Вы тут

Быкаў блаславіў


У шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя наша абласная газета «Гродзенская праўда» часта расказвала пра выступленні пісьменнікаў у розных працоўных калектывах, школах, бібліятэках, клубах. Гэтыя сустрэчы арганізоўваў літаратурны кансультант газеты, выдатны беларускі пісьменнік Васіль Быкаў.


Скончыўшы ў 1957 годзе школу, паехаў па поклічы сэрца ў Казахстан асвойваць цалінныя землі. Працаваў у зернесаўгасе, вучыўся ў тэхнічным вучылішчы г. Балхаш, будаваў Магнітку. Мае першыя вершы з’явіліся ў газетах «Балхашский рабочий» і «Комсомолец Караганды». Вярнуўшыся ў 1961 годзе ў Гродна, уладкаваўся механікам на фермзаводзе, але захапленне паэзіяй прывяло мяне ў рэдакцыю «Гродзенскай праўды». Там і пазнаёміўся з Васілём Уладзіміравічам Быкавым. Прачытаўшы мае вершы, ён адразу аддаў іх у друк, а мяне стаў называць маладым рабочым паэтам. Яму вельмі спадабаўся верш пра маю прафесію «Цыгарэтчык».

Летам 1964 года Васіль Быкаў запрасіў выступіць з вершамі ў клубе памежнікаў па вуліцы М. Горкага. Нас было пяцёра: Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Данута Бічэль-Загнетава, Вольга Іпатава і я. Васіль Уладзіміравіч распавёў салдатам пра сваю творчасць, прачытаў апавяданне «У той дзень». Дагэтуль помню радкі таго быкаўскага апавядання. Пісьменнік паказаў карціну сустрэчы нашых войскаў з саюзнікамі, дзе негр Джым, які ваяваў супраць Гітлера, упершыню пабачыў рускіх. Ён чуў пра Сталінград, Леніна. Яму спадабаліся простыя, смелыя рускія хлопцы. У той час як неграў у яго на радзіме не лічылі за людзей.

Аляксей Карпюк прачытаў некалькі ўрыўкаў са сваёй кнігі «Данута». Цёплымі салдацкімі апладысментамі былі ўганараваны паэтэсы Загнетава і Іпатава.

— А цяпер перад вамі выступіць малады рабочы, паэт Віктар Куц. Сустракайце! — аб’явіў Васіль Уладзіміравіч.

Я быў з памежнікамі прыкладна аднаго ўзросту і па сабе ведаў, што салдатам патрэбны вершы пра каханне, пра тых, хто іх чакае і цалуе па начах іх лісты. Мае вершы ўзбадзёрылі аднагодкаў. Яны папрасілі прачытаць яшчэ. Раптам Васіль Уладзіміравіч кажа:

— Віктар, а ты прачытай вершы пра сябе, — і дадае. — У Віктара ёсць верш «Цыгарэтчык». Ён працуе механікам на заводзе і выпускае для вас цыгарэты «Армейские».

Давялося выконваць просьбу:

Иная профессия как-то звучит,

Ну, к примеру: Геолог! Разведчик!

А моя-то, тихоня, молчит, не бренчит,

Кто я? Я — сигаретчик…

Калі я скончыў чытаць, на мяне пасыпаўся град пытанняў: «Для чаго ў цыгарэты “Армейские” падсыпаюць якуюсь дабаўку?»; «Ці праўда, што гэта дабаўка ў выглядзе дробных вермішэлін — не што іншае, як спецыяльныя вітаміны, каб салдаты не хацелі бегаць у звальненне?»… Давялося тлумачыць, што гэта ўсяго толькі спрасаваная перасохлая тытунёвая крошка. Тытунь у працэсе перапрацоўкі дае шмат адходаў у выглядзе здробненых у пыл тытунёвых лісцяў. Машыны на такім тытуні не могуць працаваць. Раней гэта спісвалася ў адходы і вывозілася на звалку. Тытунь у нас не расце, уся сыравіна прывазная. Адзін кілаграм тытуню даражэй за тры кілаграмы цукру. А цяпер нашы рацыяналізатары вырашылі прапарваць, размякчаючы гэту сумесь. Паколькі на лісцях тытуню ёсць пясок і іншыя цяжкія прыродныя наносы, усё гэта ў працэсе ферментацыі асядае на дне спецыяльных барабанаў, а прапараная тытунёвая маса прапускаецца пад ціскам праз фармовачныя адтуліны, як вермішэль. Потым сушыцца ў выглядзе дробных кавалачкаў-вермішэлін і ідзе ў вытворчасць. Атрымліваецца чысты маланікацінавы тытунь.

