Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Пясчатка


Ніколі б не падумала, што ў вёсцы, якая дала назву міжнароднаму аўтадарожнаму пункту пропуску, засталося двое жыхароў. Але гэта так.


«Пясчатку» ўрачыста адкрывалі ў 2015 годзе. Пункт пропуску там быў даўным-даўно, але ён меў статус міждзяржаўнага, зносіны ў абодва бакі адбываліся толькі паміж Беларуссю і Польшчай. А ў 2013 годзе пачалася яго маштабная рэканструкцыя. Пасля абнаўлення «Пясчатка» атрымала 16 каналаў руху з прапускной здольнасцю 1200 аўтамабіляў у суткі. Зразумела, што там адкрылася шмат новых рабочых месцаў, з'явілася інфраструктура. Работнікі пункта пропуску ў асноўным ездзяць на працоўную змену з Брэста. Чамусьці ніхто не надумаўся купіць дом у бліжняй вёсцы і асесці паблізу ад работы.

Затое дачнікі не абыходзяць увагай Пясчатку. Многія набылі хаты, перабудоўваюць і ўладкоўваюць іх пад утульныя летнія фазэнды. Летам ажыве адзіная доўгая вясковая вуліца. А цяпер...

Выкрунтасы гісторыі

Толькі над адным комінам цэлую зіму сцелецца дымок, які служыць доказам, што вёска Пясчатка жывая. Гаспадар сціплага, але акуратнага доміка Віктар Філіпавіч Скібук нарадзіўся тут і пражыў, апошнія 60 гадоў — у згодзе і любові з жонкай Нінай Сцяпанаўнай. Віктару Філіпавічу ідзе 88-ы год. Вайну ён памятае ўрыўкамі, можа, нават успрымае адбіткамі карцінак, якія сфарміраваліся пад уплывам расказаў і адчуванняў бацькоў. Але ў яго душы ваенныя ўражанні засталіся як нешта страшнае, небяспечнае. Тут жа мяжа побач, баі ішлі зусім недалёка. А калі вайна нарэшце адступіла, вёскі Пясчатка, Галя (цяпер Пагранічная. — Аўт.) і некалькі іншых аказаліся за мяжой.

— Два разы ў Польшчы жыў — расказвае Віктар Скібук. — Першы раз да 39-га года, а другі з 44-га да 48-га. Вось так было, нас ніхто не пытаўся, дзе мы хочам быць, нам толькі аб'яўлялі...

— Тут кроілі межы некалькі разоў, — уступае ў гаворку старшыня Раснянскага сельскага Савета Валерый Бядуля. — Як у 1944 годзе пагналі акупантаў, некалькі нашых вёсак перайшлі пад юрысдыкцыю Польшчы. Цікава, што з тых, якія засталіся ў Беларусі, мужчын забралі на фронт, а з вёсак польскай тэрыторыі не бралі. А мы пакуль пра гэты факт не ведалі, здзіўляліся, чаму ў Пагранічнай, Пясчатцы фактычна не было ветэранаў вайны, а ў суседніх — многа.

— Тыя юнакі, чый прызыўны ўзрост наступіў у 1945—1947 гадах, служылі ў польскай арміі, — працягвае Валерый Уладзіміравіч. — Адзін пажылы чалавек з Пагранічнай расказваў пра сваю службу, згадваў, што на палітзанятках праходзілі тэму: «Дружба з Савецкім Саюзам». І ўжо ў 1948-м тыя салдаты ў Саюзе аказаліся. Прычым на працягу дня. Папярэдне ніхто нічога не ведаў. Адна жанчына пайшла зранку ў горад па пакупкі, а пасля абеду дадому трапіць не змагла. Хата аказалася ў іншай краіне. Давялося беднай гаспадыні яшчэ два дні абіваць парогі розных устаноў, нават у Брэсце, каб нарэшце пусцілі да ўласных дзяцей. Вось у такіх выкрунтасах гісторыі пабывала ў тым ліку і Пясчатка.

Сямейнае шчасце Скібукоў

Ні­на і Вік­тар Скі­бу­кі.

Ну, а наш герой Віктар Скібук на службу трапіў не ў Войска польскае, а ў «сонечны» Магадан. І адслужыў у адной з авіяцыйных часцей чатыры гады. «Спачатку было непрывычна холадна, — расказвае пенсіянер. — Потым прызвычаіліся, адзенне добрае выдавалі. Сопкі запомніліся сваёй прыгажосцю. Нам, маладым, хацелася пакатацца з тых сопак, на санках з'ехаць, ды камандзір не дазваляў. Гэта было небяспечна. Пад канец службы мяне запрашалі застацца вольнанаёмным, там выгадна служыць было, год ішоў за два. І камандзір папярэджваў нас, што дома работы не знойдзем. Меў рацыю, як аказалася. Але мне хацелася ў родныя мясціны, цягнула да бацькоў. Таму адразу пасля тэрміновай службы вярнуўся».

