Вы тут

Як Беларусь рыхтуецца да ІІ Еўрапейскіх гульняў?


Прадстаўнікі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў краін Старога Свету азнаёміліся з ходам падрыхтоўкі да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Гэты візіт — першы з трох запланаваных, наступныя сустрэчы намечаны на ліпень і снежань бягучага года.


Першы дзень насіў у асноўным выязны характар. Дэлегаты з Еўропы наведалі шэраг спартыўных аб'ектаў, якія прымуць спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама азнаёміліся з умовамі пражывання атлетаў у Вёсцы спартсменаў.

Георгій Катулін, дырэктар фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» адзначыў, што гэты дзень адчыненых дзвярэй — вельмі важны момант для ўсяго арганізацыйнага камітэта і перш за ўсё для каманды, якая ўцягнута ў практычную працу. «Мы атрымалі ацэнку з вуснаў людзей, якія прафесійна займаюцца падрыхтоўкай сваіх камандаў. Скажам так, гэта не чыноўнікі ці палітыкі, тыя, хто трымаецца пэўнага этыкету. Яны глядзяць канкрэтна — у якіх умовах будуць выступаць спартсмены, як яны будуць харчавацца, адпачываць, які транспарт будзе іх дастаўляць на аб'екты і што ўвогуле іх чакае ў горадзе правядзення Гульняў. З гэтага пункту гледжання мы можам быць задаволеныя, паколькі ацэнкі, якія прагучалі і з вуснаў экспертаў, і з вуснаў удзельнікаў семінара, такія, што аргкамітэтам зроблены сур'ёзны крок наперад і па многіх напрамках мы прыкметна прасунуліся. Таксама мы пачулі канкрэтныя парады па паляпшэнні пэўных аспектаў нашай працы, яны былі дастаткова вузкаспецыялізаваныя і датычыліся пэўных рэчаў, якімі будуць карыстацца ў першую чаргу спартсмены».

Георгій Катулін адзначыў, што ўдзельнікі пасля азнаямлення са спартыўнымі аб'ектамі выказалі ўпэўненасць у тым, што спаборніцтвы будуць праведзены на высокім узроўні. Многія з дэлегатаў былі ўпершыню ў Мінску, і іх уразіла прыгажосць нашага горада, шырокія праспекты, транспартная сістэма, адсутнасць затораў. Асабліва ім спадабаўся брэндаваны аўтобус і мноства рэкламы ў горадзе, нягледзячы на тое, што да Гульняў яшчэ крыху больш за год.

Другі дзень адчыненых дзвярэй для дэлегатаў НАК Еўропы пачаўся з сумеснага пасяджэння з прадстаўнікамі Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў і Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Сустрэчу адкрыў Юрый Важнік — кансультант дырэкцыі па пытаннях транспартнага забеспячэння, які расказаў пра ўнікальнасць Гульняў для Мінска з пункту гледжання арганізацыі транспартнага забеспячэння ўдзельнікаў і гасцей спартыўнага форуму. Дэлегатам былі прадстаўлены прэзентацыі па напрамках «Мытнае рэгуляванне», «Допінг-кантроль», «Медыцынскае абслугоўванне», «Забеспячэнне пратакола», «Прасоўванне Гульняў і камунікацыя», а таксама «Работа валанцёраў», «ІT» і «Маркетынг». Кіраўнікі галін падрыхтавалі справаздачныя выступленні па сваіх функцыях, расказалі пра вынікі працы і падзяліліся найбліжэйшымі планамі.

Макіс Асімакопулас, спартыўны кансультант ЕАК, адзначыў прагрэс, які назіраецца ў падрыхтоўцы да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. «За 14 месяцаў да пачатку такой маштабнай падзеі многія напрамкі ўжо дэталёва прапрацаваны. Шмат у чым гэта становіцца магчымым дзякуючы павелічэнню штату аперацыйнага камітэта і прыцягненню прафесійных кадраў, здольных вырашаць задачы самай высокай складанасці. Правядзенне Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе — выдатная магчымасць для Беларусі заявіць пра сябе на міжнароднай, у тым ліку спартыўнай, арэне, умацаваць свой імідж як сучаснай дзяржавы. З боку Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў намі будзе аказана ўся неабходная дапамога для паспяховай рэалізацыі такога значнага для краіны праекта»

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Дзень адчыненых дзвярэй для дэлегатаў з Еўропы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.