі, актуальнымі тут і цяпер і менш вострымі, але ад таго не менш цікавымі. Нашы рэпарцёры плануюць уздымаць і тыя пытанні, якія ўжо не раз гучалі, — але шукаць новыя ракурсы, «лавіць нерв» кожнай тэмы незалежна ад яе грамадскай вастрыні. Так, наперадзе будзе выпуск, прысвечаны анкалогіі — важная тэма практычна для кожнага з нас, калі ведаць, што большасць хворых звяртаюцца да медыкаў запозна; закранём наноў актуальную тэму фінансавых пірамід на прыкладзе маладога беларуса, ужо затрыманага праваахоўнікамі, які дзейнічаў з маштабамі Маўродзі і падмануў дзясяткі суайчыннікаў; раскажам пра лічбавізацыю эканомікі, тэму майнінга, у якой знайшлі ўнікальных герояў — адзінаццацікласніка, які збудаваў на балконе майнінгавую ферму, энтузіястаў, якія здабываюць віртуальную валюту на вёсцы, і г. д. Будзе рэпартаж пра «маленькіх людзей» — ліліпутаў, які дазволіць у прамым і пераносным сэнсе зірнуць на паўсядзённасць пад іншым вуглом. У кожным выпуску захаваецца ўмоўны падзел на два бакі: пацярпелыя і тыя, хто так ці інакш вінаваты ў іхніх праблемах, і ў кожным абавязкова будуць жывыя чалавечыя эмоцыі. Прынамсі пачынаць будзем з гэтага, каб людзі паверылі, глядзелі нас і, магчыма, нават прапаноўвалі свае тэмы.

— Яшчэ адна навінка — праграма «Метэагід». Прагноз надвор'я заўжды актуальны, але канкурыраваць у гэтай сферы з іншымі каналамі даволі цяжка. Чым паспрабуеце ўразіць гледачоў?

— 10-хвілінны «Метэагід» з Дзмітрыем Рабавым і Крысцінай Вінярскай выходзіць па суботах — прэм'ера адбылася ўжо на мінулым тыдні. Мы бачым па даследаваннях аўдыторыі, што праграмы пра надвор'е маюць каласальныя рэйтынгі, але прапанаваць штосьці новае на гэтым полі насамрэч складана. Так што вырашылі не вынаходзіць веласіпед, а зрабіць праграму пра надвор'е ў шырокім сэнсе слова: аналіз надвор'я за мінулы тыдзень і максімальна дакладны прагноз на наступны, агляд метэаралагічных катаклізмаў у свеце і падборка цікавых фактаў «вакол надвор'я». Тандэм каларытных персанажаў, дзед Дзям'ян і баба Маня, якіх вы бачылі ў першым выпуску, — пастаянныя вядучыя адмысловай беларускамоўнай рубрыкі «Надвор'е з народа». Мяркую, людзі іх палюбяць з першага кадра, як палюбілі мы, калі ўбачылі іх працу ў якасці аніматараў. Яны настолькі харызматычныя і яркія, што нават перажываем, як бы не перацягнулі ўсе акцэнты на сябе. І, безумоўна, пастаянна будзе інтэрактыў з гледачамі — конкурсы, рубрыка «Стоп-кадр», у якой усе ахвотныя змогуць паўдзельнічаць і атрымаць фірменныя прызы.

— У апошні дзень сакавіка АНТ прадставіць у новым фармаце і «ўпакоўцы» суботнія навіны...

