Вы тут

Ці папулярныя сёння швейныя атэлье і каму яны па кішэні


«Мужчынскі касцюм — гэта паказчык статусу, узроўню і прэстыжу. Таму ў кожнага джэнтльмена павінны быць пінжак і штаны, якія будуць сядзець на ім нібы ўлітыя, — лічыць Ліля. — На жаль, купіць гатовы касцюм такога ўзроўню амаль немагчыма, але яго можна пашыць на заказ». Ці карыстаюцца попытам у век мас-маркета швейныя атэлье? Хто гатовы пераплачваць за ўнікальнасць і якасць? Чаму індывідуальнасць каштуе дорага? Пра гэта мы пагутарылі з Ліліяй ПАГРЫБЕНКАЙ, уладальніцай сталічнага атэлье па пашыве адзення «AltaNova».


— Наколькі запатрабаваныя сёння ў беларусаў швейныя атэлье?

— У 2013 годзе, калі мы толькі пачыналі, мае хэштэгі ў інтэрнэце «ательеминск», «пошивминск» былі першымі. Я паспела ўхапіць акаўнт у «Інстаграме» «atelіermіnsk», а гэта сур'ёзна. Для разумення: у Маскве сёння пад падобным акаўнтам «atelіermoscow» размяшчаецца старонка сусветна вядомага дызайнера Аляксандра Церыхава. У нас жа гэтая ніша на той час была свабодная. Зараз магу з упэўненасцю казаць, што з кожным годам швейных атэлье ў Беларусі становіцца ўсё больш. А гэта значыць, што попыт на іх паслугі расце. Мне здаецца, людзі стаміліся ад штампаванасці, ім захацелася індывідуальнасці. А мас-маркет не можа задаволіць гэтыя жаданні.

— А ў чым праяўляецца тая самая індывідуальнасць?

— Сёння купіць добры мужчынскі касцюм, элегантнае паліто або маленькую чорную сукенку цяжка. Чаму? Бо мы ўсе вельмі розныя і не падпадаем ні пад якія стандарты. Ведаеце, калісьці пачаць шыць для сябе прымусілі менавіта асаблівасці маёй фігуры: шырокія сцёгны, вузкая талія. А муж, напрыклад, доўгі час лічыў, што касцюм Hugo Boss, які ён купіў у Германіі за немаленькія грошы, ідэальны. Але як толькі ўбачыў, як сядзяць штаны і пінжак, якія пашыла яму я, быў шакаваны. Розніца каласальная! Вісіць зараз гэты дарагі нямецкі касцюм далёка ў шафе, чакае, пакуль гаспадар зноў яго палюбіць (усміхаецца). У 90 % выпадкаў чалавек, які адзін раз звярнуўся ў атэлье, прыйдзе туды зноў.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся ў самым пачатку работы атэлье?

— Нялёгка падабраць годны персанал. Мала хто задумваецца, але кравец-закройшчык — гэта вельмі цяжкая спецыяльнасць. У Францыі, напрыклад, час працы такога майстра каштуе 45 еўра. І гэта норма. Раней, да рэвалюцыі, гатовых сукенак амаль не было. Гэтыя адзінкі куплялі вельмі бедныя людзі. Усе астатнія шылі на заказ. Час прайшоў, стаўленне да прафесіі краўца змянілася, але яе сутнасць засталася ранейшай. Кравец, як архітэктар, які праектуе дом. Ён павінен ведаць усе этапы будаўніцтва, каб атрымаць жаданы вынік. У невялічкім атэлье кравец замяняе адразу некалькі чалавек на фабрыцы, дзе мастак — прыдумляе, канструктар — будуе, раскройшчык — раскройвае, швачка — сшывае. Дык вось такіх універсальных спецыялістаў у нашай краіне сёння вельмі мала.

— Калі праца краўца так высока цэніцца, то колькі ж тады каштуе самы просты заказ? Ці не пужаюць беларусаў гэтыя лічбы?

— Кліенты бываюць розныя (усміхаецца). Днямі патэлефанавала жанчына і проста знямела ад сумы ў 180 рублёў за пашыў сукенкі. Шмат хто, наадварот, лічыць гэтыя лічбы цалкам прымальнымі. Цяпер сярэдняя цана пашыву жаночых штаноў складае 180 рублёў, спадніцы — 150, жакета — 300, паліто — 400, пінжака — 470, мужчынскіх штаноў — 230. Гэта без уліку кошту за тканіну.

Але «палохае» нашых людзей не толькі цана. У некаторых слова «атэлье» дагэтуль асацыюецца з савецкім часам. Гэта выклікае на самыя станоўчыя эмоцыі і, на жаль, адштурхоўвае патэнцыйных кліентаў. За мяжой, напрыклад, справы з індывідуальным пашывам ідуць лепш. Нават у сусветна вядомых модных дамоў Dolce & Gabbana, Chrіstіan Dіor, Chanel ёсць свае атэлье. І іх паслугі карыстаюцца папулярнасцю. У Паўднёвай Карэі, напрыклад, мужчыны ўвогуле шыюць усе касцюмы выключна на заказ.

— Мы ўжо высветлілі, што эксклюзіўныя рэчы каштуюць даражэй, чым адзенне з мас-маркета. А за што «пераплачвае» спажывец? У чым плюсы атэлье?

