Вы тут

Якой будзе пастаноўка па кнізе Андруся Горвата «Радзіва «Прудок»


Тое, што Купалаўскі тэатр плануе паставіць спектакль па кнізе Андруся Горвата «Радзіва «Прудок» — даўно не навіна. Але ў мінулую пятніцу купалаўцы запрасілі ў сваю малую залу самога аўтара бестселера, генеральнага партнёра пастаноўкі — кампанію velcom і паспрабавалі праз адсылкі да космасу расказаць журналістам, што гэта будзе. У выніку аказалася, што і рэжысёр — Раман Падаляка — і ўсе тры акцёры, якія будуць удзельнічаць у праекце, дакладна нічога не ведаюць, бо намацванне спосабу ўвасобіць на сцэне нашумелую кнігу яшчэ ў працэсе, а «калі ты нешта ведаеш упачатку, гэта часцей за ўсё памылкова». Так ці інакш, прэм'ера павінна адбыцца 16 мая, і ў будучых гледачоў ёсць час прачытаць альбо перачытаць «Радзіва «Прудок».


Мікрафон у Андруся Горвата.

Не ведаю, наколькі гэта інфармацыя важная, але прынамсі займальная: пару гадоў таму Андрусь Горват, які праславіўся тым, што з'ехаў са сталіцы ў вёску Прудок, завёў казу, пачаў публікаваць кароткія тэксты пра вясковыя «кур'ёзы» ў «Фэйсбуку», а ў выніку напісаў папулярную кнігу «Радзіва «Прудок» — дык вось, пару гадоў таму ён працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры.

Праз нейкі час, а дакладней 23 сакавіка, ён сядзіць у малой зале тэатра перад натоўпам журналістаў як аўтар бестселера, па якім ставіцца спектакль, і кажа, што ўсё гэта не падаецца яму праўдай. «Я дагэтуль больш адчуваю сябе дворнікам Купалаўскага тэатра. У мяне такое адчуванне, што я сюды прыходжу, а ў мяне тут нейкі юбілей — усе так радасна сустракаюць, нейкія важныя падзеі адбываюцца...»

Будучая пастаноўка, дзе Андрусь Горват — галоўны канструктар, Раман Падаляка — той, хто вызначае дырэкторыю палётаў, а акцёры — касманаўты, адбудзецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі. Яе месцам стане тая ж малая зала Купалаўскага, а сыграюць герояў кнігі «Радзіва «Прудок» тры выканаўцы — Святлана Анікей, Дзмітрый Есяневіч і Міхаіл Зуй, які стане ўласна сцэнічным увасабленнем самога аўтара кнігі. Касманаўтам, альбо, як іх прадставіў Раман Падаляка, «адным з найлепшых акцёраў галактыкі», прыйдзецца выконваць у спектаклі адразу некалькі роляў.

«На пэўны час эксперыментальная сцэна Купалаўскага тэатра ператворыцца ў цэнтр кіравання палётамі, бо мы запланавалі вельмі рызыкоўнае, але цікавае падарожжа на планету Прудок. Калі ўсё будзе добра, спадзяёмся, мы паспяхова прызямлімся там 16-17 мая, адчуем гравітацыю і зямлю пад нагамі».

Міхаіл Зуй.

Цікава, што «Радзіва «Прудок» ужо не першы раз фігуруе ў праектах кампаніі velcom. У першую чаргу яно было названа адной з чатырох самых цікавых кніг для публікі ў праекце Movabox. А потым у фестывалі мабільнага кіно Smartfіlm Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў вельмі займальны, крыху тэатральны ролік «Ягор», пастаўлены па адным з эпізодаў «Радзіва». Рэжысёрам яго, дарэчы, быў Раман Падаляка, а акцёрамі — купалаўцы. Сам Андрусь Горват, па яго словах, паглядзеў «Ягора» разоў семдзесят. «Гэта вельмі крутая работа, я першы раз не паверыў проста, потым добра прыгледзеўся... Ну, я ў неверагодным захапленні ад таго, што купалаўцы адчулі тое, што нават я, можа быць, не да канца зразумеў. У мяне быў, па сутнасці, такі чарнавік, а яны неяк глыбей капнулі і паказалі тое, чаго я ў сваім тэксце не бачыў. Яны ніяк яго не сапсавалі, не ўнеслі ніякіх супярэчнасцяў, сябе туды дадалі, гэта ўвогуле крута».

Такое меркаванне «галоўнага канструктара» якраз пацвярджае словы Рамана Падалякі пра тое, што аўтары пастаноўкі з аўтарам кнігі знаходзяцца на адной касмічнай хвалі, калі першыя разумеюць, што хацеў сказаць другі. «Андрусь даў нам нейкі карт-бланш для таго, каб рабіць усё так, як нам здаецца патрэбным, каб мы нават мянялі тое, што ёсць у кнізе, месцамі, перастаўлялі і так і сяк...»

Таму, не ведаючы амаль нічога дакладнага пра будучы спектакль, але будучы заінтрыгаванай планетай Прудок, узаемапаразуменнем аўтараў і смешным мабільным фільмам «Ягор», публіка чакае прэм'еры. Урэшце, гэта сапраўды цікава: як даволі спецыфічная структура папулярнай кнігі ўвасобіцца ў тэатральнай форме.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Космас, радзіва, каза

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Грамадства

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. 

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.