— Так, праграма працягласцю прыкладна ў 40 хвілін будзе называцца «Нашы навіны. Суботні выпуск». Канцэптуальна яна істотна адрозніваецца ад навін, бо субота — час адпачынку, інфатэйнменту, які прадугледжвае спалучэнне інфармацыі і забаўляльнага жанру. Мы ўлічылі вопыт расійскіх тэлеканалаў, кожны з якіх пэўным чынам вырашыў гэту задачу, і зрабілі на свой лад. У аснову праграмы пакладзена інфармацыя, але ў больш лёгкай падачы — штосьці сярэдняе паміж «Нашымі навінамі» і «Контурамі». Будуць спецыяльныя госці, экскурсіі ў беларускі сегмент інтэрнэту (знаёмства з героямі сацсетак і YоuTubе). Абавязкова паедзем у раёны — іх у нас 118, і ў кожным з дапамогай квадракоптараў, стэдзікамаў, іншай сучаснай тэхнікі мы пастараемся паказаць нешта значнае і прыгожае, каб нават жыхары глыбінкі адкрылі яе наноў. Старт дасць Капыльскі раён — паглядзім, які задзел і выклік астатнім атрымаецца. У праграме будзе новая вядучая, якая раней не з'яўлялася на АНТ, і хоць яе добра ведаюць у медыйным асяродку, але ў новым вобразе і з новым прозвішчам, я ўпэўнены, не адразу пазнаюць.

...Яшчэ адзін тэлепраект, які гледачы ўбачаць гэтай вясной, — аўтарская праграма кіраўніка АНТ Марата Маркава ў жанры вялікага інтэрв'ю. «Падобных салідных эксклюзіўных інтэрв'ю на беларускім тэлебачанні няшмат, да таго ж мы ставім перад сабой мэту быць у чымсьці наватарамі — таму па афармленні, падачы праграма не будзе паўтараць ужо існуючыя», — падкрэслівае Руслан Паддубскі.

— Акрамя выпуску новых праграм, мы нарошчваем інфармацыйную прысутнасць у інтэрнэце — развіваем афіцыйны YоuTubе-канал, які існуе з 2012 года (на сёння ён мае 100 тысяч падпісчыкаў і звыш 100 мільёнаў праглядаў), а перадусім актывізуемся ў сацыяльных сетках. Сучасны трэнд — інтэрнэт-карыстальнікі атрымліваюць інфармацыю найперш з сацсетак: там змяшчаюцца цікавыя спасылкі, актыўна праглядаюцца відэаролікі, там лепш працуюць анонсы і зваротная сувязь з гледачамі. Так што часта людзі, якія сцвярджаюць, што не глядзяць тэлевізар, проста глядзяць яго ў іншым месцы — у сацыяльных сетках, гэта мы бачым па трафіку. Неўзабаве наш аддзел інтэрнэт-вяшчання ператворыцца ў дырэкцыю, і задач у яго стане больш у некалькі разоў — гэта патрабаванне часу, каб годна канкурыраваць на інфармацыйным полі.

* * *

...Тут можна было б паставіць кропку. Але на АНТ, здаецца, вынайшлі і запусцілі інфармацыйны реrреtuum mоbіlе, канца энергіі якога няма, ёсць толькі новыя далягляды. Чарговы з іх адкрыецца ўжо зусім хутка — у выглядзе свайго прадстаўніцтва ў Еўропе. Адкрыццю карпункта АНТ у Бруселі папярэднічалі восем месяцаў ліставання, перагавораў, узгадненняў па лініі МЗС і еўрапейскіх структур, але ў выніку прабіць бюракратычную сцяну ўдалося. Мяркуецца, што напрыканцы красавіка супрацоўнікі карпункта адправяцца на новую працоўную лакацыю. «Мы будзем першай беларускай здымачнай групай, акрэдытаванай па ўсіх правілах, — не без гонару зазначае Руслан Паддубскі. — Спадзяюся, прысутнасць непасрэдна на месцы дазволіць аб'ектыўна перадаваць еўрапейскую палітыку дня, разбураць існуючыя стэрэатыпы пра нашу краіну і шырэй асвятляць розныя аспекты супрацоўніцтва Беларусі з еўрапейскімі краінамі».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота прадастаўлена тэлеканалам АНТ

Загаловак у газеце: Вечны рухавік інфармацыі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Расказваем пра перамогу нашых тэнісістак над Славакіяй у плэй-оф Кубка Федэрацыі, чарговы поспех беларускага баксёра на міжнародным рынгу.

Эканоміка

Якія змены на другасным рынку жылля

Якія змены на другасным рынку жылля

Пачатак года на рынку жылля выступае перыядам «разварушвання» для пакупнікоў. 

Грамадства

Вучэнні ў Печах у асобах

Вучэнні ў Печах у асобах

У Печах прайшлі провады ваеннабавязаных.