Вы тут

Прэзідэнт наведаў Дзяржынскі раён


Як працуе сучасны малочнатаварны комплекс і дзе вырабляюць сапраўдную чорную ікру, паглядзеў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Для гэтага кіраўнік дзяржавы накіраваўся ў Дзяржынскі раён. Там на тэрыторыі агракамбіната «Дзяржынскі» знаходзіцца малочнатаварны комплекс «Вязанка», які працуе па сучаснай безадходнай тэхналогіі. Пакуль ён адзіны такі ў краіне. Другім пунктам стала аквакультурная гаспадарка Аdmіrаl Hussо ЗАТ «ДГ-Цэнтр». Тут вырошчваюць асятроў і здабываюць тую самую каштоўную чорную ікру.


Перш чым паглядзець вытворчасць, кіраўнік дзяржавы выслухаў, у якім стане зараз знаходзіцца сельская гаспадарка краіны. Як заўсёды цікавіўся праблемамі і планамі ў галіне. Наконт малочнатаварнага комплексу «Вязанка», які наведаў Прэзідэнт, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц растлумачыў журналістам, што тэхналогіі, якія на ім выкарыстоўваюцца, дазваляюць ствараць больш бяспечныя і камфортныя ўмовы для жывёл, прадухіляючы захворванні. Аляксандр Лукашэнка ўпэўніўся, наколькі добра вядзецца кантроль на прадпрыемстве, наведаўшы лабараторыю.

Пры гэтым было зноў узнятае пытанне паставак малака ў Расію. З 31 сакавіка Рассельгаснагляд забараняе пастаўку малочнай прадукцыі трох беларускіх прадпрыемстваў. Падчас рабочай паездкі ў Дзяржынскі раён Аляксандр Лукашэнка даручыў шукаць новыя рынкі збыту. «Што датычыцца экспарту, шукайце іншыя рынкі. Калі Расія нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж, сустрэнемся з Прэзідэнтам (Расіі. — Аўт.) пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ходам выканання раней намечаных планаў па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэту пяцігодку ўсё павінна быць завершана. Таксама кіраўнік дзяржавы нагадаў пра даручэнне па будаўніцтве сянажных траншэй для забеспячэння захаванасці кармоў. Работу ў гэтым кірунку Прэзідэнту паабяцалі завяршыць ужо сёлета да ўборкі кукурузы.

У выніку Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў малочнатаварны комплекс, адзначыўшы, што кошт яго — каля $6,5 млн — прымальны. Далей кіраўнік дзяржавы наведаў аквакультурную гаспадарку Аdmіrаl Hussо ЗАТ «ДГ-Цэнтр».

На прадпрыемстве займаюцца вытворчасцю натуральнай чорнай ікры традыцыйным забойным метадам і з мінімальнай колькасцю солі, акрамя таго, вырабляюць прадукты з асятрыны. Прэзідэнту падрабязна расказалі пра тэхналогію вырошчвання рыбы і атрымання ікры, паведамілі пра работу прадпрыемства і планы па пашырэнні вытворчасці. Аляксандр Лукашэнка сам прадэгуставаў прадукцыю.

Кіраўнік ЗАТ «ДГ-Цэнтр» Уладзімір Даўгяла расказаў журналістам, што чорная ікра з Беларусі пастаўляецца і ў прыкаспійскія, і ў еўрапейскія краіны, і нават за акіян — у Канаду. Акрамя таго, яе высока ацанілі і «мішленаўскія» кухары.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Прадуктовыя сакрэты Дзяржыншчыны

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.