Вы тут

У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная вясне


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, што па вуліцы Някрасава, 3, распачала сваю работу выстаўка «Вясна, кветкі і пацалункі, або Вясновая ліхаманка», на якой прадстаўлены работы з музейнай калекцыі цэнтра.


Карціна Ганны СІЛІВОНЧЫК

Вясновая ліхаманка ахоплівае заўсёды нечакана, незалежна ад нашай волі, паступова падбіраючыся ў канцы лютага, а з пачаткам каляндарнай вясны выклікае ўстойлівы, вельмі адчувальны неспакой. З усёй жа настойлівасцю ліхаманка апаноўвае нас бліжэй да сярэдзіны красавіка, калі «гракі прыляцелі» і сонца выдатна і няўмольна раскідвае свае прамяні, абуджаючы невытлумачальныя пачуцці і нявыказаныя жаданні.

Дык чаго ж мы чакаем ад вясны? Чым яна так прыцягальная? І без чаго вясна немагчымая? Гэту пару цяжка сабе ўявіць без кветак — пачынаючы з восьмасакавіцкіх мімоз і цюльпанаў, што сціпла выглядваюць з кардонных скрынак у падземных пераходах. Па меры абуджэння прыроды да іх далучаюцца пралескі, ландышы, крокусы, бэз. Апошняя кветка — улюбёны матыў многіх беларускіх мастакоў. Яе не раз малявалі Барыс Аракчэеў, Леанід Шчамялёў, Віталь Цвірко, Святлана Каткова, Ігар Бархаткоў, з маладых — Васіль Пяшкун і іншыя жывапісцы, верныя эстэтычнай пазіцыі рэалізму.

Адзін з удзельнікаў выстаўкі, Уладзімір Зінкевіч, так акрэсліў сваё адчуванне вясны:

— Поры года і межы жанраў змяняюцца. Але кожны раз, беручы ў рукі чыстае белае палатно, ты поўны надзеяў стварыць нешта дзівоснае, новае і значнае. Так і вясна — яна дае свежыя эмоцыі. Мы разлічваем на пачатак новага шляху, які прывядзе нас да поспеху, шчасця... і чагосьці нечаканага.

Пагадзіцеся, вясну складана ўявіць без рамантычных пачуццяў, спатканняў і пацалункаў. Менавіта гэтай парой здараюцца самыя яркія і незабыўныя сустрэчы, адраджаюцца трохі пазабываныя пачуцці да знаёмага, блізкага чалавека. Каму, як не мастаку, гэтаксама як і паэту, музыканту, рэжысёру, харэографу, выразнымі сродкамі мастацтва дадзена перадаць невымоўнае? Прадстаўленыя на выстаўцы аўтары, сярод якіх Васіль Касцючэнка, Уладзімір Кожух, Аляксандр Ксяндзоў, Руслан Вашкевіч, Антаніна Слабодчыкава, Ганна Сілівончык, у сваёй творчасці даследуюць такую крыху эфемерную сферу.

— У гэты чароўны час натхнення і надзей, калі ў прыродзе ўсё буяе, актыўна відазмяняецца, пачынае размнажацца і пладзіцца, чалавек таксама адчувае прыліў сіл, энергіі і выбух пачуццяў, — разважае мастачка Ганна Сілівончык. — Здаецца, што табе ўсё пад сілу і ты можаш змяніць і сябе, і ўвесь свет, перавярнуць горы, выпіць мора, дацягнуцца да зорак. Але потым раптам надыходзіць лета і ўвесь энтузіязм паглынае блажэнная ленасць і пяшчота гарачых дзён. За імі прыходзяць восеньская туга і зімовая спячка. І ты разумееш, што зноў нічога не паспеў і не ўчыніў. Але варта падзьмуць вясноваму ветру — і ўсё паўтараецца. Чалавек ізноў акрылены і ўзбуджаны, поўны самых смелых мар і грандыёзных планаў. Вось такі вечны кругазварот.

Вясну можна любіць ці не любіць, але яна наўрад ці каго-небудзь пакідае абыякавым. І зноў з году ў год мы яе чакаем — з надзеяй, прадчуваннем шчасця, чаканнем нечага цудоўнага і фантастычнага.

— Якой бы доўгай, халоднай ці цёплай, белай ці не вельмі ні была зіма, надыходзіць момант, калі ў паветры з'яўляецца няўлоўны пах, — заўважае мастачка Таццяна Грыневіч. — Пах надзеі, пах свежасці і прыгажосці, пах кахання, пах нейкай няўмольнай прыроднай сілы — гэта пах вясны. Менавіта ў гэты час для мяне пачынаецца вясна. Магія гэтага паху распаўсюджваецца скрозь. Судакрануўшыся з маім сэрцам, ён усяляе глыбокую ўпэўненасць у тым, што цуд існуе, а мары спраўджваюцца.

Выстаўка будзе працаваць да 21 красавіка. Варта завітаць, калі вы яшчэ не адчуваеце вясну, калі хочаце адкрыць для сябе па-новаму гэты час і, вядома ж, убачыць яго самыя яркія фарбы на палотнах мастакоў.

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: Што абуджае вясна?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».