Вы тут

Што адбываецца на Шры-Ланцы?


Сёлета сакавік на Шры-Ланцы выдаўся надзвычай неспакойным. На тэрыторыі астраўной дзяржавы нават прыйшлося ўводзіць рэжым надзвычайнага становішча. На такія меры пайшоў прэзідэнт краіны Майтрыпала Сірысена. Паводле паведамлення мясцовага тэлеканала News Fіrst, гэта адбылося пасля таго, як у адным з раёнаў краіны пачаліся антымусульманскія пратэсты. Як раней паведамлялі СМІ, асобныя ўспышкі гвалту паміж будыстамі і мусульманамі першапачаткова былі зафіксаваныя ў горадзе Дыгана, аднак затым распаўсюдзіліся і на іншыя часткі Шры-Ланкі. У сувязі з гэтым у некаторых раёнах была ўведзена каменданцкая гадзіна, у мэтах аховы правапарадку разгорнуты дадатковыя падраздзяленні паліцыі і арміі. Сітуацыю ўдалося стабілізаваць, і рэжым надзвычайнага становішча адмянілі праз 10 дзён пасля ўвядзення. «Вярнуўся з вельмі ўдалай паездкі ў Японію, якая прынясе нам шмат карысці ў кароткатэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве. Ацаніўшы сітуацыю з грамадскай бяспекай, я даручыў адмяніць надзвычайнае становішча», — напісаў Майтрыпала Сірысена ў сваім афіцыйным «Твітэры». З-за чаго ліхаманіла Шры-Ланку і якія перспектывы ўзнікнення такой сітуацыі надалей?


Чай і сапфіры

Востраў Шры-Ланка размешчаны ў Паўднёвай Азіі, крыху на ўсход ад паўднёвага ўскрайку Індастана, і абмываецца водамі Індыйскага акіяна і Бенгальскага заліва. Аддзелены ад Індастана Манарскім залівам і Полкскім пралівам. Так званы Адамаў Мост — водмель у Полкскім праліве — калісьці цалкам злучаў Шры-Ланку з мацерыком, але, па даных летапісаў, быў разбураны землятрусам каля 1481 года.

Сёлета Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка ўрачыста святкавала адметную дату — 70-годдзе незалежнасці. Менавіта 4 лютага 1948-га краіна атрымала незалежнасць, яна называлася Дамініён Цэйлон (фармальна застаючыся дамініёнам Вялікабрытаніі). Сваю цяперашнюю назву дзяржава атрымала толькі ў 1972 годзе. Шры-Ланка ў перакладзе з санскрыту азначае «добраславёная зямля». Афіцыйная сталіца — Шры-Джаявардэнепура-Котэ (месца «прапіскі» парламента і вярхоўнага суда), фактычная — Каломба (тут размяшчаецца будынак урада, а таксама рэзідэнцыя прэзідэнта).

На востраве вырабляецца каля 10 працэнтаў усяго чаю ў свеце — звыш 300 тысяч тон у год. Не дзіўна, што гэты прадукт па праве з'яўляецца візітнай карткай Шры-Ланкі. На дадзены момант дзяржава займае трэцяе месца ў свеце па аб'ёмах вытворчасці чаю, саступаючы толькі Індыі і Кітаю. Яшчэ на Шры-Ланцы ў прамысловых маштабах здабываюць сапфіры.

Усё большую ролю ў эканоміцы краіны адыгрывае турызм. Папулярнасцю карыстаюцца прыморскія курортныя гарады (Маратува, Гале), гістарычныя славутасці (Кандзі, Анурадхапура, Паланарува, Сігірія), горны курорт Нувара-Элія. Турысты наведваюць таксама чайныя плантацыі, нацыянальныя паркі і рэлігійна-гістарычныя помнікі будызму, напрыклад храм зуба Буды ў Кандзі (старажытнай сталіцы вострава), дзе захоўваецца адна з самых шанаваных у свеце будысцкіх святынь (уласна, зуб Буды). У пачатку ХІХ стагоддзя на Шры-Ланцы налічвалася больш за 30 тысяч сланоў. Праўда, з цягам часу папуляцыя значна паменшала — у 2010-м тут засталося толькі каля 6 тысяч гэтых жывёл.

Шры-Ланка імкліва развіваецца — рост валавога ўнутранага прадукту складае ў сярэднім каля 5 працэнтаў у год. Адметна, што гэтая астраўная краіна апошнім часам у лідарах сярод дзяржаў Паўднёвай Азіі па аб'ёме ВУП у разліку на душу насельніцтва.

