Вы тут

Выйшла новая кніга Змітрака Марозава


У сталічным выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла новая кніга Змітрака Марозаваз гаваркой назвай «Храм: вершы, санеты, вянкі санетаў». На каляровай вокладцы выявы храма мы не ўбачым, разгадка сэнсу назвы зборніка — на 123-й старонцы ў аднайменным вершы. Паэт «збудаваў свой храм са слоў прыгожых, нібы з цаглін, апаленых агнём…». У гэтым віртуальным храме ягонаму сэрцу было гожа, утульна. Да таго часу, пакуль «аднойчы ноччу Шляхам Млечным сышоў, як прывід, старац да мяне». Ён назваў паэтаў храм турмою, а яго самога — вечным вязнем у ім:


Быў гэты вырак, як пад сэрца ножык,

Як перуновы стрэл сярод зімы…

Я зруйнаваў свой храм са слоў прыгожых

І разараў пад жыта дол нямы.

Рунець яму ціхмяным днём асеннім,

Шаптацца жыту з ветрам веснавым…

Мае ж пачуцці, мроі і памкненні

Над ім паплачуць дожджыкам жывым.

Такая жыццесцвярджальная выснова вымушае сур’ёзна задумацца над супярэчнасцямі нашай паўсядзённасці, зазірнуць усярэдзіну свайго ўласнага духоўнага храма, калі такі ёсць, над неабходнасцю яго далейшага існавання. І працягваць жыць далей так, як падказвае розум і сэрца.

На мой погляд, верш «Храм», што даў назву зборніку, можна лічыць своеасаблівым падмуркам, на якім трывала стаяць усе астатнія паэтычныя творы: санеты, вянкі санетаў, у напісанні якіх Змітрок Марозаў — непераўзыдзены майстар. Яшчэ ў 1991 годзе ён першы ў еўрапейскай літаратуры напісаў высока ацэнены літаратурнымі крытыкамі вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы».

Сваю новую кнігу аўтар прысвяціў вёсцы-калысцы Язбы, у якой нарадзіўся і вырас, роднай Крупшчыне ў Мінскай вобласці, дарагім землякам. Таму самым першым у ёй змешчаны верш «Анкета паходжання»:

Я з вёскі,

Я — свойскі,

Язбоўскі…

Адсюль і трывогі мае.

Паэт трывожыцца за лёс Беларусі і беларусаў, за крохкі навакольны свет і выказвае сваю вялікую любоў да вёскі, яе людзей, да ўсяго, што звязана з незабыўным да скону сялянскім побытам. «Хаты. Жытняя палоска. А далей — шаша, шаша… Паміж горадам і вёскай разрываецца душа». Ён, нібы пералётны жораў, б’ецца між дзвюх радзім. Калі ж прыйдзе час і жураўліны вырай забярэ з сабою, то абяцае сэрца пакінуць гораду, а душу — роднай вёсцы.

Вясковыя жанчыны — Аляксандры, Марылі, Домны — для паэта як беларускія мадонны, што ў жыццёвым полі ніколі не сеялі зерне зла. Ён надзвычай узнёсла піша пра жанчын-працаўніц, жанчын-маці, жанчын, якія дораць нам радасць кахання, у вершах «Апошняе каханне», «Белыя зоркі лілей…», «Я Вас кахаў…», «Гучала музыка ў цішы начнога саду».

Змітрок Марозаў піша хораша, вобразна, пераканаўча, параўноўваючы поле, засеянае лубінам, з сінім морам, а поле, на якім цвіце грэчка, — з белым возерам. Умее ўбачыць у звычайнай з’яве незвычайнае: «Канае месяц. Спіць сяло. Туману шызае крыло накрыла спелыя лугі і млявай рэчкі берагі»; «Сейва жнівеньскіх зор даспявае ў гары, і канае касцёр на бацькоўскім двары»; «Напішыце мне ліст з маладосці васільковым чарнілам нябёс»; «Я раздаваў пачуцці людзям, як пан манеты жабракам…».

Любоў да Радзімы, да роднага краю неадрыўная ад сыноўняй любові да роднай мовы. У нас дзве дзяржаўныя мовы, але шмат хто пры гэтым забываецца, што родная, матчына мова была, ёсць і назаўсёды застанецца адна:

Дарэмна зласлівец жадае

Да слова ману прычапіць.

Народ мой і гэта стрывае —

І слова ярчэй заблішчыць!

Многія радкі ўздымаюцца да ўзроўню вострай публіцыстычнасці. Як, напрыклад, гэты:

«Мова гіне! Свет дзічэе!

Хутка нацыі — капец!..» —

Патрыёт наш аж пацее,

Не касец ён і не жнец.

Тых прароцтваў не баюся,

Бо сцвярджае дзед Ахрэм:

«Ёсць Купала ў Беларусі,

Значыць, людцы, не памрэм!»

Завяршаецца кніга шчымлівым, пранізліва-шчырым «Санетам маці», у якім паэт прызнаецца, што кожная сустрэча з самым дарагім чалавекам для яго як свята, што іх душы вядуць толькі адным ім зразумелую гаворку. «Хто вершы піша — не паэт, / паэт, хто сэрцам іх спявае!» — заяўляе сваё творчае крэда Змітрок Марозаў. І праспяваныя сэрцам, падслуханыя чуласцю душы вершы і санеты з новай кнігі «Храм» — яскравае таму пацвярджэнне.

Мікола ЛЕЎЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.