Вы тут

«M.@rt.кaнтакт-2018» сказаў: бывай!


Міжнародны тэатральны маладзёжны форум у Магілёве назваў найлепшых.


«Ме­тад».

27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, падвялі вынікі фестывальнага тыдня. Яшчэ напачатку было заяўлена, што два найлепшыя калектывы атрымаюць дыпломы «Падзея форуму» — па версіі прафесійных крытыкаў і маладзёжнай рэдакцыі фестывалю. Галоўнай падзеяй, на думку прафесіяналаў, стала зонг-опера «Медэя. Эпізоды» Тэатра Дзі Капуа з Санкт-Пецярбурга з удзелам музыкантаў культавай групы «Апошнія Танкі У Парыжы». Пастаноўка, дарэчы, узнагароджана Гран-пры прэміі імя Сяргея Курохіна і намінант на Незалежную музычную прэмію Арцемія Троіцкага «Стэпавы воўк» у намінацыі «Нешта».

А вось тэатральная моладзь, якая актыўна асвятляла ўсе падзеі форуму ў спецыяльнай газеце, вырашыла заняць пазіцыю нейтралітэту, абвясціўшы падзеяй усе спектаклі, уключаючы паказаную ў рамках спецыяльнай праграмы пастаноўку магілёўскага драмтэатра «Ліпень» і эскіз па апавяданні Васіля Быкава «Жоўты пясочак» — на працягу тыдня ў рамках майстэрні маладой рэжысуры яго рыхтавала з артыстамі Магілёўскага драмтэатра выхаванка вядомага піцерскага рэжысёра Генадзя Трасцянецкага Каміля Хусінава. «Падзея форуму — мастацтва!» — такую выснову зрабілі прадстаўнікі рэдакцыі тэатральнага весніка фестывалю. Яшчэ каля 500 прыхільнікаў выказалі свае меркаванні ў інтэрнэце. Па інфармацыі арганізатараў, першае месца атрымаў Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр з пастаноўкай «Метад» (22,9 % галасоў), другое месца аддадзена Цвярскому тэатру юнага гледача і яго спектаклю «Пустэча» (11,1 %). А вось трэцяе месца дасталася Тэатра Дзі Капуа і яго «Медэі. Эпізоды» (10,3 %).

Гэтым разам было шмат пастановак з біблейскім падтэкстам, якія хоць і не сталі падзеяй форуму, але, ёсць надзея, прымусілі кагосьці задумацца над сэнсам жыцця і нешта, магчыма, змяніць у ім. Напрыклад, навучыцца несці адказнасць за свае ўчынкі, каб не быць падобнымі на герояў камедыі-прытчы «Ураджай» Маскоўскага Губернскага тэатра па п'есе нашага славутага земляка і драматурга Паўла Пражко. Звярнуцца да пошукаў сваёй існасці, на што натхнілі сваім праектам «Цудоўнае і жахлівае» артысты арт-групы «Mеd а рrасh/Мёд і пыл» са Славакіі. Або ўспомніць пра міласэрнасць, сапраўдную любоў і веру разам з харкаўскім тэатрам Адэскага разліву «Ланжэрон» і іх пастаноўкай «Ліст да Бога».

Нагадаем, што сёлетні «M.@rt.кaнтакт» быў 13-ы па ліку. У ім прынялі ўдзел творчыя калектывы 20 тэатраў з 8 краін свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Славакіі. За шэсць фестывальных дзён яны паказалі 22 пастаноўкі. Магчымасць сустрэцца прыхільнікам тэатра з артыстамі розных краін далі заснавальнікі фестывалю: Міністэрства культуры, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.