— Калі вам вельмі падабаецца выраб вядомага дызайнера, але вы разумееце, што не можаце дазволіць сабе такую дарагую рэч, — атэлье вам у дапамогу. Мы зможам паўтарыць гэтыя жакет або спадніцу за зямныя грошы. Напрыклад, шыкоўнае жаночае паліто Max Mara за 1500 еўра ў нашай інтэрпрэтацыі абыдзецца ў 300 долараў. Пры гэтым у атэлье ідэальна «пасадзяць» рэч на вашу фігуру. Нельга не сказаць і пра эканомію часу. Вам не прыйдзецца бегаць па крамах у пошуках пінжака, які вы намалявалі ў сябе ў галаве. Дастаткова проста падзяліцца сваімі думкамі з майстрамі атэлье і знайсці крыху часу для прымерак. І напэўна, адзін з самых галоўных плюсаў індывідуальнага пашыву — гэта заўсёды якасная апрацоўка.

— Хто яны, вашыя кліенты?

— Калі маляваць агульны партрэт, то кліенткі атэлье — гэта жаноцкія, прыгожыя маладыя жанчыны з добрым пачуццём стылю. Сваімі работамі мы прыцягваем менавіта такіх людзей. Мне здаецца, важна, калі ты з кліентам на адной хвалі. Гэта залог поспеху. Вядома, студэнтаў сярод нашых заказчыкаў мала. У асноўным гэта людзі, якія працуюць і маюць стабільны заробак. Калі казаць пра сярэдні ўзрост, то гэта 35 гадоў.

— Як часта мужчыны звяртаюцца ў швейнае атэлье?

— Іх няшмат, але ёсць. Часцей за ўсё іх прыводзяць жонкі, якія ўжо з'яўляюцца нашымі кліенткамі. У асноўным для дужай паловы чалавецтва мы шыем штаны, паліто, пінжакі.

— Ці рацыянальна шыць адзенне на заказ для дзіцяці, якое праз пару месяцаў вырасце з гэтай сукенкі або блузкі?

— Радзей, але шыем адзенне і для дзетак. Ведаеце, яны проста не могуць выстаяць на месцы падчас прымерак! Таму матулі проста берагуць свае нервы (усміхаецца).

— Хто з кліентаў больш капрызны: жанчыны або мужчыны?

— З мужчынамі працаваць лягчэй (усміхаецца). Адназначна. Дарэчы, яны вельмі ўважлівыя і цікавяцца рознымі дэталямі ў вырабе. Жанчыны ўсе вельмі розныя, але кожная любіць прыдзірацца да сваёй знешнасці, фігуры.

— Ці навязваеце вы свой пункт гледжання заказчыку наконт той ці іншай дэталі ў вырабе? Маўляў, я прафесіянал, я лепей ведаю.

— Я ніколі не скажу чалавеку, што яму штосьці катэгарычна не падыходзіць. У першую чаргу гэта яго бачанне сябе і свайго вобраза. Тое, што мой густ і густ кліента не супадаюць, — гэта нармальна. Я магу вельмі тактычна нешта параіць, але ні ў якім разе не настойваць або пераконваць.

— Што з адзення пашыць складаней за ўсё?

— Складана ідэальна «пасадзіць» на жанчыну штаны. Сшыць іх не праблема, а вось падагнаць па фігуры — вялікае майстэрства. Гэта звязана з тым, што штаны — першапачаткова мужчынскае адзенне, не адаптаванае пад нас, дзяўчат. З прымеркамі штаны можна пашыць за 16—20 гадзін. Нялёгка працаваць з натуральным аксамітам, шыфонам, шоўкам.

— Самыя незвычайныя заказы ў вашай практыцы?

— Вой, заказваюць шмат чаго: ад спальнага мяшка да шкарпэтак. Памятаю, хлопец прасіў пашыць яму медыцынскі халат, які... будзе прыгожа развявацца пры хадзе!

— Прыходзілася адмаўляцца ад заказу з-за таго, што ён цалкам супярэчыў канцэпцыі атэлье?

— У першую чаргу атэлье павінна задавальняць жаданні кліентаў, а не рэалізоўваць амбіцыі сваіх супрацоўнікаў. Але былі выпадкі, калі адмаўлялася брацца за працу. Напрыклад, я была не гатовая шыць вульгарныя сукенкі для школьніц-выпускніц. Так, менавіта гэтыя юныя стварэнні прыходзяць з такімі запатрабаваннямі, што няма слоў. Не падымаецца ў мяне рука сапсаваць іх прыродную прыгажосць няўдалымі, мякка кажучы, уборамі.

— Што, як уладальніца атэлье, вы параіце беларусам пры выбары адзення?

— Я звярнуся да дзяўчат: прыгледзьцеся да сукенак. Гэта ж так па-жаноцку, вытанчана і прыгожа! Я разумею, што сучасны рытм жыцця патрабуе красовак і світараў, але ўсяму сваё месца. Увогуле, не трэба слепа ісці за модай. Слухайце сябе і сваё ўнутранае «я», каб у любым адзенні адчуваць сябе ўпэўнена.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Шырспажыў ці індпашыў?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.