Час «тыграў»

Сёлета ўнутраная сітуацыя ў краіне абвастрылася. У канцы лютага на Шры-Ланцы падарвалі аўтобус з ваеннымі, пацярпелі 19 чалавек, паведаміла агенцтва Reuters. Выданне адзначыла, што пасля заканчэння ў 2009 годзе працяглай грамадзянскай вайны на Шры-Ланцы мэтанакіраваных нападаў на ваенных яшчэ не здаралася. Як вядома, узброены канфлікт паміж цэнтральным урадам і ваенізаваным рухам «Тыгры вызвалення Таміл Ілама» (дамагаліся стварэння незалежнай тамільскай дзяржавы на тэрыторыі краіны) працягваўся з 1983-га па 2009 год і забраў жыцці па меншай меры 100 тысяч чалавек.

Дарэчы, гісторыя гэтага супрацьстаяння налічвае больш за паўсотню гадоў. Асноўны матыў — этнічны. Тамільская меншасць у сярэдзіне мінулага стагоддзя стала настойваць на сваёй незалежнасці. Аднак сінгальскі ўрад не задаволіў іх патрабаванні. Тады рупарам барацьбы за незалежнасць стала сепаратысцкая групоўка «Тыгры вызвалення Таміл-Ілама» (ТВТІ). Менавіта іх дзеянні ў ліпені 1983-га паслужылі пачаткам грамадзянскай вайны. Тады баевікі атакавалі ўрадавы патруль у горадзе Джафна, што выклікала рэакцыю ў адказ сінгалаў, якія арганізавалі тамільскія пагромы.

«Тыгры» кантралявалі амаль усе тэрыторыі паўночнага і ўсходняга ўзбярэжжа Шры-Ланкі. Фактычна ўся гэтая частка краіны жыла адасоблена, не падпарадкоўваючыся законам дзяржавы. У баевікоў былі свае КПП на неафіцыйнай дэмаркацыйнай лініі з тэрыторыяй афіцыйнай улады, якія існавалі амаль легальна. Урадавыя войскі не заўсёды вялі актыўныя баявыя дзеянні супраць паўстанцаў. У 2002-м пры пасярэдніцтве Індыі ўдалося дасягнуць перамір'я. Аднак доўжылася яно ўсяго крыху больш за тры гады.

У шэрагах ТВТІ ваявалі і жанчыны — па розных падліках, яны складалі ад 20 да 30 працэнтаў усіх вайскоўцаў. Асабліва актыўна іх прыцягвалі да аперацый так званых чорных тыграў (падраздзяленне тэрарыстаў-смяротнікаў, якія здзяйснялі напады на палітычныя, эканамічныя і ваенныя цэлі), паколькі спецслужбам складаней распазнаць тэрарыста-смяротніка ў жанчыне. Баевікі таксама вербавалі і навучалі вядзенню вайны дзяцей, яны ўпершыню ўжылі «паясы смяротнікаў».

Пасля мноства няўдач і некалькіх перамір'яў урадавыя сілы здолелі атрымаць перамогу над «тыграмі». 18 мая 2009 года 50-тысячная групоўка ўрадавых войскаў Шры-Ланкі скончыла апошнюю аперацыю ў грамадзянскай вайне. На поўначы краіны, на паўвостраве Джафна, пасля ўзяцця Мулайтыву былі акружаны і ліквідаваны асноўныя сілы тамільскіх сепаратыстаў. У ходзе аперацыі быў забіты нязменны лідар «тыграў» Велупілаі Прабхакаран.

Будысцкая сіла

Апошнім часам на востраве актывізавалася будысцкая тэрарыстычная арганізацыя — «Боду Балю Сена» («будысцкія сіла»), ці проста ББС. Яна была створана манахамі Кірама Вімаладжоці і Галагодай Атэ Гнанасарай параўнальна нядаўна — у 2012-м. Адной з асноўных мэт была заяўлена абарона правоў будыстаў-гастарбайтараў, якія працуюць на Блізкім Усходзе і сутыкаюцца з забаронай здзяйсняць набажэнствы. Аднак хутка актывісты ББС разышліся: патрабавалі прэферэнцый пры паступленні ў ВНУ моладзі, якая наведвае будысцкія курсы, замены школьных настаўнікаў манахамі і спынення археалагічных раскопак у святых месцах.