Работы і праўда не знаходзілася, жыць у вёсцы тады было цяжка. Два гады запар хлопец ездзіў на заробкі ва Украіну, убіраў ураджай.

— Прывёз адтуль пшаніцы на каравай, значыць, можна было рабіць вяселле, — весела ўступае ў гаворку Ніна Сцяпанаўна. — Добра, што прыехаў ды мяне замуж узяў, а то я стараватая была, — смяецца яна.

«Стараватай» споўнілася 22 гады. «На той час узрост паміж дзеўкай «на выданне» і «старой» дзеўкай, — кажа былая нявеста. — Гэта цяпер у любым узросце замуж выходзяць».

Жарты жартамі, але па ўсім відаць, што Скібукі пражылі добрае жыццё, у міры і згодзе. Працавалі ў калгасе і не толькі. Ніна Сцяпанаўна доўгі час была поварам у школьным летніку. А ў калгасе якой толькі работай не займалася: паспела і загадчыцай фермы пабыць, і, як яна сказала, «авечым пастухом».

Увесь час трымалі вялікую ўласную гаспадарку: каровы, свінні, козы, розная птушка. Паводле слоў гаспадыні, кожны год свіней калолі па два метры даўжынёй. Яшчэ і цяпер Скібукі трымаюць курачак, некалькі трусоў. Так што свае яечка і кавалак дыетычнага мяса да стала ёсць. Прыгатаваць, прыбраць у хаце, напаліць у печцы — задачы для гаспадыні пасільныя. А вось гаспадар шкадуе, што сам ужо не здолее заараць агарод, даводзіцца наймаць людзей на гэтую работу.

Сужэнцы Скібукі выгадавалі дваіх дзяцей, сын жыве ў Брэсце, дачка — у Мікашэвічах. Ужо і дзеці ўнукаў маюць, а яны адпаведна — пяцярых праўнукаў. Дзеці, вядома, прыязджаюць, ва ўсім дапамагаюць. Нават пральную машыну-аўтамат устанавілі ў доме, каб аблегчыць бацькам побыт. А яны радуюцца, што вялікіх клопатаў дзецям пакуль не ствараюць.

Ядомыя кветкі ад знакамітай каравайніцы

— Я яшчэ і каравай сама спякла б, толькі ўжо кветачкі, упрыгажэнні да яго зляпіць цяжка, — кажа Ніна Сцяпанаўна.

Аказалася, што жыхарка Пясчаткі — знакамітая ў Камянецкім раёне каравайніца. На раённым конкурсе, які праводзілі гадоў дзесяць таму, менавіта яна заняла першае месца. Раней шмат караваяў пякла. І ў Брэст, і ў Мінск, і ў Камянец заказвалі. Родныя, знаёмыя, знаёмыя знаёмых хацелі на вяселле дзяцей эксклюзіўныя караваі, вырабленыя з натуральных прадуктаў, прыгатаваныя ў печы, выпаленай бярозавымі дровамі.

— Ну і стаяла каля печы, выпякала. Мне гэтая работа заўсёды падабалася: падрастае каравай — аж душа радуецца.

Некаторыя каравайніцы гавораць, што ім перадавалі ўменне іхнія маці альбо нават бабулі. А ў мяне ўсё выпадкова атрымалася. Некалі даўно я была на вяселлі стрыечнага брата. І такі прыгожы каравай там да стала вынеслі, што ён мяне зачараваў... Разглядала не адрываючыся. А потым падумала: няўжо я так не змагу? У вясельнага каравая ж галоўнае — упрыгажэнні. Вось і стала вучыцца ляпіць, найбольш кветкі. З кожным разам атрымліваліся ўсё лепшыя, а хацелася, каб такія, ну быццам з агарода, а не з цеста. Вось і старалася. Мае дэталі можна з каравая проста ў рот класці, яны ядомыя, гатуюцца без усялякіх дабавак. Тады, на конкурс, нават жаніха і нявесту вылепіла, а лебедзі мне наогул лёгка даваліся, — прыгадвае каравайніца.

Так што на Вялікдзень гаспадыня з Пясчаткі напячэ сваіх смачных булак, нафарбуе яек і будзе чакаць самых дарагіх гасцей — дзяцей і ўнукаў. А там, вясной, пачне ажываць вёска, падцягнуцца дачнікі. Летам тут добра, нашмат весялей, расказваюць гаспадары. Настаўніца Раіса Блінова так уладкавала сядзібу свайго свёкра, што двор падобны на аранжарэю. Якіх толькі дрэў, кустоў, кветак тут няма: ад нашага ядлоўцу да самых экзатычных раслін. Пачнуць ажываць і іншыя дамы на доўгай вуліцы, якая некалі ўтварала нямалую вёску Пясчатка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Прыехаў з Магадана ды замуж узяў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».