Вы тут

Што такое капсульны гардэроб?


Дызайнеры і стылісты любяць ужываць гэта паняцце і атаясамліваць яго са зручнасцю і функцыянальнасцю. Разбіраемся, у чым перавагі такога гардэробу і як яго скласці самастойна.


Капсула — гэта набор рэчаў, якія лёгка камбінуюцца між сабой па стылі і колеры. Якія плюсы? Па-першае, не трэба кожны раз ламаць галаву, у чым пайсці на работу, па-другое, пазбегнеце непатрэбных пакупак. У шафе не будзе блуз і спадніц, якія вы некалі купілі, але так ні разу і не надзелі, бо яны ні з чым не спалучаюцца.

Паняцце «капсульны гардэроб» не новае: яно з'явілася яшчэ ў 1970-х гадах. Увяла яго ўладальніца лонданскага буціка адзення Сюзі Фо. А ў 1985 годзе амерыканскі дызайнер Дона Каран выпусціла капсульную калекцыю ў дзелавым стылі, якая называлася «7 простых рэчаў», і паказала, як па-рознаму іх можна камбінаваць. У спісе былі вадалазка-бодзі, блуза, спадніца, жакет, штаны, сукенка і паліто.

Капсульны гардэроб не тое самае, што базавы. «Базай» лічацца нейтральныя і ў асноўным класічныя рэчы на любы выпадак. У капсуле ж, акрамя гэтага, могуць быць навамодныя элементы адзення. Плюс яна збіраецца для пэўнай сферы жыцця — напрыклад, для работы ці актыўнага адпачынку.

Колькі ж капсул спатрэбіцца? Каб адказаць на гэта пытанне, прааналізуйце свой тыдзень: як вы праводзіце час? Напрыклад, у будныя дні сядзіце ў офісе, па выхадных наведваеце тэатр і сустракаецеся з сябрамі ў кавярнях. Для кожнай сферы — свой набор. Трэба таксама ўлічваць сезоннасць. Пры гэтым некаторыя прадметы адзення могуць фігураваць адразу ў некалькіх капсулах.

— У капсуле павінна быць ад 10 да 15 рэчаў, уключаючы абутак і аксесуары. Усё індывідуальна і залежыць ад персанальных мэт і фінансавых магчымасцяў, — кажа імідж-стыліст Вольга ЯКУШАВА. — У ідэале ўсе гэтыя прадметы адзення павінны спалучацца між сабой і быць узаемазамяняльнымі і ўзаемадапаўняльнымі. Ёсць правіла: на адзін ніз (спадніца, штаны, джынсы) мусіць быць мінімум тры вярхі (топы, кашулі, світары). Тады вы нашмат часцей будзеце выглядаць па-новаму ў вачах іншых людзей.

Пры складанні капсулы рэкамендуюць спачатку набываць сукенкі, потым спадніцы і штаны, затым блузы і джэмперы і толькі ў апошнюю чаргу абутак, сумкі і аксесуары. Гэта ў тэорыі. Але, заўважае Вольга Якушава, практыка паказвае, што такі алгарытм дзеяння патрабуе значных часавых затрат. Таму лепш спачатку распрацаваць спіс неабходных пакупак і выбіраць рэчы ў адпаведнасці з ім. Калі першым знаходзіце патрэбнае вам паліто ці аксесуар, то набываеце яго тут і цяпер. Можна загадзя зрабіць сабе шпаргалку з карцінкамі.

Калі ў вашай шафе і так дастаткова адзення, паспрабуйце сабраць капсулы з таго, што ўжо ёсць. І дакупіць толькі элементы, якіх не хапае.

Капсулу лепш складаць з трох-чатырох адценняў, а не з двух: так яе варыятыўнасць павялічваецца. Але гэта няпростая задача.

— Аксесуары ў кожнага будуць свае. Што менавіта, будзе залежаць ад вашай знешнасці, ладу жыцця і стылявых пераваг, — дадае Вольга Якушава. — Памятайце правіла: адно ўпрыгажэнне павінна быць у верхняй зоне (вушы, шыя) плюс другое — у ніжняй (запясце, пальцы). Але акцэнтным мусіць быць толькі адно з іх.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Чароўная таблетка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.