Першай гучнай акцыяй ББС стаў напад на дом хрысціянскага пастара Дзінеша ў 2012 годзе: яны сцвярджалі, што ён употай займаецца празелітызмам, пераварочваючы будыстаў у хрысціянства. Праз тры месяцы натоўп на чале з манахамі штурмам узяў адзін з юрыдычных каледжаў ў Каломба, дзе, як сцвярджалася, прафесары ставяць больш высокія ацэнкі абітурыентам-мусульманам, а праз некалькі дзён разграміла ўстанову пад назвай «Буда-бар» — за блюзнерства.

Адзін са стваральнікаў ББС, Галагода Атэ Гнанасара, заявіў: «Гэтая краіна створана будыстамі-сінгаламі, і яна павінна застацца краінай будыстаў-сінгалаў». Гнанасара і яго прыхільнікі заклікалі сваіх паслядоўнікаў аб'яднацца супраць хрысціянскага і мусульманскага экстрэмізму. Барацьба супраць «так званай дэмакратыі» пры гэтым не перашкодзіла Гнанасары і яго давераным асобам у красавіку 2013-га наведаць ЗША з візітам дружбы — такім чынам будысцкія радыкалы паспрабавалі палепшыць свой імідж у вачах амерыканскіх палітыкаў.

Любыя спробы ўрада хоць бы намякнуць на абмежаванне дзейнасці Гнанасары і яго прыхільнікаў неадкладна выклікалі актыўныя пратэсты ББС, колькасць якой пастаянна расла. І чыноўнікі раз за разам адступалі. Скончылася ўсё гэта масавымі пагромамі ў чэрвені 2014-га. Натоўп, які ўзначальвалі будыйскія святары, рабаваў мусульманскія крамы і падпальваў машыны. Звяртаючыся да радасных пагромшчыкаў, Гнанасара абвясціў: «На нашым баку — паліцыя, якая складаецца з сінгалаў. Не трэба забываць і пра армію, якая таксама складаецца з сінгалаў».

Гнанасара паспеў запатрабаваць ад Папы Францыска выбачэнняў за «зверствы хрысціянскіх каланізатараў у Паўднёвай Азіі» і асудзіць Далай-ламу за заклік да будыстаў Шры-Ланкі і М'янмы спыніць гвалт у дачыненні да мусульман і хрысціян, пакуль нарэшце суд не выпісаў ордэр на арышт няўрымслівага манаха.

Сумная рэальнасць

«Зразумела, будысцкі тэрор — гэта сумная рэальнасць, — заявіў lenta.ru генеральны сакратар Сусветнай супольнасці будыстаў Фалоп Таіары. — На жаль, у кожнай рэлігіі ёсць свае экстрэмісты, і будызм — не выключэнне. Але і ў Бірме, і на Шры-Ланцы ўсплёск радыкалізму ў першую чаргу выкліканы племяннымі адрозненнямі і складанай палітычнай сітуацыяй у гэтых краінах».

Канфлікт паміж прадстаўнікамі дзвюх канфесій узмацняўся на Шры-Ланцы на працягу мінулага года. Будысты-фундаменталісты абвінавачваюць мусульман у прымусе людзей перайсці ў іслам і разбурэнні іх рэлігійных помнікаў. Некаторыя нацыяналісты таксама выступалі супраць прыёму Шры-Ланкой бежанцаў рахінджа, якія ўцякалі ад пераследаў у М'янме.

Як змагацца з рэлігійным тэрарызмам, пакуль незразумела, заўважаюць спецыялісты. Прымяненне войска і паліцыі не заўсёды дае патрэбны вынік: у шэрагах сілавікоў, як правіла, нямала прадстаўнікоў рэлігій, супраць радыкальнага крыла якіх яны павінны змагацца, і яны нярэдка спачуваюць экстрэмістам. Дарэчы, у Шры-Ланцы былі затрыманыя больш за 230 чалавек, якія падазраюцца ў датычнасці да гвалту ў раёне Кандзі ў цэнтральнай частцы краіны ці ў распаўсюдзе ненавісніцкіх выказванняў у інтэрнэце. Паводле афіцыйных даных, у выніку ўспышкі гвалту ў сакавіку загінулі тры чалавекі, больш за 400 жылых дамоў і крам былі разбураны, некалькі мячэцяў атрымалі пашкоджанні.

Захар БУРАК

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Сварка па-цэйлонску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».