Салдаты засталіся задаволеныя. Памежнікі пацікавіліся творчай кухняй пісьменнікаў і паэтаў. «Асноўнай скарбніцай пісьменніка, — патлумачыў Васіль Уладзіміравіч, — з’яўляецца памяць. Проста не ўсе могуць, а часам не хочуць знайсці патрэбны матэрыял у гэтым сховішчы. Для паўнаты прамоўленага дадам, што часта даводзіцца карыстацца архівамі, сустракацца са сведкамі падзей».

Пасля сустрэчы мы выйшлі на вуліцу Лермантава. Васіль Быкаў жыў тады на Алега Кашавога. Перш чым звярнуць да сябе, Васіль Уладзіміравіч раптам спытаў, ці не мяне сустракае гэта прыгожае стварэнне, што прытаілася ля дрэва? Я прыгледзеўся і ўбачыў за таполяй на павароце вуліцы сваю жонку. Паколькі мы жылі зусім побач з клубам, яна выйшла мяне сустракаць. «Давярай, але правярай», — усміхнуўся пісьменнік.

Аднойчы, завітаўшы ў рэдакцыю «Гродзенскай праўды», я ўбачыў пачырванелага, «у поце» паэта Сяргея Бандарэнку, які сядзеў за вольным сталом і штосьці шаптаў сам сабе. Павітаўшыся, я паклаў на стол Быкава два свае новыя вершы. Васіль Уладзіміравіч уважліва прачытаў іх. Адну рукапісную старонку адразу паклаў у сваю працоўную папку, другую аддаў на дапрацоўку: трэба замяніць літаральна пару слоў. Мне няцяжка было гэта зрабіць, і я заслужыў пахвалу ад Быкава. А Бандарэнка ўсё яшчэ спрабаваў знайсці патрэбныя словы для сваіх твораў. Я спытаў, ці магу паглядзець на вершы калегі свежым вокам і нешта параіць. «Праўку сваіх твораў пажадана рабіць самому аўтару. Нічые словы не заменяць аўтарскай думкі», — заўважыў Васіль Уладзіміравіч. Каб згладзіць маю збянтэжанасць, ён усміхнуўся рэдкай, добрай быкаўскай усмешкай. З тых часоў заўсёды стараюся сам шліфаваць свае вершы.

У 1964 годзе Саюз пісьменнікаў Беларусі запрасіў мяне ўзяць удзел у двухтыднёвым семінары маладых аўтараў. Аднак сямейныя абставіны не дазволілі мне паехаць: нарадзілася дачка, і я не мог надоўга пакінуць жонку з дзіцём. Васіль Уладзіміравіч тады вельмі бедаваў. Казаў, што я трачу шанц стаць адным з аўтараў калектыўнага зборніка, а заадно і атрымаць пуцёўку ў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве, пра які я тады марыў.

У сэрцы многія гады захоўваю пахвалу Васіля Быкава на адной з вечарын паэзіі. Тады ён голасна сказаў: «У Вас, Віктар, выдатныя вершы, меладычныя, музычныя. Лёгка ўспрымаюцца душой і сэрцам, як быццам усё гэта адбываецца з тым, хто чытае. Пішыце болей!» І я стараўся апраўдаць яго давер.

Віктар КУЦ (Публікацыю падрыхтаваў Мікола МІКУЛІЧ)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».