Вы тут

Як праходзіць праверка войск пад Барысавам


Ва Узброеных Сілах Беларусі працягваецца праверка баявой гатоўнасці.

Яна праводзіцца Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі па даручэнні Прэзідэнта. Нагадаем, што каля 2 тысяч ваеннаабавязаных грамадзян Беларусі адправіліся на зборы ў адно са злучэнняў Барысаўскага гарнізона. Карэспандэнты «Звязды» наведаліся туды і паглядзелі на свае вочы, як салдаты, сяржанты і афіцэры рыхтаваліся да правядзення маршу на 227-ы агульнавайсковы палігон.


Сваю работу разгарнуў перасоўны інфармацыйны цэнтр. Фактычна гэта — сучасная рэдакцыя, якая можа вельмі хутка перадыслакавацца ў любы пункт.

— Тут мы робім мантаж відэаролікаў, вярстаем і друкуем плакаты і штодзённую двухпалосную газету «Гвардзейская праўда», — кажа начальнік інфармацыйнага цэнтра Аляксандр Уласкін. — І ўсё гэта сіламі чатырох чалавек! Тыраж — ад 50 да 100 экзэмпляраў. Яна карыстаецца вялікім попытам. Мы раздаём газету па падраздзяленнях.

Тое, што ў іх адбываецца, і становіцца тэматыкай публікацый. Гэта заняткі, вучоба, работа на тэхніцы, стрэльбы... Але большасць публікацый прысвечана людзям. Усё-такі цікава ж ведаць, з кім ты выконваеш баявыя задачы на працягу месяца. І самі прызваныя цікавяцца, што ж адбываецца ў іншых падраздзяленнях. Псіхалагічны настрой — вельмі важны складнік.

— Павестка прыйшла нечакана, — кажа старшы афіцэр, старшы лейтэнант запасу Аляксандр Кавалеўскі. — Першыя зборы былі даўно, пасля ўніверсітэта і ваеннай кафедры. Гэта каля двух дзясяткаў гадоў таму. Але асабіста для мяне перастроіцца на вайсковы лад было лёгка. Я захапляюся паляваннем, рыбалкай, паходамі. Таму жыць у экстрэмальных умовах і абыходзіцца са зброяй для мяне не ў навінку. Штодня стэлефаноўваюся з сям'ёй, таму «адарваным» ад грамадства сябе не адчуваю.

«Цвіком» нумара, які рыхтаваўся пры нашым наведванні, стала зняцце баявой тэхнікі з захоўвання, падрыхтоўка асабовага складу да выхаду ў раён сканцэнтравання і здзяйснення маршу. У гатоўнасці нумар адзін — і медыкі. Перад пастраеннем і інструктажом паспяваем пагутарыць з лейтэнантам медыцынскай службы запасу Ільёй Вараб'ёвым. Яшчэ нядаўна ён працаваў урачом-хірургам 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Дома яго чакаюць жонка і малое дзіця.

— Гэта мае першыя зборы, хоць мне і трыццаць гадоў. Па ваенна-ўліковай спецыяльнасці я старшы ардынатар хірургічнага аддзялення асобнага медыцынскага атрада. Гэтыя навыкі пакуль што выкарыстоўваць не даводзілася.

Апошнія прыгатаванні да выхаду ў раён сканцэнтравання — і ў танкістаў. Байцы аглядаюць тэхніку, правяраюць яе на спраўнасць. Да нас спускаецца камандзір танка Вадзім Пісьмянкоў.

— За плячыма ў мяне служба ў войску. Я быў наводчыкам танка. А цяпер вось стаў камандзірам. Адказнасці стала больш — трэба арганізаваць зладжаную работу ўсяго экіпажа. Тры гады і чатыры месяцы прайшло ад часу дэмабілізацыі, як я зноў апрануў форму і шлем. Адзінае што — цяжкавата прывыкнуць да абстаноўкі, хоць я тут і дзесяць дзён ужо. Усё-такі прафесія ў мяне не зусім ваенная — я займаюся ўстаноўкай ахоўнай сігналізацыі.

Заканчваюць падрыхтоўку і спецыялісты проціпаветранай абароны. Ім давядзецца перамяшчацца на зенітным ракетна-пушачным комплексе «Тунгуска». Пасля выстройвання паходнай калоны іх чакае марш на палігон. Экіпажам камандуе старшы сяржант запасу Павел Пруднік.

— За дваццаць гадоў, якія прайшлі з часу службы ў войску, мяне на зборы не прызывалі. Але адметна, што і ў 90-я я служыў на гэтай жа тэхніцы. Таму пытанне проста ў тым, што трэба ўсё ўспомніць як мага хутчэй. Гэта ж як на веласіпедзе — хоць ты не катаўся доўгі час, але, як кажуць, «рукі памятаюць». Экіпаж, у якім 4 чалавекі — я, механік, наводчык і старшы аператар, — у нас вельмі сяброўскі, мы «скантачыліся» літаральна за некалькі гадзін. Тым больш што нас адразу і размеркавалі па экіпажах. За дваццаць гадоў харчаванне палепшылася значна. Таму жонка не скажа, што я схуднеў (смяецца).

А непасрэдна на 227-м агульнавайсковым палігоне разгарнуўся асобны медыцынскі атрад. Яго складаюць больш за 40 жанчын з ліку ваеннаслужачых запасу. Ён прызначаны для медыцынскага забеспячэння ваеннаабавязаных падчас палявога выхаду.

А пакуль што дзяўчаты абжываюць палаткі. Яны носяць дровы, ствараюць утульную абстаноўку ўнутры часовага жытла на два тыдні. Але займаюцца яны ў грамадзянскім жыцці не толькі лекаваннем хворых. Напрыклад, медсястра Кацярына Гурыновіч вельмі трапна страляе, як з пнеўматычнай зброі, так і з пісталета Макарава.

У тэму

Палкоўнік Сяргей Валько, намеснік начальніка ўпраўлення эксплуатацыі, рамонту, узбраення, ваеннай тэхнікі Узброеных Сіл:

— Бранятэхніка ваеннаабавязанымі знята з захоўвання. На яе ўжо пастаўлены кулямёты, загружаны матэрыяльныя сродкі. Аўтамабільныя падраздзяленні адбылі ў раён сканцэнтравання. На наступны дзень калона здзейсніць марш да 227-га палігона. Там мы правядзём стрэльбы і праверым гатоўнасць да далейшага выканання задач.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Рукі памятаюць!»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.